Вы тут

Нашчадкі акадэмікаў спрабуюць адстаяць свае сядзібы ў сталічнай Лошыцы


Адноўленая сядзіба Лошыцкага парку ў савецкія часы мела назву «Белы дом». Тут жылі супрацоўнікі доследнай станцыі Усесаюзнага інстытута раслінаводства, створанай у 1925 годзе, іх нашчадкі і цяпер памятаюць гады дзяцінства, праведзеныя ў «Белым доме». У ім яны даўным-даўно не жывуць, аднак неўзабаве могуць страціць і дамы, у якіх правялі большую частку далейшага жыцця, — у новай рэдакцыі Генеральнага плана Мінска яны ідуць пад знос, а на іх месцы плануецца пабудаваць шматпавярховікі.

2-21

 Генадзь Усціновіч адрамантаваў свой дом уласнымі рукам

 

Што ні дом — то памятная шыльда

На супрацьлеглым ад парку баку ракі, дзе цяпер парослая бур'яном пустка чакае інвестара для шматпавярховай забудовы, яшчэ не так даўно былі сельгасугоддзі Усесаюзнага інстытута раслінаводства. Дакладней, доследныя палі, дзе вырошчвалі агародніну, былі гадавальнікі бэзу, чорных парэчак, маліны.

— Кіраваў усёй гэтай справай з Масквы Мікалай Вавілаў, які за агароджай насупраць камвольнага камбіната заклаў сад. Пладовыя дрэвы і кустарнікі ён прывозіў з усяго свету. На аснове гэтай калекцыі пачалася селекцыя пладовых і ягадных культур у Беларусі, — гаворыць мясцовая жыхарка, дачка прафесара, доктара сельгаснавук Аркадзя Дзявятава Любоў ГАМОЛКА. — Цяпер гэты сад вырублены, тут смажацца шашлыкі...

У 1958 годзе на базе доследнай станцыі стварылі Беларускі навукова-даследчы інстытут пладаводства, агародніцтва і бульбы. І тады ж для супрацоўнікаў пабудавалі цэлую вуліцу — Мічурына. Уздоўж яе ўзвялі тыпавыя домікі, прычым два першыя з іх паабапал вуліцы, бы своеасаблівая брама, якая запрашае ў пасёлак, стаяць упоперак.

Будынкі, што называецца, капітальныя: сцены — больш за паўметра таўшчынёй. Ужо ў тыя гады ў іх была вада, адпаведна, праведзена каналізацыя. Ацяпленне адразу было пячным, але печы не абы-якія — галандскія, з прыгожай кафляй.

На кожным доме па Лошыцкім завулку (менавіта так цяпер называецца колішняя вуліца Мічурына) можна вешаць мемарыяльную шыльду. Тут жыў першы дырэктар інстытута кандыдат сельскагаспадарчых навук Леанід Скрыпнічэнка, член-карэспандэнт АН БССР, арганізатар і першы дырэктар Інстытута абароны раслін, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Антон Амбросаў, дактары навук, прафесары Аркадзь Дзявятаў і Анатоль Волузнеў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Зоя Рамнёва, найслыннейшыя селекцыянеры і агратэхнікі Аркадзь і Эма Сюбаравы, першая ў Беларусі жанчына — Герой Сацыялістычнай Працы Тамара Шкурко і многія іншыя. Нездарма комплекс будынкаў па завулку Лошыцкім, вуліцах Лошыцкай і Юбілейнай атрымаў назву «вёска навукоўцаў» і па рашэнні Мінгарвыканкама з 1992 года ўвайшоў у зону аховы помніка гісторыі і культуры разам з Лошыцкай сядзібай і іншымі будынкамі.

Вядома, час рабіў сваю справу, і дамам навукоўцаў патрабаваўся рамонт. Цяпер некаторыя з іх часткова перабудаваны: у 1990—2000-х давалі дазвол на рэканструкцыю. І гэта адыграла дрэнную ролю ў лёсе пасёлка: летась статус «вёскі навукоўцаў» як гісторыка-культурнай каштоўнасці скасавалі ў сувязі з тым, што архітэктурная задумка квартала ўжо парушана.

У адным з «папярочных» будынкаў жыве Генадзь Усціновіч з сям'ёй. Яго бацька меў непасрэднае дачыненне да будаўніцтва вуліцы.

— У 1999 годзе мы гэта ўсё ўзаконілі, атрымалі тэхпашпарты, аформілі зямлю. Але ў новым генплане напісана, што гэты дом мае больш за 50% зносу. Напэўна, праз тое, што не адрамантавана другая палова. Але гэта рэальна зрабіць, проста людзям не даюць, — расказвае Генадзь.

