Вы тут

Сезон мокрага снегу і дажджу?


Сіноптыкі прагназуюць, што сярэдняя тэмпература зімы 2015/2016 будзе на 1-2 градусы вышэйшай за кліматычную норму.

Зрэшты, начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў упэўнены, што зіма сёлета чакаецца сапраўды цёплай, бо ападкі ў гэтым сезоне прагназуюцца пераважна ў выглядзе мокрага снегу і дажджу.

5-7

Разам з тым спецыяліст адзначыў, што ў гэты сезон зіма будзе нават крыху халаднейшай за мінулую, калі працяглых і сур'ёзных маразоў увогуле амаль не было. Колькасць ападкаў гэтай зімой чакаецца трохі большай за норму. Падлічана, што ў нашай краіне ў сярэднім выпадае 115 мм.

Позняя восень працягнецца да... лютага

Паводле інфармацыі айчынных экспертаў, сярэдняя тэмпература снежня будзе на 1 градус вышэйшай за кліматычную норму (норма — мінус 2-5 градусаў). Колькасць ападкаў чакаецца трохі большай за норму, па поўдні каля нормы (32-44 мм). «Аднак у бліжэйшы час ні пра якія зімовыя працэсы казаць не прыходзіцца. Тэмпература ў першай дэкадзе чакаецца на 3-5 градусаў вышэйшая за кліматычную норму. Надвор'е зусім восеньскае, зімы нават на гарызонце не відаць», — адзначыў Дзмітрый Рабаў.

Цёплым абяцае стаць і студзень. Паводле слоў спецыялістаў, сярэдняя тэмпература паветра ў другі месяц зімы чакаецца на 1-2 градусы вышэйшай за кліматычную норму. Праўда, у асобныя дні не выключана, што па поўначы тэмпература ўначы будзе апускацца ніжэй за 20 градусаў марозу. Колькасць ападкаў таксама чакаецца большай за норму і складзе прыкладна 32-46 мм. Кіраўніцтва Белгідраметцэнтра лічыць, што сапраўды зімовае надвор'е завітае на тэрыторыю нашай краіны менавіта ў лютым. Тады сярэдняя тэмпература паветра будзе складаць каля кліматычнай нормы (мінус 3,5-8 градусаў). Тут і ападкі чакаюцца каля нормы (28-40 мм).

Гэты год абяцае стаць самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў

«Сезон 2015 года ў нас, як і ва ўсім паўночным паўшар'і, стаў самым цёплым за ўвесь перыяд метэаралагічных назіранняў. Тут ўлічваецца і снежань, які ў гэтым годзе таксама чакаецца анамальна цёплым», — паведаміў спецыяліст. Навукоўцамі сёлета фіксуецца самая высокая тэмпература амаль за 120 апошніх гадоў. Прасочваецца рэальная тэндэнцыя да пацяплення клімату, бо за апошнія 18 гадоў былі зафіксаваныя самыя цёплыя 10 гадоў за ўвесь перыяд назірання.

Паводле слоў Дзмітрыя Рабава, тэндэнцыя росту сярэдняй тэмпературы паветра ў Беларусі сведчыць аб тым, што клімат у нас мяняецца. Зіма 2014/2015 гадоў ўвайшла ў дзесятку самых цёплых зім і заняла шостае месца. Вясна сёлета таксама была анамальна цёплай і стала дзясятай ў ранжыраваным шэрагу назіранняў. Сіноптык адзначыў, што і лета ў 2015 годзе было цёплым і анамальна сухім, такія тэмпературы ў гэтую пару года ў Беларусі бываюць прыкладна раз на 10 гадоў. Потым і восень дэманстравала анамальна высокія тэмпературы.

Без ураганаў, але з градам

«Калі разглядаць метэаралагічную сітуацыю краіны па небяспечных з'явах, то можна адзначыць, што гэты год стаў даволі спакойным», — расказвае Дзмітрый Рабаў. Ніякіх моцных ураганаў або іншых катаклізмаў у нас не было. Аднак былі анамальныя з'явы, сярод якіх можна адзначыць некалькі прыкладаў: у Сянно ў чэрвені выпаў град з агульнай «вагой» ападкаў 29 мм, у Жыткавічах прайшоў у ліпені вельмі моцны лівень, калі за 30 хвілін выпала 34 мм ападкаў, такая залева была ў Магілёве — 57 мм. Акрамя таго, нельга не ўспомніць надзвычайную пажаранебяспеку і высокія тэмпературы гэтым летам.

З сінаптычнымі анамаліямі ў маштабе планеты ўсё значна горш. «У новым дакладзе аб стыхійных бедствах ААН гаворыцца, што прыродныя катаклізмы ў апошнія 10 гадоў адбываліся практычна штодня — прыкладна ў два разы часцей, чым 20 гадоў таму. У дакладзе, апублікаваным у панядзелак, паведамляецца, што за гэты час 90% катаклізмаў былі звязаны з паводкамі, штармамі, спякотай і іншымі з'явамі надвор'я. Яшчэ 10% прыпадае на долю геафізічных катаклізмаў — землятрусаў і вывяржэнняў вулканаў», — пужае нас спецыяліст.

Далей ён растлумачыў, што павелічэнне небяспечных прыродных з'яў навукоўцы звязваюць з глабальным пацяпленнем, праблемы якога сталі тэмай абмеркавання на міжнароднай канферэнцыі па змене клімату, якая пачалася 29 лістапада ў Парыжы. Ужо цяпер сусветныя эксперты прагназуюць, што праз 35-40 гадоў колькасць небяспечных прыродных з'яў можа павялічыцца ў чатыры разы ў параўнанні з мінулым стагоддзем.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.