Апошнім часам ва ўсіх на слыху В'етнам. Старажытную дзяржаву ў Паўднёва-Усходняй Азіі аналітыкі ўсё часцей называюць сапраўдным драйверам для глабальнага эканамічнага росту. І гэта насамрэч так: мяркуйце самі, паводле слоў кіраўніка Цэнтра вывучэння В'етнама і АСЕАН Інстытута Далёкага Усходу Расійскай акадэміі навук Уладзіміра Мазырына, цягам 30 гадоў рэформаў (з 1980-х) В'етнам мае сярэдні прырост валавога ўнутранага прадукту прыкладна 6-7 працэнтаў у год. Ужо да 2050-га гэтая дзяржава ўшчыльную наблізіцца да першай дваццаткі вядучых эканомік свету. Зразумела, адпаведна павялічваецца і грамадска-палітычная вага В'етнама, аднаго з ключавых ігракоў не толькі ўласна азіяцкага макрарэгіёна, але і больш глабальнага маштабу. За кошт чаго дзяржаве, якая толькі ў ХХ стагоддзі перажыла чатыры вайны, удалося ажыццявіць такі скачок у сваім развіцці?
«Залік» для чыноўнікаў
Свая археалагічная бронзавая культура — прадмет вялікага гонару в'етнамцаў. У эпоху так званай дангшонской цывілізацыі (па назве вёскі ў дэльце ракі Чырвонай, на якой стаіць і сённяшняя сталіца краіны) народнасцю лакв'ет у 2879 годзе да н.э. было створана напаўлегендарнае каралеўства Ванланг. Знакам культуры Дангшон сталі бронзавыя барабаны з характэрным геаметрычным узорам, сцэнамі народнага жыцця і выявамі татэмных жывёл. У І тысячагоддзі да нашай эры тут існавалі некалькі дзяржаў старажытных в'етаў. Найбольш вядомыя — царствы Нго і, уласна, В'ет. Пісьмовых крыніц нараджэння дзяржаўнасці, праўда, не захавалася. Затое аб самабытнай старажытнай культуры сведчаць археалагічныя артэфакты.
Сучасная назва краіны ўтворана ад двух слоў — уласна тытульная нацыя (в'еты) плюс «нам» (поўдзень). У выніку даслоўна ў перакладзе атрымліваецца «краіна в'етаў на поўдні». Упершыню словазлучэнне «В'етнам» выкарыстаў паэт Нгуен Бінь Кхіем у ХVІ стагоддзі ў сваёй кнізе «Прароцтвы Чанг Чыня». У гэты час такая назва была выгравіравана на 12 стэлах, у прыватнасці ў пагадзе Бао Лам у Хайфоне. У 1804–1813 гадах імператар Зя Лонг выкарыстоўваў слова «В'етнам» у афіцыйных дакументах. Але да 1940-х краіна звычайна называлася «Аннам», пакуль тое не было зменена імператарам Бао Даям.
В'етнам ва ўсе часы быў высокаразвітай дзяржавай — насуперак стэрэатыпам наконт яго пэўнай адсталасці. «Інавацыі» тут распаўсюджваліся нават паўтысячагоддзя таму. Напрыклад, націкавейшая сістэма дзяржаўнага кіравання. У 70-я гады ХV стагоддзя была ўведзена сістэма 9 рангаў чыноўнікаў, якія маглі прэтэндаваць на павышэнне праз кожныя 6 гадоў. Найбольш распаўсюджаны спосаб атрымання новай пасады — здача экзаменаў на вучоную ступень. Асаблівасцямі тагачаснага в'етнамскага чыноўніцтва былі адсутнасць спадчыннай замацаванасці статусу і, адпаведна, высокая сацыяльная мабільнасць.
У другой палове ХІХ стагоддзя В'етнам трапляе ў каланіяльную залежнасць ад Францыі. Краіну штучна падзяляюць на тры часткі — калонію Кахінхіна (Паўднёвы В'етнам), пратэктараты Аннам (Цэнтральны В'етнам) і Танкін (Паўночны В'етнам). Разам з Лаосам і Камбоджай В'етнам увайшоў у склад Французскага Індакітая. І так было да 1940-х гадоў. Падчас Другой сусветнай вайны В'етнам акупавалі японцы. Ужо з 1930-х гадоў тут склаўся магутны нацыянальна-вызваленчы рух на чале з Камуністычнай партыяй Індакітая (лідар — добра ўсім вядомы Хо Шы Мін). Паўстанне ў жніўні 1945 года ліквідавала апошнія інстытуты каланіяльнай адміністрацыі. 2 верасня 1945-га на 500-тысячным мітынгу ў Ханоі Хо Шы Мін абнародаваў Дэкларацыю незалежнасці і абвясціў пра стварэнне Дэмакратычнай Рэспублікі В'етнам (у 1970-х перайменавана ў Сацыялістычную Рэспубліку В'етнам). Пасля будуць яшчэ кровапралітныя, разбуральныя Індакітайскія войны. Зразумела, ваенныя канфлікты зусім не спрыялі развіццю.
