Вы тут

Большасць захворванняў вачэй у дарослых — водгукі дзіцячых праблем


Афтальмолагі папярэджваюць: рэклама прыватных цэнтраў, якая кажа, што толькі ў іх «без болю, уколаў і швоў», некарэктная. Такія ж аперацыі праводзяць і ў дзяржаўных клініках. «Пераўзбраенне афтальмалагічнай службы пачалося з 2007 года. Цяпер наша абсталяванне адпавядае еўрапейскім і сусветным стандартам, а высокатэхналагічныя метады дыягностыкі даступны ў кожным рэгіёне», — адзначае галоўны пазаштатны афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя Таццяна ІМШАНЕЦКАЯ. Якія тэхналогіі выкарыстоўвае беларуская медыцына, каб аднавіць зрок, ці існуюць бясшкодныя гаджэты і чаму клапаціцца пра вочы трэба ў першую чаргу дзецям, расказваюць спецыялісты.

2-5

Складаныя аперацыі за «бясплатна»

Летась у стацыянарах пралячыліся 46 тысяч пацыентаў з захворваннямі вачэй, з іх больш за 31 тысячу падвергліся лазернай хірургіі. Самая распаўсюджаная афтальмалагічная аперацыя ў Беларусі — выдаленне катаракты. У 90 працэнтах аперыруюць з прымяненнем малых разрэзаў. Гэта скарачае час знаходжання ў бальніцы, чалавек хутчэй вяртаецца да працы.

За пяць гадоў колькасць функцыянальных даследаванняў вачэй вырасла ў тры разы, ультрагукавых — амаль у два разы. Некаторыя складаныя аперацыі для саміх пацыентаў нічога не каштуюць (што тычыцца дзяцей, то для іх уся афтальмалагічная дапамога бясплатная). Напрыклад, трансплантацыя рагавіцы з дапамогай фемтасекунднага лазера, які дазваляе рабіць трансплантанты максімальна адпаведнага памеру. Упершыню ў Беларусі яе правялі ў 2013-м. На сёння гэту аперацыю перанеслі каля 70 чалавек.

— У нас добра развіта пластычная хірургія арбіты і слёзных органаў, — дадае Таццяна Аляксандраўна. — На постсавецкай прасторы засталіся адзінкавыя хірургі, якія займаюцца гэтым напрамкам. І мы ганарымся тым, што ў нас такія спецыялісты ёсць. Хаця гэта і не настолькі папулярныя аперацыі: яны касметычныя, не паляпшаюць зрок.

Пяць гадоў таму мы былі на канферэнцыі ў Грузіі. Выступалі самымі апошнімі. Астатнія навукоўцы спачатку сумняваліся: «Жанчыны з Беларусі, што яны могуць сказаць?» І былі прыемна ўражаны. Цяпер у нас на кафедры ўжо правучыліся дзеці вядучых прафесараў Грузіі. Прыязджаюць і калегі з Расіі. Нядаўна, напрыклад, паступіла заяўка з Санкт-Пецярбурга. Чалавек атрымаў грант, каб прайсці курсы ўдасканальвання ў нас.

Вінаваты... гаджэты

Большасць скаргаў, з якімі звяртаюцца да афтальмолагаў у дарослым узросце, — гэта водгукі праблем, набытых у дзяцінстве. «Калі ў 18-20 гадоў пачынаеш лячыць адслаенне сятчаткі (захворванне, якое лечыцца толькі хірургічна), то бачыш, што ў кожнага другога з пацыентаў — блізарукасць. Гэта праблема не ўзнікае раптоўна», — каментуе Таццяна Імшанецкая.

Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, у структуры агульных дзіцячых захворванняў паталогія органаў зроку апошнія гады займае другое месца. Калі дашкольнікаў з блізарукасцю — 22 працэнты, то ва ўзросце ад 7 да 15 гадоў гэты дыягназ мае палова. Асноўнай прычынай праблем са зрокам спецыялісты лічаць празмернае захапленне сучаснымі гаджэтамі.

— Сродкаў, якія маглі б абараніць нашых дзяцей ад шкоднага ўздзеяння ўсёй электронікі, не існуе, — папярэджвае Вікторыя КРАСІЛЬНІКАВА, галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг міністэрства. — Ёсць выразныя санітарныя нормы, якія абмяжоўваюць дзяцей па занятках з тэхнікай у кожнай узроставай групе. У дашкольнікаў праца за камп'ютарам, прагляд тэлевізара, карыстанне планшэтам ці тэлефонам павінны складаць не больш за 15 хвілін на дзень. Гэта рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Для дарослых такіх жорсткіх абмежаванняў няма, бо пасля 25 гадоў вока перастае расці і нагрузкі ўспрымаюцца лягчэй.

Вікторыя Леанідаўна раіць таксама захоўваць гігіену зроку пры падрыхтоўцы ўрокаў дома: «У нас як бывае? Дзіця прыйшло і, пакуль усе заданні не зробіць, з-за стала не ўстане. Можа прасядзець гадзіны тры-чатыры. Трэба рабіць перапынкі: 45 хвілін школьнік працуе, 15 адпачывае. І падчас адпачынку не пераключаецца на гаджэты. Каб знізіць нагрузку на вочы, варта часцей, дзе гэта магчыма, слухаць аўдыякніжкі».

У транспарце — не чытаць

У планшэце, на думку экспертаў, толькі адзін плюс — можна павялічыць шрыфт. Электронныя «чыталкі» з матавай паверхняй, дзе няма блікаў, бываюць больш карыснымі, чым звычайныя кнігі з дробнымі літарамі. Наколькі планшэты з электронным чарнілам больш небяспечныя за тэхніку з вадкакрышталічным экранам, пытанне спрэчнае.

— Мы падымалі літаратуру па гэтай тэме, — каментуе Таццяна Імшанецкая. — Не заўсёды можна вызначыць, ці не замоўлены гэтыя артыкулы вытворцамі. Складана аддзяліць праўду ад камерцыйнага заказу.

У транспарце, як лічаць афтальмолагі, і ўвогуле лепш адмовіцца ад карыстання гаджэтамі. Немагчыма захаваць патрэбную адлегласць паміж вачыма і экранам. Плюс дрэннае асвятленне. Нават у дарослых чытанне ў такіх умовах можа выклікаць сіндром сухога вока.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.