Вы тут

Уначы на Новы год чакаецца невялікі снег і слабы мароз


А ў першы дзень наступнага года сіноптыкі абяцаюць каля нуля.

Гэты снежань абяцае быць цяплейшым, чым у сярэднім за мінулыя гады. Аб гэтым паведаміў на брыфінгу «Надвор'е зімы 2015/16» начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.

У першую дэкаду месяца будзе ўвогуле не па-зімоваму цёпла. Так, ужо ў пятніцу праз тэрыторыю краіны будзе праходзіць атмасферны фронт, таму ў паўночных і цэнтральных раёнах чакаюцца кароткачасовыя ападкі — дождж і мокры снег. Па паўночным захадзе прагназуецца вецер з парывамі да 15-20 м/с, туман, на дарогах галалёдзіца. І ў найбліжэйшыя выхадныя надвор'е істотна не зменіцца, нават крыху пацяплее. У суботу і нядзелю ўначы будзе ад нуля да плюс 5 градусаў. Удзень чакаецца ўвогуле 2-8 цяпла. Да канца дэкады надвор'е будзе такім. Нягледзячы на адносную цеплыню, на вуліцы будзе сыра, ветрана і таму дыскамфортна.

Не вельмі істотна палепшыцца надвор'е і ў другой дэкадзе месяца. У асобныя дні чакаюцца кароткачасовыя ападкі — мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж. Месцамі прагназуецца галалёд і галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да мінус 5 градусаў, па паўднёвым захадзе — 1-3 цяпла. У трэцяй дэкадзе снежня часам чакаюцца ападкі ў выглядзе снегу і мокрага снегу, на дарогах будзе галалёдзіца. Тэмпература ўначы складзе 2-10 марозу, пры праясненнях — да мінус 10-14 градусаў. Удзень чакаецца ад мінус 4 да плюс 3 градусаў, у асобныя дні прагназуецца 5-8 марозу, але ўвогуле снежань будзе цёплым.

Дзмітрый Рабаў адзначыў, што да 20 снежня тэмпература паветра ў Беларусі будзе вышэйшай за норму, а потым, на калядныя святы, крыху пахаладае. Аднак, да Новага года тэмпература зноў пачне павышацца. Згодна з доўгатэрміновым прагнозам айчынных спецыялістаў, тэмпература паветра ўначы на Новы год чакаецца прыкладна ў дыяпазоне 1-6 марозу, а ўдзень будзе каля нуля. У гэтыя суткі месцамі па краіне прагназуюцца невялікія ападкі ў выглядзе снегу і мокрага снегу.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.