Вы тут

«Прывітанне» з эпохі жаноцкасці


Як старадаўні капялюшык паслужыў пачаткам для ўнікальнай калекцыі.

Жаночыя сукенкі канцаX — пачатку XX стагоддзя, а таксама капялюшыкі, сумачкі, парасоны, пальчаткі і іншыя дамскія рэчы паказвае Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі на выставе «Мадэрн — эпоха жаноцкасці». Сваю калекцыю Марына ІВАНОВА з Кіева збірае ўжо каля 30 гадоў. А пачыналася яна...

4-14

Марына Іванова кажа, што многія рэчы, якія цяпер лічацца рарытэтнымі, былі з ёй з дзяцінства, дасталіся ад мамы. А той — ад яе матулі, бабулі. Марына па сёння карыстаецца, напрыклад, кравецкімі нажніцамі, якім, пэўна, ужо гадоў 150.

Першым прадметам, з якога Марына Іванова распачала фарміраваць сваю калекцыю, стаў капялюшык. Старадаўні галаўны ўбор у даволі някепскім стане адшукаўся на гарышчы падчас перабірання разам з сяброўкай рэчаў, што належалі яе бабулі. Дакладней, капялюшыкаў было два. Адзін перадалі тэатру імя Л. Украінкі, а другі застаўся ў Марыны. Неўзабаве сяброўка падарыла ёй сумачку, прычым, удалося ўстанавіць год яе вырабу: 1860-ы. А потым на манекене з'явіўся і галоўны прадмет жаночага вобраза — сукенка. І, як кажуць, пайшло-паехала...

Выстава ў Гродне паказвае 25 касцюмаў, якія служылі ў эпоху мадэрну высокапастаўленым жанчынам у самых розных жыццёвых сітуацыях. Для ўрачыстых выпадкаў, паходу ў оперу, візітаў, падарожжаў, прагулак па марскім узбярэжжы і за горадам, летам і восенню... Пры гэтым багатым дамам можна не толькі пазайздросціць, але і... паспачуваць. Бо, мусіць, не надта лёгка і радасна па некалькі разоў на дзень мяняць свае ўборы, ды яшчэ з абавязковым уцісканнем таліі ў гарсэт. І сапраўды, прыгажосць патрабуе ахвяраў.

Увогуле, толькі сукенак (з дарагіх тканін, упрыгожаных бісерам, залатымі ніткамі, карункамі, стужкамі) у калекцыі зараз больш за 100. Плюс капялюшыкі і парасоны, якія служылі не абаронай ад сонца ці дажджу, а ўпрыгажэннем, дапаўненнем да вобраза. Гэтыя і іншыя прадметы Марына Іванова купляла на інтэрнэт-аўкцыёнах. «Паляваннем» на старадаўнія жаночыя «штучкі» захапіліся і яе сваякі, сябры. Амаль кожную рэч даводзіцца рэстаўрыраваць, літаральна вяртаць да жыцця, што Марына робіць сваімі рукамі, выкарыстоўваючы спецыяльныя інструменты і тэхналогіі.

Цікава, што для дэманстрацыі старадаўніх касцюмаў тыповыя сучасныя манекены не падыходзяць — патрэбны спецыяльныя, пад фігуру з «гарсэтнай» таліяй. І іх Марына навучылася вырабляць.

Гарсэты, дарэчы, насілі і дзяўчынкі. Некалькі старадаўніх дзіцячых касцюмаў, таксама з калекцыі Марыны Івановай, сталі асновай яшчэ адной музейнай экспазіцыі «У чаканні каляднага цуду». Разам з іншымі прадметамі (іконамі, кнігамі, цацкамі, фатаграфіямі) яны ствараюць атмасферу дзіцячага пакоя на Каляды ў сям'і ХІХ стагоддзя. Розніца з сённяшнімі норавамі хаця б у тым, што сучасныя дзеці, атрымліваючы нямала падарункаў, не заўсёды іх цэняць. Зламаў адну цацку — на табе іншую... Калі ж ты ведаў, што, адарваўшы лапку ці вушка ад нейкага зайчыка альбо мішкі, больш падобнага падарунка не атрымаеш, то ставіўся да цацак беражліва. Мусіць, таму яны і захаваліся да нашага часу.

А сапраўдны цуд, напэўна, у тым, што дзякуючы Марыне Івановай сёння можна ўбачыць касцюмы, якія насілі больш за стагоддзе таму дзеці. Любое старадаўняе адзенне захаваць цяжка, а асабліва — дзіцячае, бо гэтыя рэчы звычайна пераходзілі з аднаго пакалення ў другое і, зразумела, моцна зношваліся.

Да тэмы

Каштоўнасць старадаўняга адзення значна ўзрастае, калі вядомы яго ранейшыя ўладальнікі. Напрыклад, да адной з белых шлюбных сукенак, якую Марына Іванова купіла праз інтэрнэт-аўкцыён, прыкладалася фатаграфія маладажонаў з датай заключэння шлюбу: 27 мая 1919 года. Па іроніі лёсу, купля гэтай сукенкі таксама адбылася 27 мая.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.