Вы тут

Дайце мужчынам быць мужчынамі!


«Няма сапраўдных мужчын...» — гэтае галашэнне чуецца ў разнастайных варыяцыях. Сапраўдны мужык звёўся, здрабнеў, змізарнеў, і пара яго занесці ў Чырвоную кнігу — побач з вяртлявай чаротаўкай і даўгахвостым лімнакалянусам. Так, жанчыны часам празмерна крытычныя да нас, мужчын. Але ў гэтым выпадку мушу прызнаць горкую праўду: моцная палова чалавецтва ў наш час не такая ўжо і моцная. Высакародныя рыцары без страху і заганы, мужныя і адначасова пяшчотныя, засталіся на зашмальцаваных старонках старасвецкіх раманаў.

бойка

Але на ўсё ёсць прычына. І мужчынская бязвольнасць або эгаізм — гэта не проста праява суб'ектыўных рыс характару. Ёсць і аб'ектыўныя абставіны, якія заахвочваюць мужчын паводзіць сябе менавіта так, а не інакш. Вось чаму, напрыклад, у жырафы вырасла такая доўгая шыя? Каб пад'ядаць лісце з верхніх галінак. А чаму крот амаль сляпы? Бо пад зёмлёй ад тых вачэй толку, як ад кажуха ў лазні. Арганізмы так ці інакш прыстасоўваюцца да навакольных умоў. Нешта набываюць, нешта страчваюць.

Штосьці падобнае адбываецца і ў грамадстве. У кожную эпоху запатрабаваны пэўны тып чалавека. Некалі ідэалам лічыўся суровы мужык, які і зямлю ўзараць можа, і чарговым шведа-манголам даць прачуханца. Мужчыны, на якіх скардзяцца сучасныя паненкі, — таксама прадукт эпохі. І залежыць якасць гэтага «прадукту» ад тых патрабаванняў, што да яго прад'яўляюцца. У тым ліку з боку жаночай супольнасці.

На словах дзяўчаты, вядома, чакаюць рыцараў. І бясконца вывешваюць у сацыяльных сетках пафасныя допісы пра Сапраўднага Мужчыну. Мужнага, абаяльнага, шчодрага, вернага, разумнага, багатага: Ален Дэлон, Брэд Піт і Біл Гейтс у адным флаконе. Але па жыцці жанчыны дэманструюць зусім адваротнае — цярплівасць і непатрабавальнасць.

У гэтым я пераканаўся ў юнацтве. Кветкі, вершы, зоркі з неба — такі стандарт адносін з дзяўчатамі некалі здаваўся мне адзіна магчымым. Але навучанне на гуманітарным факультэце развеяла ілюзіі. Факультэцкія «камсамолкі, спартсменкі і проста прыгажуні» часцяком мелі за кавалераў такіх «персанажаў», што ажно дрыжыкі бралі. Высветлілася, што пры сваёй дзяўчыне можна сыпаць мацюкамі, бы гарохам. А таксама мацаць яе за «апетытныя» месцы пасярод вуліцы. І не тэлефанаваць тыднямі... Не, я нікога не асуджаю. Сам не анёл. Але ж як гэтыя дзявочыя цярплівасць і некрытычнасць ужываюцца з марамі аб «прыўкрасным прынцу»? Дзе логіка?

Зрэшты, добрыя дзяўчаты часта любяць кепскіх хлопцаў. Закон прыцягнення супрацьлегласцяў. Але і з узростам паненкі не становяцца больш пераборлівымі. Наадварот, пару разоў «апёкшыся», жанчына разважае, што «лепей хоць які мужык, чым ніякага». Вось і жывуць з «хоць якімі». Гадамі церпяць ад іх п'янства, пабоі, знявагі і іншыя праявы неадэкватнасці. І бездапаможна разводзяць рукамі: «У нас жа дзеці...», «Не хочацца сям'ю разбураць...» Хоць мне бачыцца іншая прычына — падсвядомая боязь страціць свайго «хоць якога». І гэта прымушае наступіць на горла ўласнай годнасці і гонару.

Ёсць меркаванне, што ўся бяда ў гендарным перакосе. У адрозненне ад краін Захаду, жанчын у нас болей, чым мужчын. Немка ці якая шведка можа дазволіць сабе выйсці з дома без макіяжу і ў падкрэслена асэксуальным адзенні. Нашыя жанчыны нават у краму ходзяць на абцасах і з падведзенымі вуснамі. І ў гэтым бачыцца не толькі эстэтыка. У нас дамы вымушаныя канкураваць паміж сабой за кавалераў, а не наадварот. Таму ў мужчын няма стымулу ўласную мужчынскасць развіваць.

А яшчэ гэтая самая мужчынскасць змалку душыцца немужчынскім выхаваннем. Сістэма школьнай адукацыі даўно стала наскрозь жаночай. Нічога не маю супраць педагогаў-жанчын. Але яны самі прызнаюць, што мужыкоў школе катастрафічна нестае. (Чаму так сталася — асобная гаворка.) Зрэшты, застаецца сям'я, дзе павінна быць цвёрдая бацькава рука. Але «павінна» — не значыць «ёсць». У наш час сямейныя супярэчнасці ўсё часцей вырашаюць разводам, калі дзеці застаюцца з маці. І трэба аддаць належнае жанчынам: многія з іх здольныя самастойна забяспечыць дзяцей. Затое ўзнікае рызыка распесціць хлопчыка празмернай апекай. Спачатку за яго думае мама, пасля — жонка. А калі жонка раптам кідае небараку, ён не ведае, што яму рабіць і як жыць далей. Дарослы саракагадовы «хлопчык»...

Дый у поўных сем'ях мужчына ўсё часцей — рахманы працоўны «конік» ці разнавіднасць «мэблі». А мама прымае «камандаванне» на сябе. І дзеці засвойваюць менавіта такую мадэль сямейных адносін. Мама цягае каструлі з баршчом сваім дарослым дзецям. Мама знаходзіць ім мужоў-жонак. Мама іх пасля і выганяе. Мама вырашае, як выхоўваць унукаў. «Прадукт» мамчынага выхавання — тое самае пакаленне распешчаных, бязвольных, слабахарактарных мужчын. Мужчын, якіх з маленства вучылі, што галоўнае — гэта паслухмянасць. Такі мужчына прадказальны, паддаецца кантролю, увогуле зручны ў «эксплуатацыі». Але не варта чакаць ад яго рашучасці ў складаных сітуацыях і нейкіх сапраўдных учынкаў.

А «сапраўдны мужык», па якім уздыхаюць паненкі і кабеты, — ён звычайна «нязручны». Ён забяспечвае сям'ю, здольны самастойна прымаць рашэнні і быць той самай «каменнай сцяной». Але мае «пабочныя эфекты» ў выглядзе любові да машыны, рыбалкі, сяброўскіх пагулянак, футболу і г.д. І ўласных думак.

Мужчынам трэба даваць быць мужчынамі. Змалку дазваляць ім быць самастойнымі. І патрабаваць ад іх. Вучыць прапускаць наперад дзяўчат. Саступаць месца бабулям. Насіць маміны сумкі з крамы. Абараняць сябе і тых, хто побач... І не трэба нянькацца з хлопчыкамі да іх саракагоддзя. Інакш у Чырвонай кнізе аднойчы сапраўды давядзецца зрабіць новы запіс — «Мужчына Сапраўдны»...

Валянцін БОЙКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.