Вы тут

Пра агульныя рэчы трэба расказваць усім, а пра «падрабязнасці» — індывідуальна


Вядомы расійскі ўрач-сексолаг, кандыдат медыцынскіх навук, прафесар Аляксандр Палееў у адным з нядаўніх інтэрв'ю звярнуў увагу на неабходнасць школьнай сістэмы сексуальнага выхавання ў Расіі. Маўляў, яна існуе практычна ва ўсіх цывілізаваных краінах. Бо акселерацыю ніхто не адмяняў. Маскоўскія даследаванні паказваюць, што з кожным годам у падлеткаў павольна, але расце ўзровень палавых гармонаў. І быццам ніхто ўжо не адмаўляе, што інтымнае жыццё ёсць, што яно неабходнае, але чамусьці адмаўляецца магчымасць азнаямлення з самымі элементарнымі ведамі менавіта ў школе.

Аднак якімі павінны быць гэтыя веды? Чаму менавіта вучыць — псіхалогіі сямейнага жыцця ці яго біялагічнаму складніку? Ці трэба ўжо ў школе ўмець карыстацца прэзерватывам, як гэта практыкуецца сярод нямецкіх пяцікласнікаў? А можа быць, наогул дзецям дастаткова інфармацыі, якую можна атрымаць у інтэрнэце? Расійскі спецыяліст упэўнены, што гэта не выйсце. Адсутнасць нармальных ведаў, на яго думку, фарміруе міфы, напрыклад, пра тое, што ад «аднаго разу» дзеці не нараджаюцца...

2-13

— Вылучаюць некалькі накірункаў развіцця чалавека — фізічнае, псіхічнае, а ёсць яшчэ палавое і псіхасексуальнае, чым і займаюцца псіхалогія з сексалогіяй, — тлумачыць урач-псіхатэрапеўт медыцынскага цэнтра «Нардзін» Мікалай ХВАШЧЫНСКІ. — Палавое і псіхасексуальнае развіццё — складаны працэс, які дзеліцца на некалькі важных этапаў. Ад таго, як мы іх праходзім, залежыць і тое, якім будзе наша сексуальнае жыццё ў будучыні. Знаёміць з гэтымі этапамі дзяцей і падлеткаў неабходна. «Тэхнічныя» пытанні — як надзяваць прэзерватыў, дзе ў жанчын знаходзяцца эрагенныя зоны, і іншыя — далёка не першае, аб чым трэба весці размову.

— У які момант і з чаго будзем пачынаць?

— Пачынаць, пэўна, будзем з бацькоў, якія павінны правільна ставіцца да выхавання свайго дзіцяці. Іх задачай былі і застаюцца далікатнасць, асцярожнасць, падтрымка. Ніколі ніякага асуджэння і нагнятання страху. Нельга асуджаць не толькі сваё дзіця, але і іншых. Неасцярожныя выказванні адносна таго, што Маша — на літару «б», не робяць дзіцяці добрую паслугу. Калі вы агучылі гэта ўжо нецнатліваму падлетку, то сваёй фразай толькі ўзмацнілі страхі і няўпэўненасць у яго душы. А для чалавека цнатлівага секс можа выклікаць асацыяцыі з чымсьці брудным і дрэнным. У абодвух выпадках ёсць рызыка зрабіць нашых дзяцей няшчаснымі. Большасць бацькоў, вядома, не сексолагі, але гэта і не патрабуецца. Проста будзьце спакойнымі, ураўнаважанымі і адказвайце толькі на тыя пытанні, што задае ваша дзіця. Спытала малое аб тым, што робяць сабачкі? Ну і скажыце, што ў іх каханне. Паверце, гэтага будзе дастаткова: 2-3-гадовыя дзеці не думаюць і не ведаюць пра секс тое, што ведаюць дарослыя...

— Але ж існуе нават спецыяльная літаратура для самых маленькіх — аб тым, напрыклад, адкуль бяруцца дзеці...

— Прыгадваю адзін эксперымент, калі дзеці пакруцілі такія кніжкі пару хвілін, а пасля вярнуліся да сваіх лялек і машынак... Не хачу сказаць, што падобная літаратура пра маміны і татавы органы не патрэбна зусім. Проста трэба разумець, што нічога дрэннага і лішняга дзіця з яе не атрымае. Да 3-5 гадоў адбываецца станаўленне палавой самасвядомасці. Дзіця асвойвае у першую чаргу, якога ён полу. Я — хлопчык ці я — дзяўчынка? Цікавіць яго і тое, чым жа мы адрозніваемся адно ад аднаго знешне. Па сутнасці, гэты момант прадвызначаны біялагічна, аднак не толькі храмасома XY будзе вызначаць мужчынскую самасвядомасць, але і некаторыя знешнія фактары. Уздзеянне хімічных рэчываў у перыяд цяжарнасці (медпрэпаратаў, алкаголю, наркотыкаў), а таксама стрэсу на плод, на тую частку галаўнога мозга, якая адказвае за палавое самавызначэнне, здольна прывесці да пэўнай блытаніны, калі чалавек пачынае ўспрымаць сябе прадстаўніком іншага полу. Транссексуалы, такім чынам, — гэта не распуста. Але ўжо іншая тэма.

