Вы тут

Варажба на «чорным золаце»


 

Як зменіцца вытворчая нафтавая квота?

Днямі ў венскай штаб-кватэры адбудзецца пасяджэнне Арганізацыі краін — экспарцёраў нафты (АПЕК), на якім мяркуецца вырашыць, што рабіць з квотамі на здабычу «чорнага золата». Гэта пакуль ключавы фактар няпэўнасці на рынку. Цяпер дзейнічае вытворчая квота ў 30 мільёнаў бараляў за суткі. 12 удзельнікаў арганізацыі (сярод іх — Саудаўская Аравія, Іран, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Катар, Венесуэла) не могуць перавысіць вызначаную мяжу. Прынамсі, такія ўстаноўлены «правілы гульні». Змена рысы абмежаванняў моцна адаб'ецца на кошце нафты. Калі ўзровень здабычы будзе павялічаны, то чакаецца новы абвал катыровак. Ці падыме ўрэшце АПЕК квоту? Інтрыга сусветнага маштабу павінна раскрыцца ўжо зусім хутка.

1-20

1-20

 

«Чароўныя» зніжкі

У чаканні абвяшчэння квоты на рынку ўжо адбываюцца заўважныя зрухі. Напрыклад, апцыённыя трэйдары рэзка павялічылі стаўкі на падзенне нафтавых цэн, адзначае Reuters. Так, лік апцыёнаў на продаж WTІ па 30 долараў за бараль у сакавіку 2016-га
падвоіўся. Тым часам кошт нафтавага кошыка АПЕК у мінулым месяцы зменшыўся да рэкорднага нізкага за апошнія 11 гадоў паказчыка — да 38,04 долара за бараль. Кошт кошыка, у які ўваходзяць 12 гатункаў, што здабываюцца членамі картэля, не толькі «абнавіў» абвал 2008-га, але і дасягнуў мінімуму 1 снежня 2004 года. Прычым адпаведны паказчык па выніках лістапада ў сярэднім склаў больш за 41 долар, з пачатку гэтага года — $51,39.

Нафта ад АПЕК таннее хутчэй, чым паўночнаморская сумесь Brent ці эталонны амерыканскі гатунак WTІ, якія пакуль трымаюцца на 6-9 долараў вышэй за паказчыкі, зафіксаваныя падчас абвалу сыравінных рынкаў у 2008-м. Тады Brent абвалілася да 36,2 долара за бараль, WTІ — да $35,13. Паскоранаму патанненню сваіх гатункаў дапамагаюць самі члены картэля, аб'яўляючы зніжкі ў барацьбе за долю на рынку. Так, 11 лістапада Ірак заявіў, што снежаньскія пастаўкі цяжкіх гатункаў будуць праходзіць з дысконтам у 5,25 долара да бенчмарку.

Тыднем раней зменшыла афіцыйны кошт продажу на канец года саудаўская нацыянальная нафтавая кампанія Saudі Aramco — амерыканскія спажыўцы будуць купляць лёгкі гатунак Arab Lіght з прэміяй у 1,6 долара да бенчмарку (супраць $2,05 у лістападзе), а цяжкую марку Arab Heavy — з дысконтам у 2,2 долара (супраць $1,75 у лістападзе). Яшчэ больш «чароўныя» зніжкі прапануюць саўдыты ў Польшчы і Венгрыі — на традыцыйных расійскіх рынках, паведаміў кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын і пацвердзілі крыніцы Reuters у трэйдарскіх кампаніях. У выніку дэмпінгу з боку блізкаўсходніх канкурэнтаў абвальваецца кошт продажу расійскага экспартнага гатунку Urals — калі на пачатку гэтага года ён прадаваўся з дысконтам у 1-2 долары да Brent, то да канца кастрычніка, па звестках аналітычнага дэпартамента расійскага Цэнтрабанка, дысконт дасягнуў $3,35 і працягвае расці.

1-19

1-19

 

Што з попытам?

