Вы тут

У Віцебску ўручылі літаратурную прэмію аблвыканкама імя Уладзіміра Караткевіча і ўганаравалі пераможцаў маладзёжнага конкурсу


— Прэмію імя Уладзіміра Караткевіча за ўсе гады яе існавання атрымалі больш за 20 чалавек. І сярод іх не толькі літаратары, а і работнікі культуры, адукацыі. Лаўрэатамі сталі і калектывы аршанскага музея Караткевіча, віцебскай бібліятэкі, якая носіць яго імя... У абласным літаратурным конкурсе сярод моладзі «Быў. Ёсць. Буду...» бралі ўдзел больш за 500 школьнікаў, студэнтаў, хлопцаў і дзяўчат, якія ўжо працуюць, — распавядае старшыня Віцебскага абласнога аддзялення «Саюза пісьменнікаў Беларусі» Тамара КРАСНОВА-ГУСАЧЭНКА. — У выніку журы вызначыла каля 30 пераможцаў. А 20 творчых работ было адзначана падзякамі.

3-42

Адным з лаўрэатаў літаратурнай прэміі ў намінацыі «проза» стаў Ігар Пракаповіч. Ён выкладае ў гімназіі №1 Пастаў, кіруе навуковым краязнаўчым таварыствам.

— Над выданнем «Чароўны край — Пастаўшчына» я працаваў больш за 30 гадоў. Яго асаблівасць у тым, што ёсць яшчэ і сшытак па курсе «Паставызнаўства». У камплект таксама ўваходзіць дыск з прэзентацыямі краю. Там шмат фотаздымкаў, якія зрабілі лепшыя пастаўскія фатографы, — расказаў лаўрэат.

У Віцебскім лялечным тэатры паводле твораў Караткевіча пастаўленыя тры спектаклі. Тэатр «Лялька» стаў лаўрэатам за прапаганду жыцця і творчасці Уладзіміра Сямёнавіча.

— «Ладдзя роспачы» — гэта шэдэўр. Ды ўсё, што напісаў Уладзімір Сямёнавіч — геніяльна! Мы пастараліся, каб Караткевіч «загаварыў» на «лялечнай мове». Упэўнены, у нас гэта атрымалася! — эмацыянальна падкрэсліў Віктар КЛІМЧУК, мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра «Лялька».

Калі ён распавядаў пра творчыя пошукі падчас пастановак па Караткевічу, нагадаў ягоныя словы: «І калі ты не стварыў такой песні ў гонар Радзімы і волі, вайны і любові, то шэлег табе цана, і лепш бы табе ніколі не быць паэтам. Такіх хопіць і без цябе».

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.