Вы тут

Рэакцыя на апярэджанне


Учора ў Палаце прадстаўнікоў былі разгледжаны дакументы, якія закліканы своечасова зняць напружанне ў сацыяльнай сферы нашай краіны, стварыць дадатковыя ўмовы для развіцця эканомікі і павысіць абараназдольнасць Беларусі.

Дзеля грошай

— Зараз мы, як ніколі, зацікаўлены ў прамых замежных інвестыцыях, доўгатэрміновым вядзенні бізнесу ў Беларусі, у рэінвеставанні (паўторным укладанні капіталу ў эканоміку. — Рэд.) атрыманай прыбылі, выкарыстанні сучасных тэхналогій вытворчасці і менеджменту, — заявіў учора ў Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў Уладзіслаў ШЧЭПАЎ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы. — Патэнцыйны інвестар часта стаіць перад выбарам: дзе пачынаць свой бізнес — у Беларусі, Расійскай Федэрацыі або Казахстане. У Беларусі для максімальнага выкарыстання канкурэнтных пераваг (эканоміка-геаграфічнае становішча, палітычная стабільнасць і бяспека) устаноўлены прававыя гарантыі для інвестыцый, спрыяльны рэжым дзейнасці, і льготы і прэферэнцыі для інвестараў.

Яшчэ адным дакументам, які створыць дадатковыя прывабныя ўмовы для інвестыцый у прыярытэтных сектарах эканомікі, закліканы стаць Дэкрэт Прэзідэнта №8 (ад 12 лістапада 2015 года).

Гэты дакумент выкладае ў новай рэдакцыі Дэкрэт Прэзідэнта №10 «Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Ён прадугледжвае зняцце забароны на здзяйсненне здзелак з аб'ектамі будаўніцтва да іх уводу ў эксплуатацыю, індывідуальны падыход у выпадку спынення інвестыцыйнай дзейнасці (магчыма вызваленне інвестара ад кампенсацыі дадзеных яму льгот, прэферэнцый і ад выплаты штрафаў і няўстоек або іх растэрміноўка).

У выпадку невыканання інвестарам сваіх абавязацельстваў і адабрання ў яго зямельнага ўчастка з незавершаным будаўніцтвам дэкрэт прадугледжвае продаж гэтых аб'ектаў праз таргі або аўкцыён і вяртанне інвестару панесеных выдаткаў з улікам выдаткаў дзяржавы.

Асноўныя палажэнні дэкрэта ўступяць у сілу ў маі 2015 года.

Дзеля інфраструктуры

Яшчэ адным стымулам для прыцягнення інвестыцый павінен стаць законапраект аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, які быў разгледжаны ў другім чытанні.

— Прыняцце законапраекта — гэта новая старонка ў інвестыцыйнай дзейнасці нашай краіны, — лічыць Віктар Валюшыцкі, старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы.

Паводле яго слоў, праекты дзяржаўна-прыватнага партнёрства выгадны дзяржаве з пункту гледжання вырашэння пытанняў будаўніцтва інфраструктурных аб'ектаў. «У перыяд вострага дэфіцыту сродкаў бюджэту мы хочам прыцягнуць сродкі бізнесу для рэалізацыі інфраструктурных праектаў. Бізнес, рэалізуючы кожны з праектаў, можа на гэтым зарабіць. Гэта значыць, узаемавыгаднае партнёрства — выгада і для дзяржавы, і для прыватнага партнёра», — рэзюмаваў дэпутат.

Дзеля абароны

Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях разгледзела змяненні ў закон «Аб дзяржаўнай праграме ўзбраення і дзяржаўным абарончым заказе».

— Вопыт рэалізацыі праграмы, якая сфарміравана на 10 гадоў наперад, паказаў неабходнасць унясення ў яе змен у самыя кароткія тэрміны, — далажыў парламентарыям першы намеснік старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Ігар БЫКАЎ. — Дзяржпраграма ўяўляе з сябе сукупнасць тысяч мерапрыемстваў, і сфарміраваць яе так, каб яна магла быць дакладна выканана, немагчыма. Гэта прыводзіць да штогадовых карэкціровак праз указы кіраўніка дзяржавы.

У 2012 годзе парламентам Беларусі ўжо быў зроблены крок у бок больш мабільнай праграмы ўзбраення — не на 10 гадоў наперад, а на 5. Новы законапраект дазволіць зрабіць сам механізм яе змянення больш гнуткім і аптымальным — праз штогадовыя дзяржаўныя абарончыя заказы. Акрамя таго, законапраект дазваляе пераносіць незавершаныя з аб'ектыўных прычын мерапрыемствы на наступны год.

Дзеля бяспекі

У другім чытанні быў прыняты і законапраект аб прамысловай бяспецы. Новы закон будзе прадугледжваць унясенне ўсіх небяспечных вытворчых аб'ектаў яшчэ да іх уводу ў эксплуатацыю ў спецыяльны дзяржаўны рэестр, адкуль яны будуць выключацца толькі пасля вываду з эксплуатацыі. Іншымі словамі, прадпрыемствы не змогуць выйсці з-пад кантролю, нават калі зменяць уласніка.

Дакумент прадугледжвае, што ў дзяржрэестры небяспечных вытворчых аб'ектаў будуць весці свае раздзелы і сілавыя ведамствы. Больш дакладна прапісаны падыходы да падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне прамысловай бяспекі і праверкі ведаў тых, хто эксплуатуе патэнцыяльна небяспечныя аб'екты.

Дзеля занятасці

Законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» быў прыняты дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні.

Уведзена норма, згодна з якой працадаўца, калі яго работнік аказваецца пад пагрозай звальнення, павінен папярэдзіць аб гэтым органы па працы і занятасці за два месяцы.

Работнікамі, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення, зараз прапануецца лічыць не толькі тых, хто падпадае пад скарачэнне кадраў, але і тых, хто не заняты поўны працоўны дзень або знаходзіцца ў адпачынку за свой кошт з прычыны прастою.

Для наймальніка, калі ён арганізуе перанавучанне работнікаў, якія апынуліся пад пагрозай звальнення, каб потым працаўладкаваць іх на іншую пасаду, прадугледжваецца кампенсацыя з боку дзяржавы.

Наймальнік павінен паведаміць аб свабоднай вакансіі органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў пяцідзённы тэрмін.

Законапраект дае новыя магчымасці для прафесійнага навучання. Адначасова замацоўваюцца абавязкі беспрацоўных і дэкларуецца павышэнне іх адказнасці за парушэнне заканадаўства аб занятасці насельніцтва. Напрыклад, калі беспрацоўны не будзе наведваць заняткі, ён можа на год пазбавіцца права станавіцца на ўлік у цэнтры занятасці.

Грамадзянам, якія прайшлі альтэрнатыўную службу, будуць давацца пэўныя гарантыі адносна варыянтаў працаўладкавання.

Папраўкі, прынятыя ў закон аб занятасці, будуць тычыцца не толькі грамадзян Беларусі, але і пастаянна пражываючых у нашай краіне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.

Да тэмы

Плануюцца змены і ў Дэкрэце аб сацыяльным утрыманстве.

Будзе ўдакладнены пералік асоб, якія падпадаюць пад дзеянне Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Пра гэта заявіў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Андрэй Лабовіч.

У прыватнасці, зыходзячы з практыкі прымянення гэтага дэкрэта, будзе ўдакладнены пералік асоб, якія не трапяць пад дзеянне дакумента. Таксама будзе ўдакладнены механізм выплаты збору асобамі, якія будуць прызнаны абавязанымі кампенсаваць расходы дзяржавы.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Святлана Бусько

busko@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».