Вы тут

Навуковая і творчая інтэлігенцыя трох краін сабралася ў Мінску


Наша сталіца, памятаючы свой вопыт арганізацыі перамоў у «нармандскім фармаце» і застаючыся мірнай пляцоўкай для міжнародных мерапрыемстваў, сабрала ўчора прадстаўнікоў Расіі, Украіны і ўласна Беларусі на навукова-практычную канферэнцыю «Навука і культура ў сучасным дыскурсе».

Арганізатары мерапрыемства з беларускага боку, сярод якіх Міністэрства інфармацыі і Нацыянальная акадэмія навук, адзначаюць статус краіны як прызнанага цэнтра перамоўнага працэсу ў рэгіёне Усходняй Еўропы, таму недарэмна менавіта Мінск сабраў прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі трох дзяржаў.

«У час, калі ў свеце і на постсавецкай прасторы адбываюцца жахлівыя працэсы, нам, як ніколі, важна мець магчымасці і жаданне знаходзіць тэмы для дыскурсу і генерыраваць новыя ідэі, — сказала, вітаючы ўдзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі, міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч. — Мы пачыналі год з вялікага гуманітарнага праекта — Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, на пляцоўках якой пісьменнікі розных краін абмяркоўвалі актуальныя для літаратурнага свету пытанні, а ў гэты ж час у Палацы незалежнасці ішлі перамовы ў «нармандскім фармаце». Беларусь імкнецца да добрых узаемаадносін не толькі з дзяржавамі былога СССР, мы працягваем руку дабра і міру ўсім краінам. Сваёй палітыкай і практычнымі крокамі мы робім усё, каб будучыя пакаленні маглі будаваць новы свет без войнаў і канфліктаў».

Праграма канферэнцыі была падзелена на блокі па тэмах. Але выступленні прайшлі ў свабодным фармаце. Адзін з запрошаных гасцей, спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой, у першую чаргу адзначыў... дранікі, якія яму давялося паспытаць за дзень да канферэнцыі, і сказаў, што хаця б толькі дзеля іх варта было прыязджаць. Ён, дарэчы, выступіў суініцыятарам гэтай канферэнцыі і падчас пленарнага пасяджэння простым імправізаваным прыкладам адлюстраваў змены ў свядомасці грамадства. Узгадваючы словы Ліліі Ананіч, якая анансавала будучае важнае свята 2017 года — пяцісотгоддзе беларускага кнігадрукавання — Міхаіл Швыдкой спытаў: «А які юбілей мы назвалі б самым важным гадоў дваццаць пяць таму, зыходзячы з уласцівага нам тады светаўспрымання?» І сам жа адказаў: «Перамогу сацыялізму, вядома ж».

Больш за пяцьдзясят удзельнікаў, сярод якіх акадэмікі, палітолагі, выдаўцы, журналісты, эксперты ў розных галінах, кіраўнікі ВНУ, абмеркавалі агульнае мінулае і нашу будучыню.

Учора ж удзельнікі трохбаковай сустрэчы дзеячаў навукі і культуры Беларусі, Расіі, Украіны заснавалі «Мінскую ініцыятыву» — комплексны беларуска-расійска-ўкраінскі праект, скіраваны на актывізацыю навуковай і культурнай дзейнасці ў кожнай з краін і ў агульнай духоўнай прасторы праз напаўненне новым сэнсам трохбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва.

— У сённяшняй канферэнцыі бралі ўдзел дзеячы навукі, культуры і мастацтва трох дзяржаў: Беларусі, Расіі і Украіны. Нацыянальныя эліты разумеюць: менавіта Беларусь можа стаць пляцоўкай не толькі для палітычнага, але і для гуманітарнага супрацоўніцтва, бо мы не маем праблем у адносінах ні з Расіяй, ні з Украінай. У той жа час градус дыялогу паміж расійскім і ўкраінскім народамі цяпер нярэдка, што называецца, «зашкальвае». Менавіта Беларусь сёння ініцыявала праект пад назвай «Мінская ініцыятыва», каб знайсці форму для трохбаковых кантактаў і сяброўскага супрацоўніцтва дзеячаў навукі, культуры, СМІ. Мы ўпэўнены, што нават самыя балючыя раны загояцца і трэба ўжо сёння, не адкладваючы на потым, іх лячыць, — адзначыла Лілія Ананіч. — Таму «Мінская ініцыятыва» — гэта не проста дыскусійны клуб. Неўзабаве з'явяцца самыя розныя пляцоўкі — культурныя, навуковыя, інфармацыйныя, дзе будуць генерыравацца тыя праекты, якія дапамогуць будаваць гарманічны свет.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.