Нафтавы рынак жыве ва ўмовах перавытворчасці — па выніках трэцяга квартала яна скарацілася, але па-ранейшаму складае больш за мільён бараляў за суткі, адзначаецца ў лістападаўскім дакладзе АПЕК. Гэтая нафта здабываецца «пра запас», у выніку чаго сховішчы перапоўнены — у краінах, што ўваходзяць у склад Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, камерцыйныя запасы сыравіны дасягнулі гістарычнага рэкорду ў 2,942 мільярда бараляў, а разам са стратэгічнымі дзяржрэзервамі — 4,525 млрд.

Яшчэ амаль мільярд бараляў знаходзіцца на борце дрэйфуючых танкераў, пераўтвораных у плывучыя нафтасховішчы. Як паведаміў кіраўнік лівійскай нафтаздабыўнай дзяржкарпарацыі Natіonal Oіl Corp. Мустафа Санала, у краіне плануецца аднавіць працу экспартных тэрміналаў і здабычу нафты на радовішчах Sharara і Elephant. Яны могуць даваць каля 440 тысяч бараляў за суткі, і здабыча можа выйсці на поўную магутнасць цягам тыдня пасля аднаўлення аперацый. Работы на радовішчах былі прыпынены каля года назад з-за пагроз бяспекі з боку ўзброеных фарміраванняў. «Калі Лівія адновіць здабычу, гэта стане яшчэ адным фактарам, што павялічвае лішак нафты на сусветным рынку», — лічыць аналітык Samsung Futures Хон Сун Кі.

Аналітыкі Міжнароднага энергетычнага агенцтва (ІEA) прагназуюць, што лішак «чорнага золата» на нафтавым рынку пачне змяншацца не раней канца дзесяцігоддзя. У агенцтве лічаць, што кошт бараля дасягне 80 долараў не раней 2020-га.
Паводле ўдакладненага прагнозу ІЕА, попыт на нафту цягам наступнай пяцігодкі будзе расці менш чым на 1% штогод. Але такога тэмпу росту недастаткова для таго, каб пераадолець наступствы празмернасці нафты, які справакаваў рэзкае падзенне цэн на яе.

Запаволенне попыту на «чорнае золата» адзначаецца пасля амаль пятнаццацігадовага рэзкага росту, выкліканага імклівым эканамічным развіццём Кітая і іншых эканомік, якія інтэнсіўна развіваюцца. Цяпер, аднак, Пекін імкнецца адыходзіць ад «бруднага» паліва. Таксама ў змяншэнні попыту на нафту ў Паднябеснай сваю ролю адыграў і распачаты пераход на іншую мадэль эканамічнага развіцця.

«Мы набліжаемся да сканчэння перыяду вельмі рэзкага росту попыту ў гісторыі энергетыкі,— расказаў у інтэрв'ю Fіnancіal Tіmes выканаўчы дырэктар ІEA Фаціх Бірол. — Попыт зменшыўся ў параўнанні з папярэднімі гадамі ў выніку павышэння эфектыўнасці вытворчасці і змагання з глабальным пацяпленнем, якое многія нафтавікі недаацэньваюць. Попыт на нафту будзе аслабляць і імкненне да актыўнага выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі».

У ІEA лічаць, што кошт бараля «чорнага золата» дасягне 80 долараў не раней 2020 года. У трэцім дзесяцігоддзі, паводле галоўнага сцэнарыя, попыт на нафту практычна перастане расці. У 2020—2040 гадах ён павялічыцца ўсяго толькі на 5% і дасягне да 2040-га 103,5 мільёна бараляў у дзень. Цяпер жа попыт на нафту складае 94,5 млн, што на 1,5% больш, чым летась.

Попыт на нафту ў ЗША, ЕС і Японіі да 2040 года зменшыцца прыкладна на 10 мільёнаў бараляў у дзень, а ў краінах у стадыі развіцця будзе ўмерана расці. На думку Фаціха Бірола, не варта выключаць і працяглага перыяду нізкіх цэн на нафту. Па такім сцэнарыі развіцця падзей у энергетыцы, цэны застануцца на ўзроўні 50 долараў за бараль да канца дзесяцігоддзя і ўзрастуць да $85 не раней за 2040 год. З іншага боку, ІЕА назваў Індыю галоўным фактарам росту попыту. Там эксперты Міжнароднага энергетычнага агенцтва да 2040 года чакаюць павелічэння спажывання да 10 мільёнаў бараляў за дзень.

