Вы тут

Плаванне — спорт на ўсё жыццё, або Як падтрымліваць спаборніцкі дух і проста быць здаровым


Мы ўжо даўно прызвычаіліся да клубнага футбола, хакея, гандбола і нават мастацкай гімнастыкі, але вось пра тое, што ў краіне ёсць клубнае плаванне, даведаліся нядаўна. Гэтаму паспрыяў поспех беларускіх спартсменаў на чэмпіянаце свету ў Казані. Пакуль усе разважалі пра няўдалыя выступленні нацыянальнай каманды на гэтым турніры, наша эстафетная чацвёрка (у складзе Паўла Лагуна, Іллі Кавалёнка, Паўла Зінькевіча і Максіма Крука) у катэгорыі «Мастэрс» устанавіла новы сусветны рэкорд і заваявала залатыя медалі чэмпіянату.

2-15

У свеце клубнае плаванне папулярна ўжо даўно, найперш з прычыны сваёй узроставай даступнасці: за прызавыя месцы сусветных турніраў могуць змагацца людзі неабмежаванага ўзросту (25+). Для прафесійных спартсменаў турніры «Мастэрс» — спосаб працягнуць свой любімы занятак, для кагосьці — пазмагацца з плыўцамі клубаў іншых краін за медалі, а для некаторых — проста магчымасць падтрымання здароўя і фізічнай актыўнасці. Пра тое, як развіваецца клубнае плаванне ў Беларусі, расказаў старшыня і стваральнік пакуль адзінага такога клуба («Зубр») у краіне Ілья Кавалёнак.

Пра стварэнне

— Наша арганізацыя яшчэ вельмі маладая — клубу «Зубр» усяго год. Маючы вопыт у плаванні і арганізацыйных справах, мы вырашылі зрабіць тое, чаго ў краіне яшчэ не было і ад чаго будзе карысць. Хтосьці зараз можа абурыцца і сказаць, што такія арганізацыі ўжо былі. Але, каб клуб лічыўся «правільным», ён павінен прайсці пэўную працэдуру рэгістрацыі: мець юрыдычную асобу, быць членам федэрацыі, уступіць у міжнародную плавальную арганізацыю. Такім чынам, «Зубр» з'яўляецца першым і пакуль адзіным плавальным клубам у краіне. Ён арганізаваны не толькі для чэмпіёнаў, але і для людзей, якія любяць плаваць і робяць гэта добра.

Што такое «Мастэрс»

— Катэгорыя, у якой выступаюць спартсмены з плавальных клубаў, называецца «Мастэрс». Усё пачынаецца з нацыянальных першынстваў, таксама ёсць чэмпіянаты Еўропы, свету і аналаг Алімпіяды — «Гульні Мастэрс». Гэты турнір унікальны, ён збірае велізарную колькасць спартсменаў — каля 30 тысяч чалавек, у той час, як на летнія Алімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанейра заяўлена прыкладна 10 тысяч атлетаў. Наступныя «Гульні Мастэрс» пройдуць у 2017 годзе.

На спаборніцтвах плавальных клубаў прадстаўлены практычна ўсе дыстанцыі і віды плавання, як і на Алімпійскіх гульнях, розніца літаральна ў 10%. На Алімпіядзе больш відаў эстафет і няма некаторых дыстанцый на 50 метраў.

Чэмпіянаты ў катэгорыі «Мастэрс» праводзяцца ў тых жа краінах, што і чэмпіянаты свету, Еўропы, і пачынаюцца на наступны дзень.

Калі казаць аб сусветных фаварытах, то сёння гэта, вядома, Расія і Бразілія, клубнае плаванне таксама добра развіта ў Германіі і Францыі, але там больш колькасна, чым вынікова.

У клуб могуць уступаць...

— Былыя плыўцы-прафесіяналы, людзі, якія ўмеюць плаваць хутка і добра. Могуць прыходзіць і тыя, хто проста жадае плаваць для падтрымання фізічнай формы або здароўя, але ўжо мае пэўныя навыкі. Таксама ў замежных клубах у «Мастэрс» выступаюць і дзеючыя прафесійныя спартсмены.

Самае галоўнае — у нас няма ўзроставага абмежавання: удзельнікамі могуць быць людзі, старэйшыя за 25 гадоў. На спаборніцтвах медалі разыгрываюцца ў розных узроставых катэгорыях (з 25 і далей кожныя 5 гадоў да 100+). Умоўна кажучы, калі чалавеку 60 і ён добра плавае — можа спакойна стаць удзельнікам.

