Вы тут

У Палаце прадстаўнікоў разгледзелі праект Кодэкса аб культуры


Дакумент дэпутатам прадстаўляла першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына ДРЫГА. Яна назвала гэты дакумент першым у свеце і свайго роду «бібліяй галіны культуры», якая дазваляе аб'яднаць дзейную заканадаўчую базу і значна скараціць колькасць нарматыўных прававых актаў і адсылачных нормаў.

Тым не менш праект Кодэкса аб культуры атрымаўся досыць аб'ёмным: ён уключае ў сябе каля 60 нарматыўна-прававых актаў, складаецца з агульнай і спецыяльнай частак, змяшчае 5 раздзелаў, 27 глаў і 257 артыкулаў.

У першай частцы прапісаны асноўныя мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі, прынцыпы грамадскіх адносін у сферы культуры, прававыя асновы міжнароднага супрацоўніцтва і пералік суб'ектаў культурнай дзейнасці. Да апошніх, акрамя творчых асоб, калектываў мастацкай творчасці, творчых саюзаў, аднесены ўстановы адукацыі, навуковыя арганізацыі і іншыя юрыдычныя асобы рознай формы ўласнасці, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць.

Як асобныя суб'екты культурнай дзейнасці ўпершыню ў Беларусі заканадаўча замацаваны спонсары культуры і мецэнаты. Асобная норма прадугледжвае ўзаемадзеянне ў сферы культуры дзяржаўных органаў з грамадскімі аб'яднаннямі, камерцыйнымі арганізацыямі і прадпрымальнікамі. Праект кодэкса пашырае ролю грамадскіх аб'яднанняў па ахове помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. У дакуменце прадугледжваецца падтрымка беларусаў замежжа ў сферы культуры. Творчым саюзам даецца права пацвярджаць статус творчага работніка незалежна ад членства. Праект кодэкса таксама дае магчымасць творчым саюзам ствараць фільмы і тэлепраграмы, праводзіць навучальныя курсы без стварэння камерцыйнай арганізацыі, што дазволіць ім атрымліваць дадатковае фінансаванне.

— З улікам канстытуцыйных нормаў творчая дзейнасць не абмяжоўваецца з боку дзяржавы, за выключэннем той, што прапагандуе вайну, гвалт, жорсткасць, экстрэмізм, парнаграфію, — падкрэсліла намеснік міністра культуры.

Упершыню на заканадаўчым узроўні замацоўваюцца пытанні аховы археалагічнай спадчыны. У прыватнасці, археалагічныя даследаванні, згодна з праектам, змогуць ажыццяўляць толькі тыя, хто мае адпаведны дазвол Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Усе археалагічныя артэфакты, знойдзеныя як падчас раскопак, так і выпадкова, законапраект абавязвае перадаваць у дзяржаўную ўласнасць і забараняе грамадзянам іх абарачэнне.

Народным рамеснікам дазваляецца творчае вар'іраванне ўзораў і выкарыстанне механізаванай працы пры дапаможных аперацыях.

У праекце кодэкса прапісваецца новае правіла наведвання дыскатэк: забараняецца мець пры гэтым зброю, выбухованебяспечныя рэчывы, знаходзіцца ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення, пад уздзеяннем адурманьваючых рэчываў. Таксама рэгламентавана, што грамадзяне, якія не дасягнулі 16 гадоў, не могуць знаходзіцца на начной дыскатэцы без суправаджэння бацькоў, апекуноў або іншых дарослых.

— Кодэкс упершыню будзе з'яўляцца адзіным заканадаўчым актам, які дазволіць пераадолець недахопы і вывесці прававое рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы культуры на прынцыпова новы ўзровень, — запэўніла парламентарыяў Ірына Дрыга. — Мы спадзяёмся, што з прыняццем кодэкса завершыцца працэс фарміравання заканадаўства аб культуры ў поўнай, лагічнай і паслядоўнай сістэме.

Пытанняў па праекце кодэкса аб культуры ад дэпутатаў было шмат. Яны тычыліся і статусу «нацыянальнага фільма», і звання «дзеяч культуры», і ўмоў вяртання грошай за нявыкарыстаныя білеты, і «чорных капальнікаў», і многіх іншых аспектаў. Пра тое, што праект кодэкса выклікаў вялікі інтарэс у краіне, казала і намеснік старшыні профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Наталля КУЧЫНСКАЯ, якая вядзе законапраект у ніжняй палаце парламента.

— Па тых пытаннях і прапановах, якія прыходзяць да нас у камісію, можна гаварыць, што Кодэкс аб культуры — гэта той дакумент, якога грамадства сапраўды чакае, — адзначыла дэпутат. — Чакаюць і творцы, і службовыя асобы, і спажыўцы культурных даброт. Таму што культура — неад'емная частка нашага жыцця і найвялікшае нацыянальнае багацце.

Дэпутаты прагаласавалі за прыняцце законапраекта ў першым чытанні, і цяпер дакумент будзе рыхтавацца да другога чытання.

Акрамя праекта Кодэкса аб культуры, дэпутаты ўчора разгледзелі яшчэ сем законапраектаў і прынялі да ведама Дэкрэт Прэзідэнта №7 «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)».

Дэпутат ад Гродзенска-Занёманскай выбарчай акругі Алена БЕРАСНЕВА спытала намесніка міністра культуры, па якіх крытэрыях пасля прыняцця кодэкса аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны будуць трапляць у дзяржаўныя праграмы:

— Праз месяц скончыцца тэрмін дзеяння праграмы «Замкі Беларусі». Магчыма, яна ўвойдзе ў склад праграмы «Культура Беларусі». Калі ўвойдзе, ці застанецца мэтавае фінансаванне? Мяне цікавіць лёс Гродзенскага каралеўскага замка. Вы ведаеце, што ён знаходзіўся ў праграме «Замкі Беларусі», аблвыканкам выдаткаваў грошы на правядзенне праектных работ. Але, што будзе далей — ці дапаможа міністэрства правесці рэканструкцыю гэтага аб'екта? — канкрэтызавала пытанне парламентарый.

— У адпаведнасці з дзейным бюджэтным кодэксам, — адказала Ірына Дрыга, — фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту мерапрыемстваў па захаванні аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны можа выдзяляцца на тыя аб'екты, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасці, а таксама на капітальныя выдаткі аб'ектаў, якія знаходзяцца ва ўласнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак ці катэгорыі «0», «1» і «2». Гэта агульны падыход. Сапраўды, прадугледжваецца пэўны перанос аб'ектаў з «Замкаў Беларусі» ў праграму «Культура Беларусі». Так што, у адпаведнасці з заканадаўствам і фінансавымі рэсурсамі, якія маюцца, рэстаўрацыйныя работы на аб'ектах камунальнай уласнасці таксама будуць падтрымлівацца. Пра лёс канкрэтных аб'ектаў можна будзе гаварыць, калі будзе зацверджана праграма «Культура Беларусі».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.