Вы тут

Час хурмы, мандарынаў і... лістападаўскіх клубніц


Да Новага года яшчэ цэлы месяц, але прылаўкі, заваленыя хурмой ды мандарынамі — галоўнымі вітаміннымі прысмакамі зімовага сезона — ужо ствараюць святочны настрой. Сярэдні кошт вялікіх цвёрдых пладоў сорта «какі» складае 29 тысяч за кілаграм. Некаторыя прадаўцы аддаюць «веліканаў» і па 35 тысяч рублёў — эквівалент кілаграма памелы альбо перцу. Калі ж вы аматар «шакаладнага каралька», то кілаграм смакоцця аблегчыць ваш кашалёк на 26 тысяч рублёў. Будзьце ўважлівымі: мне прапаноўвалі ўзбекскіх «каралькоў» у два разы танней, але глядзець на гэтых пабітых жыццём «сірот» не хацелася.

Ужо з'явіліся фейхоа — багатыя ёдам плады са смакам, падобным на мікс суніц, ананасаў і ківі. За кілаграм невялікіх зялёных «ягад» просяць 50 тысяч рублёў. За такую ж суму можна набыць паўтара авакада ці кіло грэцкіх арэхаў у шкарлупінах. Прастуду многія з нас выганяюць з дапамогай лімона. Кілаграм вітаміну C у цвёрдай абалонцы будзе каштаваць вам ад 25 да 32 тысяч рублёў. Даўкія грэйпфруты аддаюць па 55 тысяч рублёў за кіло. Салодкія мандарыны без костачак лепш выбіраць уважліва: іх сярэдні кошт не перавышае 26 тысяч рублёў, хоць можна адшукаць той жа прадукт і па 23 тысячы рублёў. Кілаграм апельсінаў без костачак каштуе на 9 тысяч даражэй. Варыянт з костачкамі абыдзецца вам у 28 тысяч рублёў за кіло. Самая бюджэтная заморская садавіна — гэта бананы. Іх максімальная цана — 17 тысяч рублёў за кілаграм.

На двух прылаўках раскінуліся журавіны — кіло за 38 альбо 42 тысячы рублёў. Шыкоўныя вялізныя гранаты ідуць у сярэднім па 28-35 тысяч за кілаграм. Дарэчы, за тыя ж грошы прапануюць і айчынныя «бэры», і ківі. Каля латка з ананасамі мне прачыталі невялікую лекцыю. Калі ўсе плады на выгляд амаль аднолькавыя, дык чаму на цэнніках бачу лічбы 35, 40, 50, 60 і 80?

— У нас засталося некалькі штук са старой партыі — іх аддаём па
40 тысяч рублёў за кілаграм. З новай партыі ёсць па 65 і 85 тысяч рублёў за кіло. Невялікія, але дужа салодкія — забірайце кілаграм за 50 тысяч рублёў. Маем і зусім маленькія, так званыя, бэбі-ананасы жоўтага колеру, але сёння не выкладвалі на прылавак, — тлумачыць шчодрая на словы прадаўшчыца.

Разабраўшыся з ананасамі, кідаю позірк на латкі з ягадамі. Чаго тут толькі няма! Ажыны мексіканскія — 150 тысяч за кілаграм. Жадаеце клубніц? Калі ласка, забірайце кілаграм галандскіх за 250 тысяч рублёў. Альбо кіло айвы за 85-100 тысяч рублёў. Надзівіўшыся на ягады па суперкоштах, вяртаюся да прылаўкаў з айчыннай садавіной. Беларускія яблыкі розных сартоў можна набыць па 12-25 тысяч рублёў.

Буракі і моркву прадаюць прыкладна па адным кошце — 10 тысяч за кілаграм. Бульба ёсць і па 5, і па 7 тысяч рублёў. Капусту можна набыць па 7-8 тысяч рублёў, квяцістую — за 15, а брокалі — за 30. Зяленіва — пятрушка, цыбуля, базілік, кроп — па 10 тысяч за 100-грамовы пучок. Цыбуля ідзе па 7-12 тысяч рублёў за кіло, чырвоная салодкая стане вашай за 35 тысяч рублёў. Напрыканцы шпацыру бойкая прадаўшчыца ўгаворвае ўзяць кавалак салодкага гарбуза — усяго 25 тысяч за кілаграм, хаця, па яе словах, яе калегі менш як за трыццатку свой тавар не аддаюць. Чаму б не ўзяць для восеньскага супчыку?

Лічыльнік «Звязды»
(кошты за кілаграм, калі не пазначана іншае)

Сала хатняе салёнае — 110-145 тыс.

Сала несалёнае — 100 тыс.

Сальцісон «святочны» — 70 тыс.

Грудзінка свіная па-сялянску — 130 тыс.

Паляндвіца — 180-240 тыс.

Бужаніна (філе) — 95 -100 тыс.

Фарш (свініна-цяляціна) — 63 тыс.

Мяса труса — 120 тыс.

Сасіскі з мяса птушкі — 46 тыс.

Каўбаса «Доктарская» — 90 тыс.

Кураня бройлернае — 29-30 тыс.

Сёмга слабасалёная — 450 тыс.

Селядзец слабасалёны — 50-55 тыс.

Алей рафінаваны (0,9 л) — 23-25 тыс.

Грэчка (700 г) — 12 тыс.

Яйка курынае Д-1 (дзясятак) — 17 тыс.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.