Падобны яркі прыклад ёсць у Расіі, жанчына ў свой час уваходзіла ў склад зборнай СССР, сёння ёй ужо за 80 і яна б'е сусветныя рэкорды ў сваёй узроставай катэгорыі. Прыязджаючы на крэсле-каталцы ў басейн, яна паказвае выдатныя вынікі.

Чым цікавая сістэма «Мастэрс» — чалавек можа заўсёды падтрымліваць добры стан цела і душы, мы прапагандуем ідэю: плаванне як спорт на ўсё жыццё.

Перамаглі ўсіх

— Улетку гэтага года на чэмпіянаце свету «Мастэрс» у Казані нам удалося выйграць залатыя медалі і ўстанавіць сусветны рэкорд. У прынцыпе, у Беларусі шмат чэмпіёнаў па розных відах спорту і пастаянна з'яўляюцца новыя, але не прыгадаю, каб «золата» калі-небудзь выйгравала эстафета. Перад паездкай туды мы выдатна разумелі, што трэба біць сусветны рэкорд, бо без гэтага не перамагчы: на «свеце» будуць бразільцы, якія ўстанавілі яго ў мінулым годзе. У выніку абышлі іх, расіян, чэхаў, якія прывезлі ў складзе два ці тры чэмпіёны свету 2015 года ў асабістых заплывах.

Акрамя найвышэйшай узнагароды квартэта, у членаў клуба «Зубр» яшчэ адно «золата», тры «серабры». У «Мастэрс», дарэчы, узнагароджваюцца першыя 10 месцаў (спартсменам, якія занялі з 4-га па 10-е месцы ўручаюцца жалезныя медалі).

Якія ўражанні былі ад першага чэмпіянату свету? Было прыемна за краіну. Падняць сцяг на п'едэстале, на спаборніцтвах, на якіх Беларусь яшчэ ніколі не была першай, — гэта і ёсць сапраўдная любоў да сваёй радзімы.

Што тычыцца прызавых, то на турнірах «Мастэрс» яны не прадугледжаны, нашы адзіныя ўзнагароды — гэта медалі і гонар за краіну.

Пра перспектывы клубнага плавання

— Зараз будзем старацца ўдасканальваць клуб, працаваць у розных напрамках. Нашы адносіны з федэрацыяй накіраваны на прыняцце шэрага выніковых дзеянняў. Хочам адкрыць філіялы «Зубра» ва ўсіх абласных гарадах Беларусі. У красавіку наступнага года плануем сумесна з нацыянальным чэмпіянатам правесці першы «Мастэрс» у краіне.

Такія турніры стануць найлепшай папулярызацыяй плавання і здаровага ладу жыцця, хтосьці прыйдзе проста паглядзець як заўзятар, а хтосьці заўтра пойдзе ў басейн, будуць будавацца новыя месцы для плавання — гэта кругавая сістэма. Яна прывядзе да аздараўлення і старэйшае пакаленне — пенсіянераў.

Сёння нам удалося выйграць чэмпіянат свету, магчыма, заўтра атрымаецца выйграць яшчэ штосьці — гэта імідж Беларусі на міжнароднай арэне. Бо наяўнасць людзей, якія падымаюць наш сцяг у розных краінах свету і носяць герб на сэрцы, — гэта і ёсць сведчанне, таго, што Беларусь — краіна, якая ўмее перамагаць.

Сусветныя клубы

— У свеце клубнае плаванне папулярна ўжо даўно. У Расіі такія спаборніцтвы праводзяцца з 1989 года, сёння там 64 плавальныя клубы, для нас гэта шмат, а для Германіі, напрыклад, далёка не мяжа.

Клубнае плаванне вельмі папулярна сярод спартсменаў, якія скончылі прафесійную кар'еру і змогуць працягваць выступаць у нас. Некаторыя з'яўляюцца ўдзельнікамі чэмпіянатаў свету, Еўропы і Алімпійскіх гульняў. Хтосьці з іх стаяў на найвышэйшай прыступцы п'едэстала, хтосьці — не. Калі я прапаноўваў сваім сённяшнім напарнікам па эстафеце заваяваць «золата» ў складзе беларускай каманды «Зубр», задаваў ім толькі адно пытанне: «Ты калі-небудзь быў чэмпіёнам свету?» Рашэнне было прынята, і цяпер мы ўсе чэмпіёны.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.