Дзяржаўна-бюракратычная сістэма кіравання эканомікай прывяла ў сярэдзіне 1980-х да яе хранічнага крызісу. Краіна стаяла на мяжы сапраўднай катастрофы — дэфіцыт найпрасцейшых бытавых тавараў, прамысловасць стагнавала, назапашваўся знешні доўг, а інфляцыя дасягала 775 працэнтаў. У 1986 годзе кіраўніцтва краіны абвясціла аб пачатку правядзення «палітыкі абнаўлення» («дой мой»). Адсюль, уласна, вядуць адлік в'етнамскія рэформы, дзякуючы якім удалося дасягнуць значных перамен у сацыяльна-эканамічным развіцці. І ўвесь свет загаварыў пра «індакітайскага тыгра».
Фантастычны паказчык
Камуністычная партыя В'етнама абвясціла пра будаўніцтва «рынкавай эканомікі сацыялістычнай арыентацыі». Адной з асноўных прылад гэтай арыентацыі якраз і павінен быў стаць дзяржсектар, якому адвялі цэнтральную ролю ў будучым эканамічным уздыме. Прычым дзяржаўныя кампаніі сучаснага тыпу ў В'етнаме практычна равеснікі самой рынкавай эканомікі. У 1986-м адной з найважнейшых змен падчас правядзення «палітыкі абнаўлення» стала ўкараненне прынцыпу шматукладнасці эканомікі. У 1990 годзе Нацыянальны сход В'етнама прыняў першыя законы пра прыватныя прадпрыемствы, акцыянерныя таварыствы і таварыствы з абмежаванай адказнасцю, мадэллю для якіх паслужыла французскае заканадаўства. Аднак дзяржава пакінула за сабой права поўнага кантролю над прыватным прадпрымальніцтвам. Новыя сацыяльна-эканамічныя адносіны атрымалі пацвярджэнне і ў Канстытуцыі 1992 года, паводле якой гаспадарчае жыццё засноўваецца на агульнанароднай, калектыўнай і прыватнай уласнасці.
Была праведзена прыватызацыя шэрага дзяржаўных прадпрыемстваў, колькасць якіх зменшылася з 12 084 у 1991 годзе да 6 300 у 1995-м. Гэта адбывалася як за кошт ліквідацыі слабых прадпрыемстваў, так і шляхам аб'яднання суб'ектаў гаспадарання. У 1991 годзе дзяржава ўпершыню размясціла аблігацыі дзяржпазыкі на 220,5 мільярда донгаў, у далейшым пачалі выпускацца бонды ў доларах.
Рынкавыя рэформы прывялі да добрых вынікаў. З 1990 па 1997 год валавы ўнутраны прадукт павялічваўся штогод на 8,9%. У 1995—1997 гадах. В'етнам лідзіраваў сярод краін — членаў Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН). Адмена гандлёвага эмбарга і нармалізацыя адносін з ЗША (у 1995 годзе) адкрылі для В'етнама крэдыты Сусветнага банка і Азіяцкага банка развіцця. Аб'ём замежных інвестыцый, які ў 1991 складаў 2,3 мільярда долараў, у 1997 павялічыўся да $31,2 млрд. Паказчык — проста фантастычны.
З «жалезнымі кулакамі»
Інтэграцыя ў сусветную эканоміку прынесла В'етнаму надзею на эканамічны цуд — у 2000–2005 гадах сярэдні рост ВУП штогод складаў 7,5 працэнта. У 2006-м прэм'ер-міністрам стаў Нгуен Тан Зунг — малады рэфарматар, які надаваў шмат увагі дзяржкампаніям. Калі яго папярэднік Фан Ван Кхай за дзевяць гадоў на пасадзе стварыў толькі два дзяржпрадпрыемствы (караблебудаўнічую Vіnashіn і горназдабыўную Vіnacomіn), то Зунг толькі за першыя некалькі гадоў прэм'ерства стварыў адзінаццаць.
Тады і загаварылі пра тое, што дзяржаўныя гіганты стануць «жалезнымі кулакамі» в'етнамскага эканамічнага прагрэсу. Лічыцца, што кіраўніцтва В'етнама натхнілася буйнымі канцэрнамі ў перадавых азіяцкіх краінах — паўднёвакарэйскімі чэболямі і японскімі кэйрэцу.
Разам з кансалідацыяй банкаўскай сістэмы актывізацыя рэформы дзяржсектара стала ключавым пунктам эканамічных ператварэнняў Нгуен Тан Зунга. Рэформа складаецца з двух асноўных элементаў — частковая прыватызацыя і пазбаўленне ад няпрофільных актываў. Варта заўважыць, што першы пункт з рознай ступенню паспяховасці рэалізоўваўся яшчэ з пачатку 1990-х. З 2001 года працэс паступова набраў абароты, і доля капіталу, якую «з'ядаў» дзяржсектар, зменшылася з 60% да 28% у 2012-м.
