Вы тут

Рэкорды Гінеса ў паветры і пад вадой устанаўлівае гіравік Анатоль ЯЖОЎ


Не так даўно ў Гродне прайшоў чэмпіянат свету па гіравым спорце, у якім удзельнічалі 157 спартсменаў з 17 краін. Адзін з арганізатараў гэтых спаборніцтваў — старшыня праўлення міжнароднай федэрацыі гіравых відаў спорту, унікальны гіравік, адзіны ў свеце ўладальнік 145 сертыфікатаў Гінеса Анатоль ЯЖОЎ.

[caption id="attachment_114240" align="alignnone" width="600"]Ана­толь Яжоў  пад­час уста­наў­лен­ня су­свет­на­га рэ­кор­ду на Паў­днё­вым по­лю­се. Ана­толь Яжоў пад­час уста­наў­лен­ня су­свет­на­га рэ­кор­ду на Паў­днё­вым по­лю­се.[/caption]

Пад двума сцягамі

— Анатоль Мікалаевіч, вы жывяце ў Расіі, але ладзіце спаборніцтвы гіравікоў не толькі там — яны ўжо праводзіліся ў многіх рэгіёнах Беларусі. Вас называюць і расійскім, і беларускім спартсменам...

— Мая мама — беларуска, яна з Віцебска, а бацька — рускі, ленінградзец. Апошнія 25 гадоў яны жылі ў Віцебску, пахаваны там. Я вучыўся ў Віцебскім электратэхнікуме сувязі, потым служыў у арміі ва Уруччы пад Мінскам. І цяпер, хаця жыву ў Расіі, лічу сваёй радзімай і Беларусь, імкнуся садзейнічаць дружбе, партнёрскім кантактам паміж нашымі краінамі. Дарэчы, у міжнароднага Інстытута кіравання ў Архангельску, які я ўзначальваю, падпісаны дагаворы з сямнаццаццю ВНУ Беларусі: супрацоўнічаем у сферах навукі, адукацыі, спорту, друкуем у сваім выдавецтве навуковыя артыкулы беларускіх калег. Сёлета правялі студэнцкі літаратурны конкурс, прысвечаны 70-годдзю вялікай Перамогі, і вызначылі чатырох пераможцаў — з Беларусі, Расіі, Казахстана і Туркменістана.

Што ж тычыцца гіравога спорту, то я выступаю за Расію (з расійскім сцягам), за Беларусь (з беларускім сцягам) і за Саюзную дзяржаву, падымаючы сцягі Расіі і Беларусі. Апошнія 125 сусветных рэкордаў устанавіў за Беларусь. Дарэчы, у масавым гіравым спорце беларусы зараз найлепшыя ў свеце, ім належаць дасягненні ва ўсіх пяці намінацыях, якія прызнаны лонданскай штаб-кватэрай Кнігі рэкордаў Гінеса.

У міжнародным гіравым супольніцтве шмат выдатных спартсменаў, чэмпіёнаў яшчэ СССР, сваіх краін. Паміж намі не існуе падзелу на нацыянальнасці, нейкіх межаў, а толькі ўзаемапавага, сяброўства. Мы прыязджаем на спаборніцтвы не столькі нават па ўстанаўленне рэкордаў, атрыманне ўзнагарод, колькі па таварыскія сустрэчы, шчырыя чалавечыя кантакты. Вось так умацоўваем дружбу паміж нашымі народамі.

Класныя гіравікі нагадваюць лёгкаатлетаў

— Цікава, што каласальных поспехаў у гіравым спорце вы дамагліся ва ўжо не надта маладым узросце...

— Спортам я займаюся ўсё жыццё. Быў майстрам спорту па барацьбе самба, кулявой стральбе. І заўсёды падымаў гіры. Памятаю сябе яшчэ хлопчыкам з 16-кілаграмовай гірай — меншых па вазе тады не было. І калі мне стукнула 60, то адчуў патрэбу ў фізічных нагрузках і вярнуўся да гіраў. Пра што не шкадую і ўсім рэкамендую. Гіра — гэта, так бы мовіць, вельмі разумны спартыўны снарад, наш сябар. Тым больш, што яны ў масавым спорце розныя па вазе — ад 2 да 60 кілаграмаў. Галоўнае — правільная методыка падрыхтоўкі да выканання практыкавання і адпаведная вага гіры з улікам узросту спартсмена. Тады гэта будзе на карысць здароўю, добраму самаадчуванню. І разам з тым, чалавек зможа дабіцца лепшых вынікаў у сваіх прафесійных відах дзейнасці.

