Вы тут

Вайна — трагедыя для ўсіх


Кніга, якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», распавядае пра экспазіцыю, фонды і філіялы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Грунтоўным, сур'ёзным, велічным і ў той жа час надзвычай прыгожым — менавіта такім, як і сам музей, — падаецца выданне. Насычанае якаснымі фотаздымкамі экспазіцыі і цікавых экспанатаў, філіялаў музея, а таксама прадметаў з фондаў, якія немагчыма ўбачыць падчас экскурсіі, яно дазваляе больш поўна і глыбока асэнсаваць тэму Другой сусветнай вайны.

4-33

Прычым не толькі нам, беларусам, якія найбольш пацярпелі ў гады ваеннага ліхалецця, а і нашчадкам нашых саюзнікаў і нават тым, хто ў той вайне змагаўся па іншы бок акопа. У найбуйнейшым сховішчы ваенных рэліквій Беларусі становіцца зразумела: ВАЙНА — гэта трагедыя для ўсіх, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. Каб гэтая думка дайшла да як мага большай колькасці людзей, выданне падрыхтавана на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

На старонках — падзеі кароткага перадваеннага перыяду, гадоў самай крывавай вайны ў гісторыі чалавецтва і пасляваенных дзесяцігоддзяў. Тут можна знайсці хрэстаматыйныя эпізоды з ваеннай гісторыі, а таксама адшукаць і малавядомыя або ўвогуле невядомыя дагэтуль дэталі. Перад намі паўстаюць як ключавыя фігуры, героі той вайны, пра подзвіг якіх напісаны не адзін твор, так і асобы, пра якіх мы даведваемся ўпершыню.

— Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — найбуйнейшае сховішча артэфактаў, сведчанняў і рэліквій самай жорсткай і крывавай вайны ХХ стагоддзя, — адзначае рэдактар кнігі-альбома Наталля КАРАСЁВА. — Гэта было адной з прычын, чаму Выдавецкі дом «Звязда» звярнуўся да кіраўніцтва музея з прапановай падрыхтаваць аб ім грунтоўнае выданне. У год святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі мы можам сцвярджаць, што спрычыніліся да вельмі важнай справы захавання і ўмацавання памяці аб подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Асобна — пра музейныя калекцыі. Некаторыя з іх не маюць аналагаў у свеце! Калекцыі рукапісных часопісаў і самаробнай партызанскай зброі — адны з найстарэйшых у музеі. Менавіта гэтымі экспазіцыямі 22 кастрычніка 1944 года ў адным з некранутых вайной будынкаў — Доме прафсаюзаў на плошчы Свабоды — адкрыўся музей.

А рашэнне аб стварэнні музея гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі было прынята яшчэ раней — 30 верасня 1943 года. Прычым экспазіцыю пачалі збіраць у адзін з самых цяжкіх перыядаў, калі краіна знаходзілася пад акупацыяй. Яшчэ было невядома, хто пераможа ў той вайне. Тым не менш савецкія людзі верылі, што праўда на іх баку. Амаль кожны прыносіў асабістыя рэчы, баявыя трафеі — музей, па сутнасці, ствараўся ўсім беларускім народам... Так Беларусь стала першай краінай у свеце, дзе адчыніў свае дзверы музей Другой сусветнай вайны.

...У сакавіку на старонках «Звязды» стартаваў сумесны праект рэдакцыі з Беларускім дзяржаўным музеям гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У рамках праекта «Шлях да Перамогі» мы распавядалі пра экспазіцыйныя залы музея, найбольш цікавыя экспанаты і гісторыі канкрэтных людзей, якія набліжалі Перамогу. Віртуальнае падарожжа па храме памяці яшчэ працягваецца. Спадзяёмся, што пасля нашых публікацый у вас з'явіцца (а можа, ужо з'явілася) жаданне ўбачыць усё на свае вочы. А гэта варта зрабіць кожнаму беларусу!

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.