Вы тут

У Пастаўскім раёне ўшанавалі памяць воінаў


Дзьме пранізлівы восеньскі вецер. Цярусіць дробны дожджык, зрэдку зрываючыся буйнымі кроплямі. Ногі правальваюцца ў вільготнай няскошанай траве. Надвор'е па-здрадніцку супраць. Але мы ідзём, нягледзячы ні на што. Узбіраемся на гару, пераадольваем лясны гушчар або рэзка спускаемся ўніз (узімку тут можна катацца на санках). Імчым, каб пакланіцца магілам салдат — воінам Першай сусветнай.
2-24

 Брацкая магіла салдат рускай арміі ў Сіўцах

 

Першая сусветная вайна завяршылася 11 лістапада 1918 года, калі было падпісана Камп'енскае перамір'е. У гэты дзень ва ўсім свеце адзначаецца Дзень памяці яе ахвяр і Дзень прымірэння. Ужо традыцыяй стала праводзіць сімвалічныя акцыі і мерапрыемствы.

Аўтапрабег памяці ўпершыню прайшоў і на Пастаўшчыне. А між іншым, край знаходзіўся ў эпіцэнтры Першай сусветнай вайны. Лінія фронту падзяліла яго восенню 1915 года ў ходзе Свянцянскага прарыву, а Нарачанская аперацыя ў сакавіку 1916-га пераўтварыла Пастаўскі раён у руіны і папялішча. І дагэтуль пастаўская зямля ўсыпана снарадамі, абарончымі збудаваннямі і... магіламі.

На тэрыторыі раёна налічваецца больш за 30 месцаў, дзе пахаваны салдаты Першай сусветнай. І гэта не канчатковая лічба. Дзякуючы мясцовым энтузіястам, раённым уладам і, у першую чаргу, неабыякавым да падзей стагадовай даўніны людзям, знаходзяцца новыя пахаванні, адкрываюцца імёны забытых салдат. Разам з пастаўчанамі, святарамі, вайскоўцамі і краязнаўцамі з суседніх рэгіёнаў пакланілася іх магілам падчас аўтапрабегу і карэспандэнт «Звязды».

Пункт № 1. Кашыцы

Напэўна, гэтае месца, як і ўсе наступныя, не бачыла столькі людзей запар. Упершыню гучала тут і малітва. Людзі хадзілі на мясцовыя могілкі, і большасць з іх не ведала, што побач з іх родзічамі пахаваны салдаты Першай сусветнай вайны. Хоць старажылы сцвярджалі: прыкладна да 1985 года магілы было добра відаць. Тады яны размяшчалася за вясковымі могілкамі, якія за столькі гадоў пашырыліся і ўшчыльную далучыліся да палкавых.

Цяпер тут стаіць крыж. Але гэта прыблізнае месца пахаванняў. Дакладнае размяшчэнне магіл у будучыні дапаможа вызначыць 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён. А сёння дзякуючы працы краязнаўцаў-энтузіястаў сталі вядомы імёны 20 расійскіх салдат.

— У Рускай імператарскай арміі служылі людзі розных нацыянальнасцяў і канфесій, — адзначае заснавальнік дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі», лаўрэат прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» Барыс Цітовіч. — Дарэчы, пра тое, што ў воінскіх часцях захоўвалася самабытнасць веравызнання, сведчыць такая дэталь: у казармах імператарскай арміі дазвалялі трымаць ручнікі з нацыянальным арнаментам. І тое, што сёння тут моляцца святары як каталіцкай, так і праваслаўнай канфесій, — і добры знак, і традыцыя.

Пункт № 2. Сіўцы

У вёсцы Сіўцы знаходзіцца брацкая магіла салдат рускай арміі. Гэта адно з нямногіх месцаў, пра якое мясцовыя жыхары ведаюць даўно. Мяркуецца, што тут спачываюць салдаты, якія загінулі падчас газавай атакі.

