Вы тут

Артысты з больш як дваццаці краін прыедуць на оперны форум


Сусветныя оперныя «зоркі», найлепшыя тэатральныя вакалісты, славутасці нацыянальных культур збяруцца ў Мінску разам з вядучымі салістамі беларускага тэатра, каб выканаць партыі ў самых лепшых пастаноўках Вялікага тэатра Беларусі на Мінскім міжнародным Калядным оперным форуме. Ужо шосты снежань Мінск становіцца месцам сапраўднага відовішчнага свята, тым болей што оперным форумам праграма тэатра не абмяжоўваецца: 9 снежня тут адкрыецца ІІ Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў. Сёлета гэта розныя мерапрыемствы адрозненне ад мінулага года), але ў нечым усё ж такі сумежныя — пераможцы конкурсу вакалістаў выступяць на сцэне Вялікага тэатра ў грандыёзным гала-канцэрце «зорак» сусветнай оперы.

Cцэна тэатра стане пляцоўкай для трох опер і канцэрта маладых выканаўцаў «Італьянская страсць». Увогуле ўдзел у форуме прымуць прадстаўнікі больш як дваццаці дзвюх краін. Адкрыецца ён 16 снежня з пастаноўкі Міхаіла Панджавідзэ «Царская нявеста» Мікалая Рымскага-Корсакава, у якой партыю Марфы — галоўную жаночую ролю — выканае салістка Вялікага тэатра Расіі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Венера Гімадзіева. Да 175-годдзя з нараджэння Пятра Чайкоўскага прымеркавана опера «Еўгеній Анегін», галоўныя партыі ў якой выканаюць салісты Вялікага тэатра Расіі. «Упершыню такі зорны склад будзе спяваць у нашым спектаклі», — кажа генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Грыдзюшка. Трэцяй операй стане праслаўленая «Кармэн» Жоржа Бізэ, дзе галоўную партыю цыганкі выканае народная артыстка Украіны Анжэліна Швачка (яе лічаць адной з самых найлепшых у свеце выканальніц Кармэн).

Гала-канцэрт — што стане закрыццём і ў нейкім сэнсе апафеозам праграмы Каляднага опернага форуму — адбудзецца 20 снежня, і выконваць оперныя партыі і музычныя шлягеры тут будуць вядучыя салісты тэатраў Азербайджана, Сербіі, Казахстана, Расіі, Эстоніі, Грузіі, Літвы і Латвіі, Украіны, Чэхіі — усяго пятнаццаці краін.

Калядны оперны форум, які «каштуе» ні многа ні мала каля двух мільярдаў рублёў, арганізуецца без прыцягнення бюджэтных сродкаў, а за кошт продажу квіткоў і з дапамогай партнёраў — мецэнатаў культуры.

«Форум праводзіцца ўжо некалькі гадоў запар. Скептыкаў заўсёды было шмат, многія не верылі, што ён будзе даўгавечным, але жыццё расставіла акцэнты, і ў выніку мы сустракаемся шосты раз. Фармат мерапрыемства застаецца нязменным: мы паказваем свае найлепшыя прэм'еры, арганізуем гала-канцэрт, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі іншых краін, і іншыя фарматныя мерапрыемствы, — каментуе Уладзімір Грыдзюшка. — Мы ўсведамляем, што за гэтым форумам стаіць гонар нашай краіны і нашага тэатра. З якой мэтай мы яго праводзім? — перш за ўсё, каб прынесці задавальненне нашым гледачам. Гэта наша праца, мы існуем для таго, каб падтрымліваць глядацкі інтарэс, а без падобных праектаў і цікавасці не было б. Але і нашы госці павінны адчуць сябе тут як дома і атрымаць поўны набор ведаў пра нашу краіну, людзей і іх менталітэт».

Як і раней, на оперны форум запрошана некалькі крытыкаў з Польшчы, Грузіі, Расіі, што будуць асвятляць падзею ў замежных СМІ. Мерапрыемствы опернага форуму заўсёды праходзяць пры поўных залах, нават улічваючы вялікі дыяпазон у коштах квіткоў. Ужо 16 снежня можна будзе ўбачыць, наколькі плённа оперныя «зоркі» працуюць у пастаноўках рэжысёраў Вялікага тэатра Беларусі.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.