Вы тут

Вяртанне «даўгоў»


Ці будуць «лёгкія Еўропы» дыхаць на поўную моц?

Мясцовыя ўлады падтрымліваюць гэты праект, бо разумеюць: заказнік Ельня — гэта жамчужына не толькі Мёрскага раёна, але і беларускай прыроды, і яе неабходна захаваць для будучых пакаленняў. Аднаўленне гідралагічнага балансу Ельні дазволіць балоту зноў стаць важкай крыніцай даходаў для мясцовага насельніцтва.

9-23

Некалі тут было адно з найбуйнейшых у Еўропе месцаў вырастання журавін. Будучыя магчымыя аб'ёмы ўраджаю гэтай карыснай ягады навукоўцы ацэньваюць у некалькі мільёнаў долараў ЗША штогод. Вяртанне балота ў былы стан таксама дазволіць прадухіліць утварэнне сухіх пажаранебяспечных участкаў і пустак, знізіць верагоднасць узнікнення маштабных тарфяных пажараў. «Дастаткова нагадаць, што ў нядаўнім мінулым пажары мелі катастрофічныя наступствы для прыродных экасістэм заказніка. У свой час полымя знішчыла палову тэрыторыі, цяжкія страты панесла яго біяразнастайнасць», — гаворыцьначальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван РУНДА.

Праект па адраджэнні Ельні, пра які ідзе гаворка, сапраўды ўражвае. Ён распрацаваны сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Праграмай развіцця ААН пры актыўным удзеле мясцовай улады. Яе зацікаўленасць зразумелая: праект дапаможа вярнуць Ельню да натуральнага стану, зноў набыць вядомасць у якасці ўнікальнага прыродна-ландшафтнага комплексу, дзе жывуць рэдкія «чырванакніжныя» віды птушак і жывёл. На тэрыторыі балота налічваецца 98 відаў птушак, 23 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу. Аднаўленне Ельні дасць магчымасць жыхарам навакольных вёсак зарабляць на зборы журавін. Нагадаем, Ельня — адно з самых буйных верхавых балот у кантынентальнай Еўропе. Яго плошча складае больш за 23 тысячы га. Па запасах вады, нават без уліку шматлікіх азёр, Ельня багацейшая за Вілейскую водную сістэму. Нездарма заказніку прысвоены міжнародны статус Рамсарскага ўгоддзя.

Але рэалізацыя такога маштабнага праекта патрабуе ўкладання вялікіх сродкаў, якіх, зразумела, не хапае ў мясцовым бюджэце. Таму ў ролі інвестара выступае Праграма развіцця ААН і яе замежныя партнёры, зацікаўленыя ў адраджэнні балот, за якімі замацавалася рэпутацыя «лёгкіх Еўропы».

Каб гэтыя «лёгкія» дыхалі, так бы мовіць, на поўную моц, у Ельні плануецца ўзвесці больш за 50 каскадных плацін і перамычак на водаадводных каналах. Бо летась спецыялісты, якія з дапамогай мясцовых жыхароў правялі абследаванне балотнага масіву, высветлілі, што існуючыя перамычкі перастаюць выконваюць сваё функцыянальнае прызначэнне, а іх колькасць відавочна недастатковая.

Падчас будаўніцтва выкарыстоўваецца вопыт і прымяняюцца тэхналогіі, што паспяхова зарэкамендавалі сябе пры рэкрэацыі балот у Ірландыі і Паўночнай Шатландыі. Новыя збудаванні вельмі важныя для захавання азёрна-балотнага комплексу «Ельня». Каб вярнуць балота ў ранейшы стан, трэба забяспечыць раўнамерны пад'ём узроўню вады.

9-21

 Ельня — жамчужына беларускай прыроды.

 

Заказнік таксама здольны стаць цэнтрам міжнароднага экалагічнага і навуковага турызму. Ельня — важная транзітная пляцоўка для пералётных птушак, яна валодае неацэнным матэрыялам для назіранняў навукоўцаў, практычных работ студэнтаў замежных ВНУ, арнітолагаў-аматараў. Славіцца Ельня і сваімі дзікарослымі лекавымі травамі: у навакольных вёсках захаваліся сотні арыгінальных напояў і настояў, якія могуць стаць брэндам рэгіёна.

Безумоўна, у Мёрскім раёне ўлічваецца досвед работ па вяртанні ў былы стан іншых беларускіх балот. Напрыклад, у Чэрвеньскім раёне, які можна лічыць паказальным у плане паўторнага забалочвання асушаных тарфянікаў. Да маштабнага асушэння ў сярэдзіне мінулага стагоддзя гэтыя тарфянікі ўяўлялі сабой досыць прывабную экасістэму з разнастайным прыродным ландшафтам. Аднак бяздумнае ўмяшанне стала прычынай пажараў, самы моцны з якіх знішчыў амаль 30% тэрыторыі. У атмасферу трапілі тысячы тон парніковых газаў.

Паўторнае забалочванне стымулявала натуральнае аднаўленне парушанай экасістэмы.

Але паставім пытанне гранічна прагматычна: што атрымалі мясцовыя жыхары ад рэнатуралізацыі, кажучы навуковай мовай, балот у Чэрвеньскім раёне?

Як ні дзіўна, у першую чаргу — свежае і чыстае паветра. Раней у спякотныя дні рэгулярна адбываліся ўзгаранні сухіх тарфянікаў. І тады жыхары навакольных вёсак і нават райцэнтра былі вымушаны дыхаць едкім дымам, багатым на ўтрыманне выкідаў небяспечнага дыяксіду вугляроду. Балотныя пажары былі частай з'явай, асабліва ў засушлівыя гады. У раёне памятаюць пажары 1997, 1999, 2000 гадоў, калі гарэлі плошчы ў сотні гектараў. Вядома, гэта выклікала шмат скаргаў у насельніцтва...

Больш за пяць гадоў таму на балоце Галое пачаліся будаўнічыя работы па ўзвядзенні перамычак на меліярацыйных каналах. Сёння балота наблізілася да канчатковага адраджэння, што дазваляе мясцоваму насельніцтву зарабляць на зборы журавін і чарніц. У вялікім выйгрышу і мясцовая ўлада, бо прафілактыка тарфяных пажараў абыходзіцца нашмат танней, чым іх ліквідацыя. У выніку паўторнага забалочвання ўдаецца сэканоміць велізарныя грошы. Колькасць пажараў на такіх тэрыторыях значна скарачаецца, а значыць, няма неабходнасці ў выездах падраздзяленняў МНС. Сярод іншых выгод аднаўлення гідралагічнага рэжыму — падтрыманне ўзроўню грунтавых вод на прылеглых землях у міжсезонны перыяд, што спрыяльна ўплывае на вядзенне сельскай гаспадаркі.

Навесці парадак на зямлі — справа больш складаная і шматгранная, чым здаецца на першы погляд... Звычайна адразу ўзгадваюцца чыстыя пасёлкі і вёскі, добраўпарадкаваныя дарогі, дагледжаныя палі і фермы, лясы і ўзлескі без будаўнічага і дачнага смецця. Але калі браць шырэй, то паняцце «парадак на зямлі» ўключае ў сябе падтрыманне гармоніі з навакольным асяроддзем, стварэнне спрыяльных умоў для мясцовай фаўны і флоры, захаванне біяразнастайнасці. А гэта немагчыма без вяртання даўгоў прыродзе, у дадзеным выпадку — аднаўлення парушаных чалавекам балот і тарфянішчаў.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Чэрвень — Мёры

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.