Вы тут

Камерунскі папугай-ашуканец


Насамрэч экзатычная птушка мае выключна віртуальнае дачыненне да гісторыі, у якую трапіла жыхарка Веткаўшчыны. Пры гэтым рэальныя $7 тысяч са зберажэнняў сям'і «адляцелі» ў цёплую краіну.

Кажуць, чым недарэчнейшая хлусня, тым ахвотней у яе вераць. Вось і супрацоўніца аднаго з сельскіх ФАПаў на сайце DOSKA.by знайшла аб'яву, у якой нехта прапаноўваў аддаць у добрыя рукі папугаяў жако. Жанчына тут жа напісала ліст на адрас электроннай пошты прадаўца Ганны Jezreel.

Уладальніца рэдкіх птушак на працягу 11 дзён падрабязна распытвала суразмоўцу па перапісцы пра клімат, пра ўмовы ўтрымання, пра любоў будучай гаспадыні да птушак... Урэшце падцвердзіла сваю гатоўнасць аддаць птушак абсалютна бясплатна. І калі беларуска гатовая была прыняць папугаяў, высветлілася, што трэба заплаціць за іх транспартаванне ў Беларусь з Камеруна. Менавіта ў гэтай краіне знаходзілася ўладальніца. Дамовіліся, што беларуска перавядзе $500 за трох папугаеў, якіх ёй вышлюць самалётам. Дарэчы, грошы жанчына ўзяла з агульнага рахунку ва ўмовах поўнай сакрэтнасці ад мужа. Дома яна паведаміла код плацяжу для здымання грошай. На наступны дзень запатрабавалася яшчэ $960 — за арэнду клетак для авіяперавозкі. Потым — за страхоўку ($3570). Потым — за прышчэпкі жывому грузу ($1650). Аматарка экзотыкі аплаціла і гэту працэдуру. Невядомая асоба з Афрыкі ўпэўнена сцвярджала, што ўсе пералічаныя грошы хутка будуць вернутыя і папрасіла яшчэ $1400 — для афармлення праязных дакументаў.

Толькі ў гэты момант да вясковай жанчыны дайшло, што з яе банальна цягнуць грошы, і толькі тады яна звярнулася ў міліцыю. Усяго ж за некалькі дзён беларуска перавяла ў Камерун $6690 і заплаціла камісію банку ў памеры $337.

Як расказалі ў прэс-службе Гомельскага абласнога УУС, праваахоўнікі высветлілі, што камп'ютары, з якіх вялася перапіска з жыхаркай нашай краіны, знаходзяцца ў Камеруне і ЗША. На мінулым тыдні Веткаўскім РАУС па факце махлярства ў буйным памеры заведзена крымінальная справа. Пытанне, ці вернуцца сродкі за віртуальных папугаяў, застаецца адкрытым. Цяпер зроблены неабходныя запыты, трэба чакаць афіцыйных адказаў.

Між тым у сусветным павуцінні шмат гісторый пра аналагічныя гісторыі з удзелам «бясплатных» птушак у якасці прынады. Пяць гадоў таму нават узнік тэрмін «камерунскае ашуканства». Так назвалі яго жыхары Амерыкі. Потым ідэя вымагання грошай «на птушку» захапіла Еўропу, а цяпер дайшла і да постсавецкай прасторы. Схем у махляроў шмат. Іх задача — выцягнуць з даверлівых пакупнікоў як мага больш грошай.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.