— Мы баімся ўкласці грошы, бо кожныя пяць гадоў мы на мяжы зносу, — падхоплівае Любоў Гамолка, якая жыве ў такім жа «папярочным» доме насупраць Генадзя.
2-20

 Прыкладна так першапачаткова выглядалі ўсе будынкі па Лошыцкім завулку

 

«Калі сцерці гісторыю, з чым мы застанемся?..»

Падобная гісторыя з пагрозай зносу адбывалася ў 2009 годзе. Тады жыхары распачалі барацьбу за свае сядзібы, пісалі лісты ў дзяржустановы і дамагліся свайго. Аднак, як высветлілася, ненадоўга. Сённяшняя перапіска з адміністрацыяй раёна малапрадуктыўная.

— Мы пісалі зварот наконт двух дамоў па завулку Лошыцкім, а адказ нам далі па двух дамах па завулку Юбілейным. Не разабраўшыся, далі адпіску, — расказваюць суседзі. — Але мы будзем працягваць пісаць, таму што хочам тут застацца. Бо важныя нават не самі дамы, а гісторыя і ўнёсак тых людзей, якія тут жылі. Калі сцерці гісторыю, з чым мы тады застанемся?

Мясцовыя жыхары лічаць, што архітэктары маглі б прыкласці намаганні для рэканструкцыі пасёлка, тым больш што выглядае завулак Лошыцкі даволі акуратна і занядбаным яго дакладна не назавеш. На прысядзібных участках тут вырошчваюць магноліі, абрыкосы, грэцкія арэхі — такія віды раслін сустрэнеш не ў кожным батанічным садзе. Жыхары нават згодныя прывесці ўсе дамы да сучаснага горадабудаўнічага выгляду, абы толькі далі надзею на магчымасць застацца.

Сярод сённяшніх жыхароў «вёскі навукоўцаў» — ужо трэцяе пакаленне вучоных — біёлагаў, кандыдаты навук у галіне хіміі, фізікі, эканомікі, галоўныя інжынеры, праграмісты буйных кампаній, выкладчыкі вядучых ВНУ Мінска, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР, прэмій Прэзідэнта, спецыялісты ў іншых сферах.

Яўген Шамяткоў — сын знакамітых пчалаводаў Міхаіла і Антаніны Шамятковых. Калі некалькі гадоў таму яго маці споўнілася 80 гадоў, у яе гонар ён пасадзіў на ўчастку вінаград. Расліна прынялася, але цяпер аказалася пад пагрозай знішчэння. Памяць аб маці навукоўца — таксама.

IMG_0719

«Ты нарадзіў дзіця, а ў цябе яго хочуць забраць»

Разам са зносам прыватнага сектара і далейшай забудовай гэтага лапіка зямлі паўстае экалагічная праблема для наваколля.

— «Белы дом» стаіць на гары. З яго адкрываецца цудоўная перспектыва: унізе — рака, за ёй — балотцы, гэта таксама свая экасістэма з рэдкімі відамі раслін і птушак. Цяпер сядзіба стала развітым турыстычным цэнтрам. І атрымліваецца: стануць турысты на гары — і што яны ўбачаць? Шэрыя панэльныя дамы? — абураюцца жыхары.

Яны кажуць, што за іх дамамі захаваліся пасадкі калекцыйнага бэзу і фундука, розных форм арабіны. Расліны вырубяць, як калісьці вырубілі шыкоўную алею з 20-метровых ліп. Апроч таго, для лошыцкага музейнага комплексу былі распрацаваны рэгламенты забудовы тэрыторыі, якія, па меркаванні жыхароў, ужо парушаюцца.

— Калі была прэзентацыя праекта ў Ленінскім раёне, распрацоўшчык Галіна Перліна сказала, што для гэтага раёна прапануюць высакашчыльную шматпавярховую забудову. Гэты тэрмін прадугледжвае пэўны дыяпазон па павярховасці і колькасці людзей на гектар. Распрацоўшчык сказала, што «мы прапануем усё гэта зрабіць па ніжняй мяжы». Але ж вы разумееце: калі ёсць рэгламент, які прадугледжвае як ніжнюю мяжу, так і верхнюю, то, калі знойдзецца інвестар, ён будзе забудоўваць па верхняй мяжы. Таму гэта ўсё — гульня слоў, — мяркуе Любоў Аркадзьеўна.

Ушчыльненне ўзмоцніць і так вострае пытанне з дзіцячымі садкамі ў Лошыцы, узнікне і праблема з паркоўкамі.