Да XІІ з'езда Камуністычнай партыі В'етнама, які адбудзецца налета, прэм'ер-міністр распарадзіўся часткова прыватызаваць 432 дзяржкампаніі. Цяпер кожны месяц прыходзяць навіны пра выйсце кампаній на ІPO і новыя стымуляцыйныя меры накшталт паслаблення бар'ераў для замежнага ўдзелу ў дзяржканцэрнах. Кампаніі, якія акцыяніруюць, перадаюць дзяржаўную долю ў кіраванне спецыяльнай кампаніі, а астатняе выстаўляюць на продаж стратэгічным інвестарам ці на публічныя аўкцыёны. Некаторыя кампаніі ўрад імкнецца цалкам перадаць у прыватныя рукі, як, напрыклад, малочную VіnaMіlk.
Па шляху інтэграцыі
«В'етнам дамогся вялікага прагрэсу пачынаючы з канца 1980-х гадоў, калі абвясціў палітыку рэформаў, пераход да рыначнай эканомікі, — лічыць кіраўнік Цэнтра вывучэння В'етнама і АСЕАН Інстытута Далёкага Усходу Расійскай акадэміі навук Уладзімір Мазырын. — За апошнія 10 гадоў па рэйтынгу ў сусветным табелі аб рангах эканомік, што вымяраецца намінальным ВУП, В'етнам перамясціўся з 56-га на 32-е месца. Вельмі важна, што ў краіне была дадзена воля прыватнай ініцыятыве — дробны і сярэдні прыватны бізнес з'яўляецца важным элементам эканомікі. На яго долю прыпадае прыкладна 30 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту.
Другі элемент — захаванне пазіцый дзяржаўнага сектара. У ім (які скараціўся з 50 працэнтаў да ўжо 30) пакінуты самыя важныя сістэмаўтваральныя вытворчасці, асноўныя нацыянальныя актывы, што дазваляе дзяржаве будаваць сваю эканамічную палітыку на доўгатэрміновай аснове.
І трэцяя апора — гэта прыцягненне замежнага капіталу, тэхналогій — прынцып адкрытасці. І калі сёння спытаць, які асноўны лозунг вызначае не толькі знешнеэканамічную палітыку В'етнама, але і палітыку наогул, адказам будзе «міжнародная інтэграцыя».
Па інвестыцыйнай прывабнасці В'етнам лічыцца дзявятай краінай у Азіі. Хто мог сказаць яшчэ 10 гадоў таму, што В'етнам стане адным з заўважных вытворцаў і экспарцёраў мікраэлектронікі ў свеце? Аднак туды перанеслі свае вытворчыя базы Samsung, Іntel, Mіcrosoft і многія вядучыя карпарацыі.
Ва ўсіх праграмных дакументах В'етнама адзначана, што ён будуе рынкавую эканоміку з сацыялістычнай арыентацыяй. Гэта сімбіёз сацыялістычнай і капіталістычнай сістэм. Ёсць вядомая тэорыя канвергенцыі, і В'етнам — гэта яе паспяховы прыклад. Капіталістычнае выцясняе сацыялістычнае, але галоўнае, што народ жыве ўсё лепш, нацыянальнае багацце расце. У 2005-м паказчык ВУП у абсалютных лічбах быў каля $55 млрд, а па выніках 2015 года будзе $200 млрд — чатырохразовы рост за 10 гадоў».
На думку спецыялістаў, замежных інвестараў прывабліваюць высокая доля моладзі ў структуры насельніцтва і заўважныя перспектывы павелічэння сярэдняга класа, а таксама выгаднае геаграфічнае становішча. Не менш важна і тое, што супрацоўніцтва з В'етнамам дазваляе ўбудоўвацца ў структуру сусветных вытворча-збытавых ланцужкоў. Вядучыя транснацыянальныя карпарацыі імкнуцца інвеставаць у стварэнне на тэрыторыі В'етнама прадпрыемстваў, нарошчваць тут свой экспарт. В'етнам таксама зацікаўлены ў нарошчванні паставак прадукцыі на знешні рынак. Летась аб'ём яго экспарту склаў больш за 150 мільярдаў долараў — на 13,6% больш, чым у 2013-м.
Найбольш эфектыўны спосаб далейшага павелічэння паказчыка — праз актыўнае ўзаемадзеянне ў межах рэгіянальных інтэграцыйных аб'яднанняў. У прыватнасці, пагадненняў пра зоны свабоднага гандлю. Дарэчы, В'етнам падпісаў шэраг такіх пагадненняў, у тым ліку і з Еўразійскім эканамічным саюзам. Несумненна, што для Ханоя гэта важны крок у напрамку інтэграцыі ў сусветную эканоміку, якую ўрад лічыць найважнейшым элементам палітыкі «абнаўлення». І відавочны перспектывы для Беларусі ў насамрэч стратэгічным супрацоўніцтве з В'етнамам, асвойванні перспектыўнага рынку, у тым ліку і ў фармаце ЕАЭС.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
Максімальнага значэння за летні сезон тэмпература паветра дасягнула 13 ліпеня на станцыі Жыткавічы і склала 37,9 градуса спёкі.
Напярэдадні дня нараджэння сталіцы прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя.