Вы тут

«Звязда» — гэта наша, беларускае слова!


«У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. «Звязда» — адзіная штодзённая газета, якая выходзіць на першай. У яе эпіграфе так і значыцца: родная, на роднай мове. Але ж я, колькі ні шукаў у слоўніках, не знайшоў там такога беларускага слова, — піша ў рэдакцыю спадар Міхаіл Буйніч з Гомеля. — Ды і нашы класікі, наколькі ведаю, пісалі пра зоры, зорачкі, заранкі... Тады адкуль узялася «Звязда»? Трэба разумець, ад рускага «звезда» толькі з памылкай? Прабачце, але гэта нагадала мне ўбачанае на адным з нашых шапікаў слова «цвяты»...

І яшчэ. Калі газета сапраўды беларускамоўная, то чаму на рускай мове ў ёй падаецца рэклама? — пытаецца чытач. — Чаму на ёй жа друкуецца дадатак «Союз Евразия»? Дарэчы, якраз у ім не так даўно быў артыкул Надзеі Юшкевіч «Сохранить чистоту «великого и могучего». У ім паведамлялася пра тое, што прадстаўнікі 15 дзяржаў з'язджаліся ў Мінск, каб абмеркаваць праблемы захавання рускай мовы... Вось дзе прыклад клопату, у тым ліку для нас, беларусаў! Хоць, як на мой погляд, дык рускай мове ў нашай краіне нішто не пагражае. А вось беларускую трэба падтрымліваць і захоўваць. Ці не так?»

Каб адказаць на ўзнятыя ў гэтым лісце пытанні, спецыяльна для спадара Буйніча ды, магчыма, іншых адносна новых чытачоў нашай газеты адкрыем «Беларускую энцыклапедыю» (Мінск, 1998 г., т. 7). Паводле яе, «Звязда» — гэта, па-першае, штодзённая грамадска-палітычная газета, якая выходзіць з 1917 года... А па другое — рухомая шматпрамянёвая асветленая знутры зорка на кіі, з якой хадзілі так званыя звездары, атрыбут каляднай абраднасці.

Далей у артыкуле ідзе досыць падрабязны расказ пра тое, з чаго і як ён, гэты атрыбут, рабіўся, чым упрыгожваўся. Дадаецца таксама дакумент — фатаграфія хлопчыка з вёскі Капылы Камянецкага раёна з гатовым вырабам, адзначаецца (падкрэслім — у энцыклапедыі!), што здымак зроблены ў 40-я гады, а наогул, звычай нашэння звязды быў пашыраны да 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя.

Тады, трэба разумець, само гэтае слова сумненняў не выклікала. Але ж у многіх яно не выклікае іх і цяпер, бо яны яшчэ памятаюць гэты калядны абрад, удзельнічалі ў ім самі альбо чулі ад сваіх бацькоў.

Больш за тое, у многіх куточках краіны падчас Каляд звёзды, як сімвал сонца, па-ранейшаму «загараюцца»! Ахвотныя пераапранаюцца ў «мядзведзя», «казу» і «жорава», ходзяць па хатах і кватэрах — віншуюць гаспадароў, спяваюць жартоўныя песні, частуюцца, варожаць, гуляюць у «жаніцьбу Цярэшкі»...

Жывая традыцыя, жывое слова, у тым ліку, магчыма, дзякуючы самому факту існавання газеты.

...Што тычыцца дадатку «Союз Евразия», то дзякуючы яму «Звязду» (у тым ліку ў электронным выглядзе) усё актыўней пачынаюць чытаць у тым самым Саюзе — у Расіі, Казахстане, Арменіі, Кыргызстане... Чытаюць на зразумелай у гэтых краінах рускай мове, мове міжнацыянальных зносінаў, што, дарэчы, дазваляе рэдакцыі эканоміць на перакладах — з беларускай на тую ж, напрыклад, армянскую, казахскую і г.д.

З той жа прычыны пераважна на другой з дзяржаўных моў друкуецца і рэклама.

Асобныя з чытачоў прапануюць (а то і настойваюць!) зменшыць яе аб'ёмы. Ды што там — нават зусім адмовіцца... Але ж гэта пакуль немагчыма. Хаця б таму, што тады давялося б павышаць кошт падпіскі і, адпаведна — страчваць пастаянных чытачоў. «Звязда» ж наадварот — зацікаўлена ў тым, каб іх было болей!

А таму падчас чарговай падпісной кампаніі мы, яе супрацоўнікі, па-ранейшаму спадзяёмся не толькі на паштальёнаў ды грамадскіх распаўсюджвальнікаў, мы спадзяёмся на нашых шчырых прыхільнікаў. Калі вам неабыякавы лёс роднай мовы, лёс газеты, якую з нецярпеннем чакалі і чыталі (нават у гады вайны!) вашы дзяды і прадзеды, калі яе ж чытаеце і паважаеце вы, калі ласка, прапагандуйце — райце яе сваім суседзям, сябрам, супрацоўнікам, давайце пачытаць...

Тады, магчыма, у «Звязды» стане больш падпісчыкаў, шырэй загучыць яе назва, вернецца ў шырокі ўжытак само гэтае слова — звязда!

І ні ў кога не застанецца сумненняў наконт таго, беларускае яно ці не. Беларускае... З энцыклапедыяй (паводле слоўніка, навуковым даведачным выданнем) не паспрачаешся.

Аддзел пісьмаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.