Вы тут

Быць бацькам — гэта...


Нашай Васілісе ўжо год і дзевяць месяцаў. Гэты час, напоўнены радасцю, турботамі і адкрыццямі, праляцеў як адно імгненне. Нам з Вікай давялося шмат чаму навучыцца, шмат у чым змяніць лад свайго жыцця. Нярэдка па розных пытаннях кансультуемся ў сваіх бацькоў і знаёмых, выкарыстоўваем спецыяльную літаратуру. Але нідзе і ніколі не знайсці адказу на пытанне: што значыць быць татам? Вось які сэнс за мінулыя амаль два гады гэтыя словы набылі асабіста для мяне.

natatki (1)

Быць татам — гэта ў адзін з доўгачаканых дзён спачатку хвалявацца, адлічваць кожную хвіліну, атакаваць тэлефон радзільні, а потым атрымаць навіну, якая пераверне тваё жыццё.

Сабраць самастойна ложачак, праверыўшы ўсё па дзесяць разоў, а потым кожны раз радавацца, назіраючы, як ёй утульна ў ім спаць.

Разгубіцца, калі ўпершыню сам апынешся ў дзіцячай краме, і накупіць шмат рэчаў, некаторыя з якіх так і не будуць надзетыя.

Зразумець і адчуць хваляванні сваіх бацькоў, якія раней здаваліся надуманымі і беспадстаўнымі.

Прачынацца сярод ночы не ад таго, што неабходна паправіць сваю коўдру, а ад думкі: «Ці не раскрылася малая, ці не замерзлі яе ножкі?».

Умець усміхнуцца, нягледзячы на тое, што ўсярэдзіне ты ўвесь на ўзводзе ад чарговых капрызаў, выплюнутай кашы ці расмазаных фарбаў. Усміхнуцца і з любоўю патлумачыць, чаму так рабіць нельга.

Навучыцца на хаду складаць калыханкі ці казкі, каб дачка магла заснуць пад гісторыю, у якой ёсць і яна, і яе ўлюбёная лялька, і іншыя зусім не чаканыя героі. Зразумець: калі проста так чысціць носік, то будзе істэрыка, а калі цётцы «ватнай палачцы» вельмі неабходна пазнаёміцца з «козамі», якія ў ім жывуць, то гэта зусім іншая справа.

Радавацца ранняму пад'ёму ў выхадны дзень, калі задоўга да сігналу будзільніка твой сон парушае гучнае: «Папуя».

Калі малая пачне рабіць першыя няўпэўненыя крокі, трымаючыся за тваю руку, усім сэрцам зразумець, што ты — яе апора: у гэтую хвіліну і на ўсё жыццё.

Адчуць небывалае пачуццё гонару, калі аднойчы заўважаеш на целе дзіцяці радзімку ў тым жа месцы, што і ў цябе. І недзе ў падсвядомасці ставіш яшчэ адзін плюсік у пераліку таго, чым вы падобныя.

Умець пабачыць у незразумелай мешаніне пластыліну бабулю, калі малеча сцвярджае, што зляпіла менавіта яе.

Не злавацца на чарговую шкоду, а вучыцца выпраўляць яе разам.

Аднойчы несці малое на руках і на павучанне, што неабходна «тупаць ножкамі», нечакана пачуць, што тату не цяжка. Спачатку рассмяяцца ад такой вынаходлівасці, а потым пагадзіцца, бо сапраўды, гэта вельмі прыемны цяжар.

Не баяцца быць смешным і «папіць» гарбату разам з лялькамі, альбо, не зважаючы на двухсэнсоўныя позіркі такіх жа бацькоў, забрацца разам з дачкой на дзіцячую горку, каб дапамагчы малой пераадолець страх і надаць ёй упэўненасці.

Навучыцца прызнаваць, што жонка дома, на гаспадарцы, можа стаміцца больш, чым ты на працы.

Калі аднойчы раніцай пасля твайго пацалунку дачка спачатку незадаволена складзе вусны, а потым пяшчотна правядзе маленькімі далонямі па тваім твары і выдасць: «Ты каюці!», падхапіцца і тэрмінова пагаліцца, нават калі не збіраўся гэта рабіць усе выхадныя.

Заўсёды адчуваць адказнасць і ў сітуацыях, калі неабходна прыняць складанае рашэнне, думаць, ці не будзе табе за яго сорамна перад дачкой.

Падчас дзённага сну дачкі навучыцца рабіць неабходныя справы амаль бязгучна, каб не страціць ніводнай хвіліны вольнага часу.

Насцярожыцца, калі на прапанову нешта зрабіць дзіця скажа: «Потым». Ці не з'яўляецца гэта адлюстраваннем тваіх паводзін? Быць больш уважлівым і на ўласным прыкладзе дэманстраваць, што адклад не ідзе на лад.

Засмуціцца, атрымаўшы ў канцы працоўнага дня тэрміновае заданне. Але не ад таго, што вымушаны затраціць вольны час, а ад таго, што страціў вечар, які мог бы правесці з сям'ёй. Бо, калі прыйдзеш дадому, дачка будзе спаць, і ты застанешся без такога цёплага «сяпойнай ноці».

Умець адмовіць у яшчэ адной цукерцы, ад якой дакладна высыпле дыятэз, нават калі табе зазіраюць прама ў вочы, кажуць чароўнае слова «калі ласка», а потым пасля паўзы, быццам кантрольным стрэлам, яшчэ жаласліва дадаюць «трошачкі».

Быць татам — гэта зрабіць усё магчымае, аддаць усю душу, але не для таго, каб цябе любілі, а для таго, каб выхаваць чалавека, які будзе здольны любіць: шчыра і бескарысліва, як ты.

Аляксандр АЛЕСІК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».