Вы тут

У Адэльску — свята млынароў, у Азёрах — рыбакоў, або Кожнаму мястэчку па «фішцы»


У Гродзенскім раёне стараюцца папулярызаваць гісторыка-культурную спадчыну, традыцыі сваіх населеных пунктаў — дзеля мясцовых жыхароў і гасцей. Вось і нядаўна ў аграгарадку Адэльск адбылося свята млынароў. З гэтай нагоды — пытанні карэспандэнта «Звязды» да начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама Наталлі РАМАНОВІЧ.

2-39

— У чым гістарычныя карані свята млынароў і якія цікавінкі там можна ўбачыць?

— Гэтае свята прымеркавалі ў Адэльску да дня святога Марціна, заступніка млынароў. Яно распачынаецца са службы ў касцёле, а затым, пасля тэатралізаванага шэсця ўдзельнікаў ладзяцца розныя імпрэзы. Сёлета, напрыклад, у праграме свята, акрамя выступленняў аматараў народнай песні, былі конкурс бытавых танцаў «Восень у стылі этна», а таксама конкурсы «Найлепшы святочны каравай» і «Найлепшы традыцыйны падворак». Госці пабывалі ў музейных пакоях Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці. У адным прадстаўлены драўляныя музычныя інструменты народнага майстра Беларусі Мар'яна Скрамблевіча, а ў другім — ткацтва і вышыўка Наталлі Кавальковай. Прычым і Мар'ян Антонавіч, і Наталля Мікалаеўна не проста паказваюць свае вырабы, але і праводзяць майстар-класы для ўсіх зацікаўленых.

Дарэчы, дзякуючы супрацоўнікам мясцовага цэнтра культуры і народнай творчасці быццам вярнулася з мінуўшчыны і яшчэ адно свята — «Адэльскі фэст». Як і ў былыя часы, імпрэзы ладзяць на старажытнай кірмашовай плошчы. Некалькі месяцаў таму падчас фэсту ўрачыста адкрылі памятны знак да 525-годдзя заснавання Адэльска, на якім выгравіравана выява заступніка мясцовых жыхароў — святога Антонія. Стварылі інтэрнэт-блог аграгарадка «Адэльскі летапіс» з гістарычнымі, археалагічнымі і іншымі звесткамі пра яго.

— Якія яшчэ імпрэзы ладзяцца ў тых ці іншых месцах раёна?

— Стараемся, каб у кожным аграгарадку было сваё брэндавае свята. У Азёрах гэта свята рыбака, у Капцёўцы — свята вяндліны, у Парэччы — лісічак, у Індуры — беларускай лялькі, у Квасоўцы — фестываль фальклору «Вяртанне да вытокаў». Напрыклад, у апошнім удзельнічаюць усе клубныя ўстановы раёна, аматарскія калектывы і салісты. Сёлета ў першы фестывальны дзень прайшоў конкурс рэгіянальнай кухні і рамёстваў «Чароўная скарбніца». На падворках праводзілі майстар-класы народныя майстры, дэманстравалі пэўныя этапы прыгатавання мясцовых страў. А ў другі дзень адбыўся конкурс этнаграфічнай і фальклорнай спадчыны, дзе ўстановы культуры прадставілі праграмы, заснаваныя на мясцовых традыцыях, — з песнямі і прыпеўкамі, народнымі танцамі і гульнямі.

— Наколькі перспектыўныя гэтыя мясцовыя «фішкі» з пункту гледжання прыцягнення турыстаў?

— Шмат імпрэз ладзім у раёне нашай прыроднай жамчужыны — Аўгустоўскага канала. Ужо традыцыйнымі сталі рэгіянальнае свята народнай творчасці «Аўгустоўскі канал запрашае сяброў» і абласны фестываль «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», другі дзень якога з мінулага года праходзіць і ў г. Аўгустоў (Польшча). Работнікі культуры прапануюць турыстам фальклорнае шоу «Забавы па-жытамлянску», тэатралізаваныя паказы «Гулянка па-квасоўску», «У госці да Гандзі» і іншыя. Не пакідае турыстаў абыякавымі і дэгустацыя страў нацыянальнай кухні.

Дарэчы, вышэйзгаданы праект «Свята млынароў» перамог на конкурсе «Найлепшы праект турыстычнай падзеі 2014 года ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях». А ўвогуле ў раёне распрацавалі і цяпер паспяхова рэалізуем шэсць гісторыка-культурных турыстычных маршрутаў, дзякуючы якім сёлета ўжо атрымалі больш за 125 мільёнаў рублёў пазабюджэтных даходаў.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Гродзенскі раён

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.