Вы тут

Дзе зімуюць шкоднікі?


Пачалася зіма... Здавалася б, можна расслабіцца і адпачыць у нецярплівым чаканні новага сезона. Але гэта памылка! Калі сад і агарод спакойна спяць, недзе дрэмлюць і іх шматлікія шкоднікі, разбуральныя вынікі дзейнасці якіх стануць відаць толькі з прыходам вясны.

9-4

Што мы можам сёння рабіць? Дзе зімуюць садовыя і агародныя шкоднікі? І галоўнае — як іх абясшкодзіць? Звычайна актыўную барацьбу са шматлікімі шкоднікамі саду і агарода мы пачынаем у пачатку лета — калі вынікі іх дзейнасці відавочныя. І робім тым самым велізарную памылку! Пачынаць барацьбу неабходна нашмат раней. Дзякуючы таму, што надвор'е апошнія некалькі гадоў няўстойлівае (прычым незалежна ад пары года), знішчаць шкоднікаў саду і агарода вельмі зручна менавіта зімой. Ну што, прыступім?

Абследуйце дрэвы ў садзе

Паглядзіце ўважліва на дрэвы ў сваім садзе. Бачыце на некаторых з іх камячкі лісця, якое не абляцела, аблытаныя ледзь прыкметнай павуцінкай? Думаеце, гэта выпадковасць і лісточкі проста вельмі моцна трымаюцца за галінку? Або ў гэтых лісточках жыве маленькі бяскрыўдны павучок? А вось і не! Менавіта ў такім імправізаваным прытулку пасяліўся злосны вораг вашага саду — бялян жылкаваты. Абясшкодзьце яго, пакуль ён спіць, — страсіце такія лісточкі з дрэў і спаліце іх.

Уважліва агледзьце кару дрэў, асабліва калі ўвосень вы не паспелі апрацаваць яе медным купарвасам і пабяліць.

Так, напрыклад, на кары яблыні і яе галінах зімуюць залатагузкі, а пад карой — вусені яблыневай пладажэркі.

Каб абясшкодзіць залатагузку, зрэжце яе трывала прымацаваныя гнёзды разам з галінкай звычайным секатарам. Улічыце: валасінкі вусеня залатагузкі ядавітыя, таму, знішчаючы гнёзды шкодніка, заўсёды надзявайце пальчаткі.

Справіцца з вусенямі яблыневай пладажэркі таксама нескладана. Узімку ім, на жаль, вы ўжо нічога не зробіце — змагацца з імі можна будзе толькі з прыходам вясны: пабяліце дрэвы і замацуйце на іх спецыяльныя лоўчыя паясы, вырабленыя з кардону, шчыльнай паперы або мешкавіны.

На кары дрэў каля пупышак і ў развілках галін можна ўбачыць кладкі яек разнастайных кляшчоў і насякомых: чырвонага яблыневага кляшча, зімняга пядзеніка і іншых. Яны могуць быць рознымі па колеры — гэта залежыць ад віду шкодніка. Каб знішчыць гэтыя кладкі, саскрабіце іх нажом або любым вострым прадметам.

На маладзенькіх парастках яблыні любяць уладкоўвацца на зімоўку яблыневая тля і медзяніцы. Выявіць іх досыць лёгка: прыгледзьцеся да кары галінак больш уважліва — на ёй даволі добра прыкметныя невялікія (каля 2,5 мм) бліскучыя чорныя яйкі яблыневай тлі і зусім маленечкія — усяго каля 1 мм у дыяметры — ярка-аранжавыя яйкі медзяніцы, якія мацуюцца да кары дрэва з дапамогай маленькіх атожылкаў. Барацьбу з гэтымі шкоднікамі трэба праводзіць у канцы зімы, калі зіма цёплая, ці вясной, але ў любым выпадку — да распускання пупышак. Для гэтага шчодра апырскайце месцы навалы яблыневай тлі і медзяніцы растворам нітрафену.

Узрыхліце глебу

Многія ворагі саду зімуюць у глебе.

Напрыклад, яблыневы кветаед, які схаваўся на зімоўку ў верхнім слоі глебы проста пад яблыняй, можа быць знішчаны менавіта зімой.

Для гэтага выберыце час, калі глеба вакол дрэва трохі адтае, і неглыбока ўзрыхліце яе. У выніку такіх нескладаных маніпуляцый шкоднік загіне, як толькі наступіць мароз. Калі ёсць магчымасць, узрыхліце зямлю падчас адлігі і ў малінніку — так вы знішчыце даўганосіка.

Глыбока ў зямлі ўладкаваліся на зіму і крыжакветныя блошкі. Зноў жа, знішчыць у мароз іх не атрымаецца, але, як толькі пацяплее, вы зможаце іх абясшкодзіць. Справа ў тым, што з прыходам нават першага, яшчэ няўстойлівага, цяпла крыжакветныя блошкі выбіраюцца са сваіх земляных сховішчаў вонкі. Першы час, пакуль на градках яшчэ не з'явіліся далікатныя лісточкі расады капусты, яны з задавальненнем сілкуюцца раслінамі стрэлак, якія паспяхова перазімавалі. Знішчыўшы гэтае пустазелле, вы пазбавіцеся ад крыжакветных блошак, папросту пакінуўшы іх без ежы.

Таксама ў зямлі — у прыствольных кругах — зімуюць агрэставая і парэчкавая агнёўкі, большую частку якіх можна знішчыць з дапамогай мульчы з неперапрэлага гною. Дастаткова раскласці слой мульчы таўшчынёй у 5 см, які і закрые шкоднікам вясной шлях на «свежае паветра».

З прыходам цяпла спрактыкаваныя садоўнікі рэкамендуюць правесці яшчэ адну працэдуру, якая пазбавіць ад шматлікіх садовых шкоднікаў, якія зімуюць у глебе вакол дрэў. Заключаецца яна ў наступным: вазьміце паласу звычайнага руберойду шырынёй прыкладна 30 см і накрыйце ім прыствольныя кругі. Прыбраць руберойд можна будзе пасля таго, як сад адцвіце.

Прыбярыце апалую лістоту

Калі з восені па якіх-небудзь прычынах вы не прыбралі апалае лісце ў садзе, улічыце: менавіта ў ім захоўваюцца на працягу ўсёй зімы ўзбуджальнікі такіх распаўсюджаных і небяспечных грыбных хвароб, як септарыёз і антракноз агрэсту і парэчак, парша грушы і яблыні. Акрамя таго, менавіта ў лістоце, якая апала, хаваюцца зімой жукі-даўганосікі і павуцінныя кляшчы. Менавіта таму, як толькі выдаецца такая магчымасць, прыбярыце лістоту з саду, выкарыстоўваючы яе, напрыклад, для кампосту.

Вазьміце ў саюзнікі птушак

Вопыт шматлікіх садаводаў сведчыць: якія б захады мы ні прымалі ў барацьбе з шматлікімі шкоднікамі саду і агарода, вынішчыць іх цалкам папросту немагчыма. Вось тут нам на дапамогу прыйдуць птушкі. Бо менавіта яны — найлепшыя саюзнікі ў барацьбе са шкоднікамі. Але перш, чым птушкі паклапоцяцца пра здароўе вашага саду, вам давядзецца паклапаціцца пра іх: развесіць па садзе кармушкі і як мага часцей падсыпаць у іх корм.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».