Вы тут

Жыццё як прыклад для іншых


Паміж датамі яго нараджэння (21.09.1923) і смерці (25.10.2015) — не маленькая рысачка, а вялікае жыццё на карысць Айчыне. У няпоўныя 46 гадоў Мікалай Аляксандравіч быў абраны прэзідэнтам Акадэміі навук БССР і ўзначальваў яе ажно 18 гадоў. Ён — аўтар сотняў навуковых прац і некалькіх манаграфій. Што датычыцца ўзнагарод, то іх у Мікалая Барысевіча хапіла б на цэлы калектыў: Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер чатырох ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Францыска Скарыны, лаўрэат прэстыжных прэмій... Акадэмія навук Беларусі пад кіраўніцтвам Барысевіча стала адным з найбуйнейшых навуковых цэнтраў былога СССР, яе аўтарытэт прызналі ва ўсім свеце.

2-2

А нарадзіўся будучы акадэмік у звычайнай сялянскай сям'і, у вёсцы Лучны Мост, якую самі месцічы звалі Барысы, бо там шмат было Барысевічаў.

Мікалай змалку хадзіў у калгас на працу, вельмі любіў даглядаць коней, але ж галоўнае — як сланечнік да сонца, цягнуўся да вучобы. Школу ён скончыў на выдатна:
18 чэрвеня 1941 года атрымаў атэстат, марыў паступіць на фізіка-матэматычны факультэт універсітэта... А праз 4 дні пачалася вайна і «паступіць» яму давялося... у падпольную групу, потым — паслужыць у 539-м артылерыйскім палку.

Дарэчы, камандзір яго пры дэмабілізацыі згледзеў, які парваны шынель у пераможцы — салдата Барысевіча, і аддаў загад уручыць яму свой, генеральскі (зняўшы, вядома ж, пагоны).

Дарагі падарунак, дарагая рэч, і новаму гаспадару яна паслужыла і добра, і доўга. Пасля вайны Мікалай усё ж стаў студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта БДУ, і, як расказваў, спачатку з усімі сваімі пажыткамі, што змяшчаліся ў салдацкім рэчмяшку, начаваў на вакзале. Потым ужо засяліўся ў невялічкі інтэрнацкі пакойчык. І спаў там на стале, накрываючыся тым афіцэрскім шынялём.

Школьных ведаў хлопцу яўна не хапала, і ён пры святле газоўкі, зробленай з гільзы, начамі сядзеў над бібліятэчнымі кнігамі. Стаў адным з найлепшых студэнтаў, потым — аспірантам, кандыдатам, доктарам фізіка-матэматычных навук. «Выйшаў у людзі», — казаў пра яго бацька, але сын пры гэтым заставаўся простым чалавекам.

Яшчэ ў юнацтве стрыечны брат навучыў Мікалая ігры на гітары. Скрыпку ён асвоіў самастойна і на фронце насіў яе ў рэчмяшку за плячыма. Пасля вайны іграў на студэнцкіх вячорках, на сямейных святах, з музыкай любіў адпачываць. Яна дапамагала яму захоўваць душэўную раўнавагу, успамінаць мілую сэрцу вёску.

...Памятаю, як напярэдадні свайго юбілею шаноўны зямляк разам з жонкай наведаў нашу раённую бібліятэку. Падчас той сустрэчы, дэманструючы выключную інтэлігентнасць, шчырасць і любоў да людзей, акадэмік успамінаў цікавыя выпадкі з жыцця, расказваў пра сваіх дзяцей, унукаў... Бясспрэчна, Мікалай Аляксандравіч пражыў доўгае і годнае жыццё, пакінуў пра сябе цудоўную памяць, бо імя яго ведаюць ва ўсім свеце.

І вельмі хочацца, каб яно захавалася. У прыватнасці, каб Мікалай Барысевіч атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Беразіно, каб адной з вуліц і, напрыклад, гарадской школе №1, дзе ён да вайны вучыўся (цяпер, дарэчы, гэта гімназія), было прысвоена імя вось такога выпускніка...

Гэта быў бы добры прыклад для іншых.

Тамара Круталевіч, загадчыца аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.