Вы тут

Як падтрымаць імунітэт?


Наш імунітэт — гэта і вілачкавая залоза, і касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнка, кішэчнік, міндаліны, адэноіды. Вялікі набор, у якога два «начальнікі» — цэнтральная нервовая і эндакрынная сістэмы. Усё гэта забяспечвае здольнасць нашага арганізма процістаяць самым розным знешнім фактарам, якія намагаюцца змяніць яго нармальнае функцыянаванне. А каму ж не хочацца, каб з арганізмам было ўсё ў парадку? І дзеля гэтага некаторыя злоўжываюць імунамадэлюючымі прэпаратамі, якіх сёння на фармацэўтычным рынку нямала. Тое, што на самай справе трэба ведаць і рабіць дзеля імунітэту, тлумачыць загадчык кафедры паліклінічнай педыятрыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Уладзімір ЖАРНАСЕК.

2-7

— Паказанні для прызначэння імунамадэлюючых прэпаратаў сёння даволі шырокія. У айчынных праграмах лячэння і рэабілітацыі прадугледжваецца выкарыстанне імунамадулятараў для вырашэння праблемы рэцыдывуючых рэспіраторных інфекцый. Немагчыма адмахнуцца ад такіх лекаў у выпадках працяглай бактэрыяльнай, хламідыйнай, мікаплазмавай інфекцый, пры хранічных захворваннях органаў дыхання. Актыўна выкарыстоўваюцца імунамадулятары ў комплексным лячэнні дзяцей з тымі ж частымі рэспіраторнымі захворваннямі, працяглымі інфекцыямі, хранічнымі запаленнямі органаў дыхання, хранічнымі ачагамі насаглоткі. І гэта сусветная практыка.

— Ці можна весці размову аб выкарыстанні такіх прэпаратаў з мэтай прафілактыкі?

— Прафілактыка вострых рэспіраторных вірусных інфекцый бывае, як вядома, спецыфічнай і неспецыфічнай. Першая — гэта толькі вакцынацыя і толькі ў дачыненні да грыпу. Усе іншыя меры — неспецыфічныя і вельмі добра знаёмы. Гэта рацыянальнае, адпаведнае ўзросту харчаванне. Пры дэфіцыце вітамінаў дзецям і дарослым восенню-зімой можна прымаць вітамінна-мінеральныя комплексы. Абавязкова загартоўвацца! Аднак у выпадку кантактаў з носьбітамі рэспіраторнай інфекцыі (у садку, школе, на працы, дома і г.д.) паказаны індуктары інтэрферону, якія маюць розныя схемы прымянення для таго, хто ўжо захварэў, і для таго, хто побач з хворым. Выбар такога прэпарату ажыццяўляецца з улікам узросту. Сёння існуюць і геннаінжынерныя энданазальныя формы інтэрферону (не прэпараты крыві), што вельмі добра, у тым ліку айчыннай вытворчасці.

— Што такое імунітэт прыроджаны, а што — адаптыўны?

— Прыроджаны імунітэт абараняе ад інфекцый, ён ёсць ва ўсіх жывых істот, у тым ліку ў чалавека. І ў розных людзей ён розны. Што да адаптыўнага імунітэту, то ён характэрны не для ўсіх жывых істот, але ў чалавека ёсць. Сутыкаючыся з інфекцыяй, чалавек набывае неўспрымальнасць да яе. Адаптыўны імунітэт напрацоўваецца падчас непасрэднай сустрэчы з інфекцыяй або дзякуючы праведзенай вакцынапрафілактыцы.

— Імунітэт можа быць слабым ці моцным?

— Можна сказаць, што імунітэт бывае адэкватным пастаўленым перад ім задачам, а бывае неадэкватным. З узростам імунітэт мяняецца. Дзеці, якія часта хварэлі, з нізкім імунітэтам, з цягам часу могуць дасягаць належнага ўзроўню функцыянавання.

Наша імунная сістэма не адпачывае ніколі, таму што перад ёю пастаўлена надзвычай маштабная задача — захаваць пастаянства ўнутранага асяроддзя чалавека, у тым ліку клетачнага і генетычнага складу. Гэта наш ахоўнік. У кожным узросце ўзровень функцыянавання імунітэту адпавядае тым задачам, якія прырода перад ім ставіць. Таму і захворванні працякаюць па-рознаму ў розным узросце, ды і іх спектр таксама мяняецца — у дзяцей адно, у старых — іншае.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.