— Каля ракі знаходзіцца водаахоўная зона. І калі ў пачатку Лошыцы яна дасягае двух кіламетраў, то на нашай тэрыторыі звужаецца да 200 метраў, а далей плануюцца дзве шасэйныя дарогі і жылы мікрараён. А што гэта такое? Зімой — соль, змяненне напрамку вятроў і парушэнне водна-зялёнага дыяметра, хімічнае забруджванне. Тут нічога не застанецца, ніякіх рэдкіх відаў.

Жыхары пакінулі свае заўвагі праекціроўшчыкам і ў тым ліку пацікавіліся, ці прайшоў праект экалагічную экспертызу. Цяпер яны рыхтуюць лісты ў Мінпрыроды.

— Чаму за кошт адных трэба будаваць жыллё для іншых? І для каго яны будуюць, дзе рэальна тыя гараджане? Чым больш будуюць, тым больш людзей з абласцей прыязджае і хоча тут пасяліцца, а там усё чахне, — задаюцца пытаннямі суразмоўцы.

Дом, у якім жыве Таццяна Раманавец, унучка члена-карэспандэнта НАН Амбросава, 13-ты біёлаг у сям'і, у 1998 годзе перажыў пажар. Ратавалі сям'ю і рэчы ўсёй вуліцай — тут сапраўды асаблівая атмасфера і адносіны паміж суседзямі, якія ў шматкватэрных дамах рэдка сустрэнеш. Будынак давялося рэканструяваць, і суседзі таксама дапамагалі мяняць дах, рамантаваць пакоі. Седзячы ў прасторнай Таццянінай кухні, з сумам думаеш пра сваю «сяміметроўку» і здзіўляешся, як абноўленаму, адрамантаванаму дому маглі паставіць «кляймо» — больш за 50% зносу. Такую выснову зрабілі супрацоўніцы БТІ, якія пяць гадоў таму візуальна ацэньвалі стан дамоў, прычым у жыллё Таццяны, па яе словах, нават не зайшлі.

Людзі гавораць, што ўклалі ў свае дамы столькі маральных, фізічных і матэрыяльных сіл і сродкаў, што іх не пакрые ніякая кампенсацыя. Перасяленне з дома ў кватэру яны лічаць не паляпшэннем жыллёвых умоў, а якраз наадварот.

— Гэта тое ж, што ты нарадзіў дзіця, а ў цябе яго хочуць забраць. Паклаў на гэта маладыя гады жыцця, і ў мяне ўжо не хопіць здароўя наноў уладкоўваць жыллё, — лічыць Генадзь Усціновіч, які, нягледзячы на пагрозу зносу, працягвае добраўпарадкоўваць свой дом...

IMG_0726

Афіцыйна

— На сёння гэтыя дамы страцілі сваю каштоўнасць у плане гісторыі, паколькі кожны з іх зменены: былі выкананы надбудовы, прыбудовы. Таму і Мінкульт падтрымаў, што гэтая вуліца пойдзе пад знос, — сказала падчас грамадскага абмеркавання праекта ў Ленінскім раёне галоўны архітэктар праектаў прадпрыемства «Мінскпраект» Галіна ПЕРЛІНА. — Менавіта сёння, калі ёсць указ Прэзідэнта аб вынасе аэрапорта Мінск-1 за межы сталіцы і засваенні зямлі пад «Мінск-Мір», гэтая тэрыторыя набывае зусім іншую якасць, таму што доўгія гады тут немагчыма было наогул нічога будаваць. У сувязі з тым, што і развіццё генплана ў асноўным тычыцца развіцця горада ўнутры кальцавой, і тэрыторый для будаўніцтва жылля стала мала, перад намі была пастаўлена задача аб зносе сядзібнай забудовы з максімальнай інтэнсіўнасцю выкарыстання дадзенай тэрыторыі. Сёння гэтая сядзібная забудова — 3,5 тысячы квадратных метраў жылля, а пабудаваць мы зможам 35 тысяч. Таму мы вымушаны былі прыняць такое рашэнне.

Тое, што дамы «вёскі навукоўцаў» падлягаюць зносу, падчас нядаўняй прамой тэлефоннай лініі пацвердзіў і першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Валерый ВАРАНІЦКІ. Ён звярнуў увагу, што раней гэтыя 13 дамоў па завулку Лошыцкім і вуліцы Юбілейнай прадугледжвалася захаваць, але паколькі гісторыка-культурнай каштоўнасці яны ўжо не ўяўляюць, то на гэтай тэрыторыі пабудуюць дарогу, правядуць падземныя камунікацыі і ўзвядуць шматкватэрныя дамы.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?