— Мы сёння наракаем, што сучасныя хлопчыкі — надта фемінныя, а дзяўчынкі — мускулінныя...

— Гэтае пытанне не біялагічнае, а выхаваўчае. Пачынаючы з 4-5 гадоў дзіця навучаецца паводзіць сябе, як прадстаўнік таго полу, да якога яно сябе ўжо аднесла. Гэта можна асвоіць праз гульні з равеснікамі ці праз назіранне за паводзінамі дарослых, у першую чаргу бацькоў. Напрыклад, за татам, калі мы кажам пра хлопчыка. Замацоўваюцца стэрэатыпы: што можна і чаго нельга рабіць хлопчыку. Аднак калі перад вачыма хлопчыка няма мужнага прыкладу і яго выхаваннем займаюцца адны жанчыны, то ёсць рызыка, што ён будзе адмаўляць мужнасць як каштоўнасць або можа назбіраць ад жанчын нейкія негатыўныя ўстаноўкі адносна процілеглага полу.

— Ці не пераацэньваем мы магчымасці акселерацыі? Да якога ўзросту можа знізіцца ў рэшце рэшт час палавога выспявання?

— Мяркую, такая з'ява, як акселерацыя, заяўляе аб сабе хвалямі. Дакладных даследаванняў перад вачыма, на жаль, не маю, аднак калі звярнуцца да гісторыі, то напрыканцы XVІІІ стагоддзя 12 гадоў былі стартавым узростам замужжа для дзяўчынак адной з еўрапейскіх краін. Раней наогул не вылучалі падлеткавага ўзросту — толькі дзіця падрасло, як адразу пераходзіла ў дарослае жыццё... З'яўленне другасных палавых прыкмет (у дзяўчынак пачынае расці малочная залоза, у хлопчыкаў мяняецца голас і г.д.) — гэта ёсць палавое выспяванне, якое ў дзяўчынак пачынаецца з 9-10 гадоў, у хлопчыкаў — з 10-12. Гэта час станаўлення лібіда — сексуальнай прагі. Мы ўжо ведаем, якога мы полу, як мы павінны сябе паводзіць згодна з нашым полам, і цяпер паўстае пытанне: з кім і для чаго мы будзем паводзіць сябе як прадстаўнікі свайго полу?

Спачатку фарміруецца платанічнае лібіда. У 13 гадоў нам яшчэ не хочацца менавіта фізічнага ўзаемадзеяння. Узнікае рамантычны інтарэс, жаданне быць побач, проста прысутнічаць, дыхаць адным паветрам. Дастаткова дакрануцца да рукі, пранесці партфель, пафантазіраваць. Хлопчык заўважае, што на адных дзяўчынак ён глядзіць спакойна, а побач з іншымі пацее і заікаецца, сэрца калоціцца. Гэта ўжо дзейнічае тэстастэрон. Здаровы чалавек з правільна сфарміраваным лібіда абавязкова павінен прайсці платанічную стадыю, а пасля і эратычную, калі нам неспакойна ад таго, што нечага ўсё ж такі не хапае. А не хапае збліжэння, дотыку, дакранання. Гэта той час, калі хлопчыкі пачынаюць бегаць за дзяўчынкамі, каб іх прыціснуць, кідаюцца снежкамі... Праз іх я нібыта дакранаюся да тых частак цела, да якіх пакуль яшчэ не магу асмеліцца дакрануцца ў рэальнасці. На гэтым этапе мы навучаемся таму, што і як гаварыць, якім чынам дакранацца, што можа падабацца, а што — не... Урэшце надыходзіць і сексуальная стадыя.

— Вы за сваю практыку сустракалі падлетка ці дарослага, які б прызнаўся, што празмерныя веды «пра секс» падштурхнулі яго да ранняга пачатку палавога жыцця, разбэсцілі яго?

— Такога не было. Бывае, што першы няўдалы сексуальны вопыт адбіваецца на далейшым жыцці — існуе так званы сіндром чакання няўдачы, трывожнасць, якая можа сустракацца і ў мужчын, і ў жанчын. Але ўсё ж такі большасць людзей мае добры вопыт першага палавога кантакту.