За апошні год здабыча нафты краінамі, што не ўваходзяць у АПЕК, напрыклад ЗША, павялічвалася. Пры гэтым рост ва ўмовах нізкіх цэн аказаўся больш працяглым, чым лічылі спецыялісты. Здабыча нафты картэлем на чале з Саудаўскай Аравіяй і Іракам таксама падрасла, што дазволіла стрымліваць цэны на нізкім узроўні. Гэта балюча ўдарыла па нафтаздабыўных кампаніях і дзяржавах і прывяло да рэзкага скарачэння інвестыцый у нафтавы бізнес і прыпынення праектаў. Досыць сказаць, што ў 2016 годзе энергетычныя кампаніі зменшаць інвестыцыі на 3-8%, а таксама замарозяць праекты, якія давалі б каля 5 мільёнаў бараляў нафты ў суткі.

Плюсы і мінусы

Як заўважаюць эксперты, раней існавала чатыры асноўныя прынцыпы, што вызначалі дынаміку нафтавага рынку. Па-першае, меркавалася, што запасы нафты вычарпальныя, а значыць, цэны будуць рухацца толькі ў адным кірунку — угару. Другое, лічылася, што, пакупнікі і прадаўцы не паспяваюць хутка адрэагаваць на цэны, якія хутка змяняюцца, і гэта прыводзіць да далейшых зрухаў на рынку. Трэці прынцып абвяшчаў, што «струмень» нафты рухаецца з усходу на захад: з Блізкага Усходу ў Еўропу і Паўночную Амерыку. І, чацвёртае, была ўпэўненасць, што АПЕК у сілах стабілізаваць рынак, павялічваючы або змяншаючы аб'ём нафты, якая здабываецца.

Усе гэтыя прынцыпы аказаліся спрэчнымі, адзначаецца ў артыкуле Іndependent. Вычарпальнасць нафты пастаўлена пад пытанне пасля адкрыцця новых метадаў яе здабычы. Матэматыка здабычы сланцавай нафты мае свае асаблівасці — аб'ёмы яе здабычы рэагуюць на змену цэн. «Струмень» нафты цячэ сёння з захаду на ўсход: з абедзвюх Амерык і Блізкага Усходу — у Індыю і Кітай. І, нарэшце, магчымасці АПЕК у стабілізацыі рынку не такія ўжо эфектыўныя, як гэта было раней.

З пункту гледжання макраэканомікі, нізкія цэны на нафту павінны даць штуршок для глабальнага эканамічнага росту. Аднак усё не так проста. Развітыя краіны даўно ўжо перайшлі на эканомнае выкарыстанне крыніц энергіі. Напрыклад Вялікабрытанія цяпер выкарыстоўвае менш энергіі, чым у 1965 годзе. Так што танная нафта не асабліва закране брытанскіх спажыўцоў, за выключэннем вытворцы энергарэсурсаў — Шатландыі.

Больш выйграюць Еўропа і Японія, але не карэнным чынам. У самым выйгрышным становішчы ад зніжэння цэн на нафту апынуліся краіны, якія развіваюцца. Такім чынам, выйграюць Кітай і Індыя, як самыя буйныя спажыўцы, прайграюць экспарцёры нафты — Расія, краіны Блізкага Усходу, некаторыя краіны Афрыкі і, у меншай ступені, Канада.

Памеры фондаў, дзе збіраліся грошы, атрыманыя ад продажу нафты, у краінах-экспарцёрах адрозніваюцца. Саудаўская Аравія можа страціць назапашанае за пяць гадоў, калі працягне расходаваць цяперашнімі тэмпамі, адзначаецца ў справаздачы Міжнароднага валютнага фонду. У такім жа становішчы Бахрэйн і Аман. Аднак ААЭ, Кувейт і Катар пратрымаюцца на зберажэннях ад экспарту нафты яшчэ больш 20 гадоў.

