Вы тут

Сказаць глабальнаму пацяпленню «Стоп!»


Да 2030 года ў нашай краіне плануецца знізіць выкіды парніковых газаў на 28% ад узроўню 1990 года.

Канферэнцыя Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па змяненні клімату распачала сваю працу ўчора ў Парыжы (Францыя). На працягу дванаццаці дзён прадстаўнікі розных краін будуць абмяркоўваць і дапрацоўваць новае міжнароднае кліматычнае пагадненне. Сваю пазіцыю па гэтым пытанні прадставіць і беларуская дэлегацыя.

1-31

— Беларусь падтрымлівае калектыўныя намаганні бакоў Рамачнай Канвенцыі ААН «Аб змяненні клімату» па дасягненні асноўнага арыенціра бягучага стагоддзя — недапушчэння павышэння сярэднесусветнай тэмпературы больш чым на 2°С у адносінах да даіндустрыяльнага перыяду, — расказала першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія МАЛКІНА. — У Парыжы наша краіна плануе прадставіць свае магчымыя нацыянальна-вызначаныя ўклады ў гэтыя намаганні і прыняць на сябе абавязацельства забяспечыць да 2030 года скарачэнне выкідаў парніковых газаў не менш як на 28% ад узроўню выкідаў 1990 года без уліку выкідаў і сцёкаў парніковых газаў у сектары «Землекарыстанне, змяненне землекарыстання і лясная гаспадарка».

Мяр­ку­ец­ца, што між­на­род­ны да­га­вор у 2020 го­дзе за­ме­ніць дзей­ны Кі­ёц­кі пра­та­кол, бу­дзе ра­мач­ным, уста­но­віць агуль­ныя пра­ві­лы доў­га­тэр­мі­но­вых дзе­ян­няў для ўсіх кра­ін.

Будучыня — за нізкавугляроднай эканомікай?

Па словах Іі Малкінай, на долю Беларусі прыпадае менш за 0,01% сусветных выкідаў парніковых газаў. Разам з тым наша краіна выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы па Кіёцкім пратаколе — яна на трэць скараціла выкіды ў параўнанні з 1990 годам пры рэальным росце ВУП за гэты перыяд у два разы.

За 1995-2012 гады вугляродаёмістаць эканомікі краіны знізілася ў 3,9 раза. Па сутнасці, Беларусь мае адно з самых нізкіх значэнняў вугляродаёмістасці энергетычнай сістэмы ў Еўропе — каля 0,3 т у эквіваленце СО2 на вытворчасць 1 МВт·г цеплавой і электрычнай энергіі і наблізілася па гэтых паказчыках да такіх краін, як Японія і ЗША.

Паводле новага дакладу ААН аб змяненні клімату, 70% энергіі спажываюць гарады, дзе фарміруецца прыкладна столькі ж выкідаў. І ў наступныя 15 гадоў гарадское насельніцтва ў свеце значна павялічыцца. На думку экспертаў ААН, такая перспектыва павінна стаць штуршком для ўкаранення стратэгіі нізкавугляроднага развіцця гарадоў, паўсюднага выкарыстання энергаэфектыўных тэхналогій і чыстага транспарту.

— Ужо сёння відавочна, што праекты, якія характарызуюцца высокімі ўдзельнымі выкідамі парніковых газаў, паступова адыходзяць на другі план, фінансавыя і інвестыцыйныя структуры перастаюць укладваць у іх грошы, — падкрэсліў намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Мінпрыроды Андрэй ПІЛІПЧУК. — У сувязі з гэтым ўсё большая ўвага і фінансавыя рэсурсы будуць накіроўвацца на развіццё аднаўляльных крыніц энергіі — ветру, сонца, біягазу і, магчыма, біямасы.

Прыстасавацца да змен дапаможа... бізнес

Акрамя пытанняў скарачэння выкідаў парніковых газаў удзельнікі канферэнцыі разгледзяць таксама і спосабы адаптацыі да змянення клімату і звязаных з ім негатыўных наступстваў, магчымай фінансавай дапамогі краінам, якія развіваюцца.

— Пакуль дакладна не вызначана, якім чынам будзе вырашацца апошняе пытанне, але існуе трэнд, згодна з якім краіны павінны будуць знаходзіць фінансавыя рэсурсы ўнутры сябе, — адзначыў Андрэй Піліпчук. — Напрыклад, прыцягваць бізнес да вырашэння праблем адаптацыі і зніжэння выкідаў парніковых газаў, прымяняць пэўныя захады (вугляродны падатак) і стымулы для развіцця прамысловасці і нізкавугляроднага кірунку.

— Імкнучыся да стварэння экалагічна чыстых умоў, нам трэба разумець, што гэты працэс павінен быць спалучаны са значнымі фінансавымі выдаткамі на развіццё вытворчасці, — падкрэсліла Ія Малкіна. — І толькі тыя экалагічныя нормы і стандарты, выкананне якіх мы будзем патрабаваць ад нашых прадпрыемстваў, дапамогуць дасягнуць спрыяльнага навакольнага асяроддзя.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.