Вы тут

Ілья Шымановіч: «Няма немагчымага»


Малады беларус паказаў выдатны вынік на кантынентальным першынстве.

Завяршыўся чэмпіянат Еўропы па плаванні на «кароткай» вадзе ў ізраільскай Нетаніі. Спартсмены нашай зборнай заваявалі чатыры медалі. Яўген Цуркін стаў сярэбраным прызёрам, паказаўшы другі вынік у фінальным заплыве на 50 м батэрфляем, у эстафеце 4х50 м вольным стылем нашы плыўцы выйгралі бронзавыя ўзнагароды чэмпіянату, а таксама сталі трэцімі ў змяшанай камбінаванай эстафеце 4х50 м і ў мужчынскай камбінаванай эстафеце 4х50 метраў.

8-11

Дэбютант чэмпіянату Еўропы і двухразовы бронзавы прызёр у складзе беларускіх квартэтаў, а таксама нядаўні трыумфатар адкрытага чэмпіянату краіны Ілья Шымановіч падзяліўся ўражаннямі ад турніру і расказаў, як раней яму ўдалося ўстанавіць 5 рэкордаў чэмпіянату краіны.

— Ілья, з якім настроем адпраўляліся на чэмпіянат Еўропы?

— З выдатным, бо непасрэдная падрыхтоўка да турніру прайшла паспяхова. Як не падводзілі вынікі, так і не падвяло здароўе. У Ізраілі разумеў, што з маім часам можна і трэба прабівацца ў вячэрнія заплывы (паўфіналы і фіналы), а там усё можа скласціся непрадказальна.

— Задаволены вынікам турніру?

— Да чэмпіянату Еўропы самай значнай для мяне перамогай была вікторыя на сёлетнім нацыянальным першынстве. Таму што да гэтага часу ў мяне не было настолькі добрых вынікаў, афіцыйных адбораў на дарослыя чэмпіянаты і рэкордаў краіны ў індывідуальных нумарах праграмы. Але тыя перамогі не параўнаць з заваяваннем бронзавых медалёў на чэмпіянаце кантынента. Тым больш прыемна дамагацца падобных вынікаў у кампаніі такіх тытулаваных напарнікаў па камандзе, як Павел Санковіч, Святлана Хахлова і Аляксандра Герасіменя. Гэта мой першы чэмпіянат Еўропы — і адразу медалі, я задаволены сваім вынікам.

— Пяць нацыянальных рэкордаў у Брэсце. Як атрымалася дамагчыся такога выніку?

— Калі шчыра, я наогул не чакаў чагосьці падобнага, бо перад чэмпіянатам адчуваў сябе не ў самай лепшай форме, але, мабыць, гэта быў толькі інстынкт самазахавання. Вядома, галоўнай мэтай нацыянальнага чэмпіянату ў мяне было адабрацца на «кароткую» Еўропу ў Ізраілі. Да пачатку спаборніцтваў адборачны нарматыў мне здаваўся невыканальным, але пасля ранішняй часткі праграмы ў першы дзень стала зразумела — няма немагчымага. Ну а ўжо надаўшы сабе ўпэўненасці, далей усё пайшло па наезджанай.

— Гэта былі вашы першыя рэкорды на турніры такога ўзроўню?

— Так, таму адчуванні былі невымоўныя. Але ўсё хутка прайшло: пасля завяршэння спаборніцтваў я не адчуваў чагосьці незвычайнага, наогул нічога не змянілася, акрамя асабістых вынікаў і мноства віншаванняў.

— Якія старты наперадзе?

— Рэспубліканская ўніверсіяда — там я буду прадстаўляць свой універсітэт (БДУФК). І прыкладна праз тыдзень пасля яе будзе міжнародны турнір Уладзіміра Сальнікава ў Піцеры.

— Як спраўляецеся з такім напружаным графікам?

— Цяжка, вядома, знаходзіцца ўвесь час у раз'ездах, хочацца трохі пабыць дома з роднымі, але спорт патрабуе ахвяр. Я моцна не перажываю з гэтай нагоды, таму што люблю сваю працу.

— У плыўцоў прынята вылучаць «каронныя» дыстанцыі. У вас гэта...

— Напэўна, на 200 метраў. Заўсёды мне ўдавалася добра пераадольваць больш працяглыя дыстанцыі, а са спрынтам былі праблемы. Не хапала хуткасці, рэзкасці, моцы. Але па апошніх выніках можна сказаць, што я магу даволі хутка пераадольваць і спрынтарскія дыстанцыі

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.