У вёсцы ўсяго некалькі хат, а пахаванне заўсёды дагледжана. Чаго не скажаш пра іншыя месцы. Праўда, так было да нядаўняга часу, пакуль за справу не ўзяўся мясцовы энтузіяст Андрэй Мацур. Працуючы ў свой час над персанальнай выставай «Нябачныя помнікі Вялікай вайны», фатограф-аматар натрапіў на вялікую колькасць пахаванняў перыяду Першай сусветнай. Мясцовы жыхар і падумаць не мог, што імі літаральна ўсыпаны ўвесь раён. Пахаванні былі ў вельмі крытычным стане. Каб дайсці да некаторых, часам даводзілася не толькі скошваць траву ў пояс, а і спілоўваць цэлыя зараснікі. Пра стан помнікаў (калі яны ёсць), надмагільных пліт і магіл нават казаць не было чаго.

Прывесці іх у больш-менш прыстойны выгляд дапамаглі такія ж, як ён, энтузіясты, мясцовыя ўлады. Падключыліся і вядомыя краязнаўцы, якія займаюцца добраўпарадкаваннем падобных месцаў не адзін год. Работа пачалася ў красавіку гэтага года, а ўжо 11 аб'ектаў — пад аховай дзяржавы.
2-23

 Нядаўна сталі вядомыя імёны 20 расійскіх воінаў, пахаваных на могілках у вёсцы Кашыцы

 

Пункт № 3. Лопуці

Помнік вышынёй прыкладна ў чатыры метры стаіць і на пустцы непадалёк ад вёскі Лопуці, што ў Лынтупскім сельскім Савеце. На думку эксперта па воінскіх пахаваннях Першай сусветнай вайны ў Беларусі Уладзіміра Багданава, на гэтым месцы знаходзіліся лазарэтныя могілкі 115-й нямецкай пяхотнай дывізіі. «Пахадзіўшы па вёсцы, можна вызначыць, дзе размяшчаўся і сам лазарэт, — гаворыць вядомы журналіст і фатограф. — Відавочна, там паміралі параненыя ў ходзе Нарачанскай аперацыі. Захавалася толькі некалькі надмагільных бетонных пліт. Рускіх пахаванняў сярод іх няма, але гэта не значыць, што іх тут не было. На Пастаўшчыне, асабліва ўздоўж лініі фронту, практычна ўсе могілкі змяшаныя. Гэта тлумачыцца тым, што бліжэй да Вялікадня 1916 года ваюючыя бакі дамовіліся аб перамір'і і выйшлі на нейтральную паласу, каб пахаваць сваіх салдат. Выпадкова завязалася перастрэлка. На наступны дзень немцы паставілі ўмову: не падыходзіць да іх пазіцый бліжэй, чым на 150 метраў, а забітых рускіх салдат, якія апынуліся на іх тэрыторыі, яны пахаваюць самі. Так і атрымалася. Немцы хавалі расійскіх салдат побач са сваімі, ставілі праваслаўныя крыжы, потым іх мянялі на бетонныя помнікі. На большасці з іх надпіс — «невядомы рускі салдат», але сустракаюцца асобныя імёны і прозвішчы.

Пункт № 4. Камаі

Побач з адным з найстарэйшых храмаў Беларусі, пабудаваным у Камаях у 1606—1609 гадах, — невялікая мемарыяльная пліта. Каля славутага касцёла ў гонар Іаана Хрысціцеля падчас Першай сусветнай вайны былі пахаваны салдаты нямецкай арміі. Гэта цяпер тут стаіць помнік, а яшчэ нядаўна пра месца пахавання нішто не нагадвала...

Намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Юрый Кісялёў, які хадзіў у Камайскую школу, памятае помнік, пастаўлены тут яшчэ немцамі. Не можа забыць і тое, як у адно імгненне яго не стала. Чаго толькі не рабілася на гэтым месцы! Чалавечыя астанкі, якія валяліся на паверхні, сабралі мясцовыя жыхары. Яны і пахавалі іх у адным месцы. Новы помнік з'явіўся тут нядаўна дзякуючы намаганням ксяндза Яцака.

— Салдат, які загінуў або на сваёй тэрыторыі, або на тэрыторыі іншай краіны, мае права не проста на магілу, але і на тое, каб яна ахоўвалася, не была растаптаная, каб каля яе быў усталяваны памятны знак, — перакананы Юрый Кісялёў. — У гэтым кірунку мы робім першыя крокі. Калі мы лічым сябе краінай цывілізаванай і культурнай, мы павінны ліквідаваць белыя плямы ў гісторыі і аднавіць гістарычную памяць. Будзем пра гэта памятаць — падобнага не дапусцім, забудзем — трагедыі не пазбегнем.

