Вы тут

Я сам такі, або Дзякуй траўме за атрыманую мудрасць.


Мець статус інваліда —нагода хутчэй для смутку, чым для гонару. Гэтыя людзі жывуць побач з намі, але мы імкнёмся іх не заўважаць. Яны жывуць у асаблівым свеце, пра існаванне якога часам не здагадваюцца нават блізкія...

3-36

Яны могуць быць неверагодна таленавітымі і душэўна багатымі людзьмі, але грамадства зацята імкнецца адрынуць тых, хто не ўпісваецца ў «пракрустаў ложак» усеагульнай падобнасці.

Мне 66 гадоў, я стаў інвалідам першай групы пажыццёва пасля таго, як няўдала нырнуў і атрымаў цяжкую траўму пазваночніка. Я паспрабую асэнсаваць паняцце «інваліднасць», па-свойму «ўзважыць» гэта лёсавызначальнае слова ў дачыненні да сябе.

Інваліднасць — гэта, хутчэй за ўсё, лёс. Яна для мяне стала выпрабаваннем, навучыла памяркоўнасці, а яшчэ — думаць і прымаць свет такім, які ён ёсць. Дзякаваць Богу за кожную пражытую хвіліну ў гэтым свеце. Інваліднасць — гэта магчымасць пераасэнсаваць і змяніць да лепшага сваё жыццё. Даказаць, што я не горшы за іншых, а ў нечым нават пераўзыходжу паўнавартасных людзей па мэтанакіраванасці, сіле волі, духу, талентам, дадзеным ад Бога. Калі б я быў здаровым чалавекам, наўрад ці хапіла б мне часу (менавіта часу) падумаць над тым, хто я і навошта нарадзіўся на гэты свет. Мітусня і бытавыя клопаты не дазваляюць гэтага зрабіць. А пасля атрымання траўмы пазваночніка з'явіўся час падумаць і зразумець, што сапраўды важна ў гэтым жыцці.

Інваліднасць — гэта барацьба. Але пасля доўгай барацьбы прыходзіць пакора. Не, я не склаў рукі. Зразумеў: хопіць жыць з думкай, што калі-небудзь вярнуся да мінулага. Хоць адна з галоўных праблем, з якой сутыкаецца чалавек, атрымаўшы цяжкую траўму, — шкадаванне аб страчаным. Гэтыя думкі трэба адкінуць імгненна. Трэба займацца сабой і паралельна прыстасоўвацца, браць ад жыцця максімум і ўсімі сіламі імкнуцца быць карысным іншым людзям.

Інваліднасць — не толькі дадатковая нагрузка, але і стымул да творчасці. Калі б не яна, я не займаўся б тым, чым займаюся цяпер: жывапісам (больш 800 прац), напісаннем нарысаў і аповесцяў, удзелам у краязнаўчых віктарынах і конкурсах, у тым ліку у літаратурных конкурсах (намінацыя «Проза»). Як вынік — мноства дыпломаў і грамат. Супрацоўнічаю з раённай, абласнымі і рэспубліканскімі газетамі. У 2010 годзе выйшла мая кніга «Споведзь чалавека ў інваліднай калясцы». Дзякуй траўме за жыццёвую мудрасць! Дзякуй за тое, што дапамагла рэалізаваць сябе на асабліва складаных адрэзках лёсу. Маёй траўме 35 гадоў, і вельмі цяжка сказаць, кім бы я гэты час мог быць, калі б не інваліднасць. Можа, спіўся б на будоўлях і адышоў у іншы свет, як здарылася са шматлікімі маімі знаёмымі, з якімі працаваў раней?

Каб спраўляцца з бар'ерамі, трэба паставіць перад сабой пэўную мэту і ўпэўнена да яе імкнуцца. Галоўны бар'ер — гэта наш страх і наша лянота. Як змагацца? Рабіць тое, чаго баішся, і кожны дзень, кожную гадзіну, кожную хвіліну пераадольваць сваю ляноту. Гэта аснова поспеху. Я ведаю. Сам такі.

Слова «інвалід» не лічу абразлівым. Хоць трэба глядзець, у якім кантэксце яно гаворыцца. Я ж аддаю перавагу выразу «чалавек з інваліднасцю», таму што галоўнае — гэта чалавек, а з чым ён, з інваліднасцю ці з роварам, гэта ўжо другаснае. У некаторых краінах інваліды — гэта «людзі з павышанымі запатрабаваннямі», у нас — гэта «людзі з абмежаванымі магчымасцямі». Адчуйце розніцу.

Дарэчы, мною напісана матэрыялаў не на адну кнігу, іх героі — інваліды. Калі ж перафразіраваць словы К. Сіманава, дык бяда ў тым, што гэтыя рукапісы — усяго толькі рукапісы, якім, па-мойму, варта стаць кнігамі. Пакуль гэта мая блакітная мара, якую, можа, хтосьці пачуе, і яна ажыццявіцца.

Божа, пазбаў нашы душы ад інваліднасці!

Валерый ВАСІЛЕЎСКІ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.