— На якім жа з пералічаных этапаў мы будзем вучыць самой тэхніцы выкарыстання прэзерватыва? Вы б самі пагадзіліся правесці такія заняткі перад класам?

— Я гэтага дакладна б не рабіў. Я расказваў бы тое, што агучыў вам. Агульныя рэчы трэба расказваць усім, а падрабязнасці — індывідуальна. З самім сексуальным вопытам у нас будзе ўсё ў парадку, калі мы будзем псіхалагічна і эмацыянальна гатовы, а гэтая гатоўнасць у кожнага наступае ў свой час.

— А пра небяспеку ранняй цяжарнасці, захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам, калі б расказвалі?

— Калі для падлеткаў актуальным робіцца фізічны бок адносінаў паміж паламі, варта закрануць пытанні сексуальнай бяспекі. Паўтаруся, неабавязкова гэта рабіць перад вялікай аўдыторыяй. Можна прапанаваць напісаць ананімныя пытанні. Калі гэта будзе пытанне, па якім няцяжка здагадацца, што нехта з прысутных ужо мае сексуальны вопыт, можна даць абстрактны адказ, кшталту «Каб пагаварыць аб гэтым, трэба падысці па такім адрасе, у такі час на індывідуальную кансультацыю». Паверце, той, каму трэба, прыйдзе. Калі некаму вельмі патрэбна інфармацыя аб прэзерватыве, то менавіта яму і трэба яе прадаставіць. Баюся, калі закранаць усе гэтыя падрабязнасці ў шырокай аўдыторыі, можна ў адказ пачуць жартачкі, пошласці, якія толькі ўзмоцняць страхі тых падлеткаў, для якіх пэўнае інтымнае пытанне сапраўды будзе важным.

На індывідуальнай кансультацыі абавязкова выяўляюцца ўсе страхі, якімі жыве падлетак. Ніхто іх звычайна не хавае. Дзяўчынкі баяцца болю, хлопчыкі — што нічога не атрымаецца. Як пра гэта гаварыць абстрактна перад класам?

— Напэўна, прасцей гаварыць аб цнатлівасці...

— Трэба гаварыць і пра гэта. Яе каштоўнасць ніхто не адмяняў. Але мы ніколі не ведаем, ці няма ў падлеткавай аўдыторыі тых, хто ўжо яе пазбавіўся. Значыць, гаварыць трэба вельмі акуратна, каб не атрымалася, што пазбаўленне цнатлівасці — гэта жах і грэх. Нельга прыніжаць і абражаць каханне і секс, нават калі яны раннія.

— Ці варта раскрываць тэму гомасексуальнасці?

— Зноў жа, калі ёсць канкрэтнае пытанне. Як і ў выпадку з транссексуаламі, прырода гомасексуалізму можа тлумачыцца біялогіяй. Толькі адна з версій указвае на моду. У падлеткаў пры станаўленні лібіда ёсць, дарэчы, фаза роўнага ўспрымання палавых кантактаў, калі толькі адбываюцца пошук і выбар партнёра. Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама здольны на такія эксперыменты. Даследаванні паказваюць, што ў некаторых мужчын былі аднаполыя кантакты, але адзін падобны кантакт не ўказвае на гомасексуальнасць. Наогул, у падлеткаў могуць быць «гомасексуальныя» фантазіі, сны.

— Што на гэтым этапе патрабуецца ад бацькоў?

— Не быць пурытанамі. Але і не гаварыць: «Давай я табе зараз пакажу, як тут трэба з гэтым прэзерватывам...» Проста адказвайце на пытанні. Не адчуваеце сябе здольным пачаць і весці падобныя размовы — дык і не пачынайце. Калі ваша дзіця кажа, што хвалявацца не трэба, то і не трэба. Прэзерватыў, пакладзены вамі ў кішэню ў патрэбны час, дзіця павінна расцаніць як падтрымку. Ніколі не чытайце натацыі. Бессэнсоўна і вельмі раздражняе. У 16-17 гадоў цалкам можна весці нармальныя размовы — пра планы на будучыню, сяброў і сябровак... Зачыняць дзверы і нікуды не пускаць — таксама бессэнсоўна. Лепей шукайце і падказвайце адрасы спецыялістаў. Звычайна з чужымі людзьмі прасцей абмяркоўваць нейкія асабістыя пытанні. Для гэтага па краіне адкрыта сетка цэнтраў дружалюбнага стаўлення да падлеткаў. Там працуюць спецыялісты-прафесіяналы.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.