Пункт № 5. Дварчаны

Тут, літаральна за прысядзібным участкам, ужо стагоддзе спачываюць салдаты 1-га каралеўскага прускага пяхотнага палка №97. «Колькі тут жыву, столькі і праплакала. Такія ж маладыя паляглі...» — кажа гаспадыня. З цягам часу могілкі ператварыліся ў груду камення. Крыжы паваліліся і быццам ураслі ў зямлю.

— Тыя крыжы, якія можна было паставіць, вярнулі на месцы, — расказвае Андрэй Мацур. — Тыя ж, што раскалоліся на часткі, склалі каля падножжа памятнага каменя. Па перыметры могілак высеклі ўсе дрэвы. Па-добраму, гэтае месца трэба было б абгарадзіць. Думаю, што сумеснымі намаганнямі знойдзем час. У нас шмат аднадумцаў, таму ёсць на каго разлічваць.

Неабыякавы да падзей стагадовай даўніны і пісьменнік Вячаслаў Бандарэнка, які прысвяціў Першай сусветнай вайне не адну кнігу. А між іншым, цікавасць да тэмы ў вядомага тэлевядучага ў першую чаргу сямейная. У Першай сусветнай удзельнічала пяць яго продкаў. І ўсе, дарэчы, былі афіцэрамі.

— Родны прапрадзед ваяваў на паўднёвым участку фронту, на Палессі, — расказвае Вячаслаў Бандарэнка. — Яго сын, мой стрыечны прадзед, — на Смаргоншчыне. Стрыечны прапрадзед, Міхаіл Міхайлаў, быўшы камандзірам брыгады, удзельнічаў у ліквідацыі Свянцянскага прарыву, вызваляў Вілейку і змагаўся падчас Нарачанскай аперацыі. Не так даўно я даведаўся, што памёр ён напярэдадні Другой сусветнай вайны ў Савецкім Саюзе. А раней думаў, што і грамадзянскую не перажыў: выжыць у савецкай Расіі царскаму генералу было няпроста.

2-25

 Мяркуецца, на гэтым месцы знаходзіліся лазарэтныя могілкі 115-й нямецкай пяхотнай дывізіі. Сустракаюцца тут і пахаванні рускіх салдат (в. Лопуці)

 

Пункт № 6. Пятроўшчына

Большасць пахаванняў на інтэрнацыянальных могілках у лясным масіве вёскі Пятроўшчына належыць салдатам нямецкага 136-га пяхотнага палка. Але ёсць і некалькі пліт, на якіх па-польску напісана «невядомы расійскі салдат». Да таго ж захаваліся нямецкія паштоўкі, на якіх выразна відаць, што на правым сектары могілак былі пахаваны нямецкія салдаты, а на левым — узвышаюцца праваслаўныя крыжы.

Могілкі знайшлі ў вельмі дрэнным стане. Раскапаныя магілы былі напоўнены смеццем, а тое, што засталося ад пахаванняў, было згорнута ў тры вялікія курганы. Ёсць здагадкі, што зрабілі гэта падчас будаўніцтва дарогі, якую некалі пракладвалі праз могілкі. Пакуль раскапалі адзін курган: дасталі шмат пліт, помнік. Але месца размяшчэння пахаванняў аднавіць так і не ўдалося...

* * *

Гэтыя месцы — толькі частка таго, што за такі кароткі час удалося давесці да ладу. Тут не стаяць шыкоўныя мемарыялы і манументы, рэдка сустрэнеш і помнік. Ад пахаванняў жа рускіх салдат не засталося амаль нічога. А калі нешта і ёсць, то, як правіла, разбурана, расцягнута, растаптана... Відаць, дагэтуль Першай сусветнай вайной цікавіліся толькі чорныя капальнікі. На шчасце, з'явіліся іншыя — неабыякавыя да гісторыі — людзі, якія клапоцяцца пра тое, каб захаваць памяць аб тых, хто праліў кроў на нашай зямлі. Наперадзе ў краязнаўцаў-энтузіястаў — новыя аб'екты, якія патрабуюць добраўпарадкавання.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Пастаўскі раён.

Фота Андрэя МАЦУРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.