Рост валавога ўнутранага прадукту краін Персідскага заліва (Бахрэйн, Кувейт, Аман, Саудаўская Аравія, Катар і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты) запаволіцца, з-за падзення цэн на нафту бюджэты не далічацца 275 мільярдаў долараў экспартных паступленняў, паведаміла выканаўчы дырэктар МВФ Крысцін Лагард. «Зараз вялікая доля падатковых і экспартных паступленняў у дзяржавах Персідскага заліва прыпадае на нафту. Рэшткі на рахунках рэгіёна рэзка змяншаюцца. Па прагнозах МВФ, бюджэтны дэфіцыт складзе сёлета 12,7% ВУП», — лічыць Крысцін Лагард. Таксама, па яе словах, чакаецца запаволенне росту ВУП краін рэгіёна да 3,2% у 2015 годзе і 2,7% у 2016 годзе, што менш, чым у 2014 годзе (3,4%). Аднак створаныя «буферныя фонды» дазваляюць «пазбегнуць патрэбы раптоўнага карэктавання фіскальнай палітыкі» і выконваць узятую дзяржавамі сацыяльную нагрузку, дадала выканаўчы дырэктар МВФ.

1-17

1-17

 

Вайна за долю

«Думаю, АПЕК пакіне квоты без змен, але, найхутчэй, будзе іх парушаць. Коштавая вайна за рынкі збыту яшчэ не завершана. Хто першым завагаецца ў гэтым супрацьстаянні — амерыканскі сланец, АПЕК ці іншыя гульцы, пакажа толькі час», — заўважае дырэктар аўдытарска-кансалтынгавай групы BDO ў Расіі Сяргей Албу.

Аднак у той жа Саудаўскай Аравіі можа быць сваё меркаванне пра квоты. Найбольш відавочны крок пры нізкіх цэнах на нафту — замарудзіць вытворчасць. Тады баланс попыту і прапановы выраўноўваецца, тавар даражэе. Але перастаць пампаваць нафту — значыць пазбавіцца сваёй нішы, страціць пакупнікоў. Месца, якое вызвалілася, зоймуць канкурэнты.

АПЕК не зменшыць здабычу нават пры 20 доларах за бараль, казаў міністр нафты Саудаўскай Аравіі Алі аль-Наімі.

«Маю долю аднімуць рускія, амерыканскія і бразільскія кампаніі», — так ён ацэньваў рызыкі ад зніжэння вытворчасці.

Таму каралеўства можа павялічыць выпампоўку нафты. Раней МВФ папярэдзіў Саудаўскую Аравію пра рэзкі рост дэфіцыту бюджэту з-за цэнавага абвалу. Збалансаваць прыбыткі і выдаткі Эр-Рыяд зможа толькі пры 106 доларах за бараль, адзначылі аналітыкі фонду. На фоне трывожных звестак пра стан казны, каралеўства рыхтуецца да сыравіннай вайны, інвестуючы ў здабычу нафты. Апроч таго, Саудаўская Аравія збіраецца афармляць вонкавыя пазыкі, каб і далей укладвацца ў вытворчасць, паведамляе Forbes. Павышэнне квот АПЕК дазволіць Эр-Рыяду бесперашкодна пампаваць вуглевадароды ў патрэбных аб'ёмах. Цэны на нафту, адпаведна, пойдуць уніз яшчэ хутчэй.

Такім чынам, каралеўства збіраецца прыціснуць амерыканскіх канкурэнтаў — сланцавыя кампаніі. Поспехі ўжо ёсць: з-за нізкіх цэн колькасць рабочых свідравальных установак у ЗША зменшылася да 711 (летась у кастрычніку іх было больш як 1,6 тысячы), 20 карпарацый збанкрутавалі, а аб'ёмы здабычы сланцавай сыравіны зменшыліся на 500 тысяч бараляў у суткі. Праўда, тут ёсць велізарныя рызыкі і для саміх саўдытаў.

У снежні да АПЕК далучыцца яшчэ адзін удзельнік — Інданезія. Краіна здабывае каля 0,9 мільёна бараляў за дзень, і квоты могуць быць павышаны якраз на гэтую велічыню. Праўда, у картэлі ёсць і зацяты прыхільнік скарачэння здабычы — Венесуэла. Баліварыянская рэспубліка зараз перажывае адзін з самых цяжкіх за ўсю сваю гісторыю эканамічных крызісаў. Таму варажба на «чорным золаце» выглядае далёка не так адназначна.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.