Вы тут

Не даць яму вярнуцца


Дзень 1 снежня набыў статус штогадовай сусветнай падзеі, якая дэманструе міжнародную салідарнасць у барацьбе з эпідэміяй ВІЧ/СНІД. Тэма гэтага года — «Паскарэнне мер для выкаранення СНІДу».

На планеце пражывае звыш 35 млн чалавек, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту, і штодня гэтая лічба павялічваецца на 14-15 тысяч. У нашай краіне з такім статусам жыве больш 15 тысяч. Расце колькасць інфіцыраваных палавым шляхам перадачы, высокая распаўсюджанасць інфекцыі сярод тых, каму за 30.

Як паведамляюць у Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у краіне створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і тэставання на ВІЧ-інфекцыю. Прайсці тэст, у тым ліку ананімна, можна ў любой лячэбнай установе, якая мае працэдурны кабінет.

Усім ВІЧ-носьбітам, якім паказана спецыфічнае лячэнне, бясплатна прадастаўляюцца лекі для антырэтравіруснай тэрапіі. Яе атрымліваюць 6755 чалавек, у тым ліку 201 дзіця. Якасць жыцця падчас прыёму лекаў нічым не адрозніваецца ад якасці жыцця іншых людзей, і пры гэтым тэрапія зніжае рызыку перадачы ВІЧ.

Краіны прымаюць Стратэгію ЮНЭЙДС па паскарэнні мер, каб да 2020 года падвоіць колькасць людзей, што знаходзяцца на выратавальным лячэнні ад ВІЧ. За апошнія 15 гадоў быў дасягнуты неверагодны прагрэс у мерах па процістаянні ВІЧ. Сёлета ўжо 15,8 млн чалавек мелі доступ да антырэтравіруснай тэрапіі (у 2010-м было 7,5 млн, 2005-м — 2,2 млн). Па ацэнках ЮНЭЙДС, у 2014 годзе колькасць новых ВІЧ-інфекцый знізілася на 35 працэнтаў у параўнанні з пікавым узроўнем 2000 года, а смяротнасць у выніку СНІДу скарацілася на 42 працэнты з часоў пікавага ўзроўню 2004-га.

«Кожныя пяць гадоў мы дамагаліся больш як двухразовага павелічэння колькасці людзей, якія знаходзяцца на выратавальным лячэнні, — кажа выканаўчы дырэктар ЮНЭЙДС Мішэль Сідзібэ. — Нам трэба зрабіць гэта ўсяго яшчэ адзін раз, каб спыніць эпідэмію СНІДу і не даць ёй вярнуцца».

Шэраг высокаэфектыўных праграм прафілактыкі і лячэння ВІЧ рэалізуюцца ў розных краінах і розных групах насельніцтва. Так, у Батсване ў выніку змянення палітыкі пашырыўся доступ да сярэдняй адукацыі. Было даказана, што кожны дадатковы год сярэдняй адукацыі прыводзіць да зніжэння агульнай рызыкі ВІЧ-інфіцыравання на 8 працэнтаў. Чвэрць транссексуальнага насельніцтва сталіцы Сальвадора ахоплена комплексным пакетам паслуг па прафілактыцы ВІЧ з улікам асаблівых патрэб гэтай надзвычай маргіналізаванай групы і г.д.

ЮНЭЙДС вылучае 35 краін, якія маюць патрэбу ў паскарэнні мер і на якія прыпадае 90 працэнтаў новых ВІЧ-інфекцый. Засяроджанасць намаганняў на пэўных месцах пражывання і групах насельніцтва, на рэалізацыі самых паспяховых праграм прынясе велізарную карысць да 2030 года: будуць папярэджаны 21 млн смерцяў, 28 млн новых ВІЧ-інфекцый, каля 6 млн новых інфекцый сярод дзяцей.

Можна абараніцца

• Заўсёды і паўсюль карыстайцеся асабістымі прадметамі гігіены.

• Не майце палавых сувязяў з людзьмі, якія ўжываюць наркотыкі.

• Не ўжывайце наркотыкі.

• Пазбягайце выпадковых палавых сувязяў. Карыстайцеся прэзерватывам, калі не пазбягаеце.

 

* Жанчыны часцей за мужчын заражаюцца ВІЧ нават ад аднаразовага неабароненага палавога кантакту.

* Большасць дзяцей заражаецца ад сваіх маці падчас цяжарнасці, родаў або пры грудным выкормліванні.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.