Дарэчы, гіравы спорт прыдатны як для мужчын, так і для жанчын. Прычым, прадстаўніцам прыгожага полу не трэба баяцца, што напампуюцца вялікія мышцы. Нічога падобнага. Класныя гіравікі, як правіла, нагадваюць лёгкаатлетаў — стройныя фігуры, мышцы невялікія, але эластычныя і вынослівыя.

Дарэчы, я хацеў бы падрыхтаваць спартсменку з Беларусі, якая б упершыню стала рэкардсменкай Гінеса сярод жанчын. Калі ёсць ахвотныя — звяртайцеся і будзем супрацоўнічаць.

— З чаго параіце распачаць заняткі з гірамі?

— Як ні дзіўна, пачынаць трэба з... аптэкі. Купіце там рызінавы бінт і, наматаўшы яго на кісці рук, расцягвайце. А прыкладна праз месяц, калі пройдуць болевыя адчуванні, з'явіцца мышачны тонус, можна перайсці на гантэлі, яшчэ праз месяц — пачаць займацца з гірамі невялікай вагі. Паралельна будуць карыснымі лёгкія прабежкі, пешыя прагулкі, у каго ёсць магчымасць — плаванне, гімнастычныя практыкаванні для мышцаў.

— Ці ёсць нейкія абмежаванні па ўзросце гіравікоў?

— Ніякіх. Адзінае абмежаванне — у вазе гіры: згодна з узростам спартсмена. Напрыклад, найстарэйшы ўдзельнік чэмпіянату ў Гродне Паўлюс Гіліс з Латвіі выступаў з 8-кілаграмовай. У 91-гадовым узросце (!) гэты інтэлігентны чалавек, цудоўны спартсмен так па-майстэрску падымае снарад, што яму пазайздросцяць і значна маладзейшыя.

«Быццам нехта вядзе мяне гэтым шляхам»

— На вашу думку, у гіравога спорту ёсць шанцы на ўключэнне ў праграму Алімпійскіх гульняў?

— Безумоўна. Гэта патэнцыяльна самы алімпійскі від спорту, бо ім могуць займацца ўсюды. Мы гэта паказалі і на Паўночным, і на Паўднёвым полюсе, нават у гарах, у паветры, пад вадой, пад зямлёй... Гіравым спортам могуць займацца мужчыны і жанчыны ў любой краіне, у тым ліку і паралімпійцы.

Дарэчы, у 2011 годзе мы ўжо правялі ў Архангельску першыя Алімпійскія гульні па гіравым спорце, а ў 2014-м — другую сусветную Алімпіяду ў Віцебску. Акрамя таго, адбыліся дзве Алімпіяды ў экстрэмальных умовах высакагор'я — на Эльбрусе і ў Эквадоры на гары Чымбараса. Такім чынам, алімпійская гісторыя ў гіравым спорце ўжо распачалася.

— Зразумела, што ўстанаўленне рэкордаў у экстрэмальных умовах звязана не толькі з прэстыжам краіны, чый сцяг узнімаецца ў гэтай кропцы свету, прапагандай гіравога спорту, але і з сур'ёзнай рызыкай, траўмамі. Што ж вамі рухае?

— Сапраўды, экстрэмальныя кропкі свету і звышнагрузкі не шкадуюць нікога. Я неаднойчы траўмаваўся, а ў некаторых месцах сітуацыя падчас выступлення з гірамі здавалася крытычнай. Напрыклад, на Паўночным полюсе навокал знаходзілася шмат расколін, лёд быў даволі тонкім, метра паўтара. А пад нагамі — 4,5 кіламетра Паўночнага Ледавітага акіяна. Яго гул літаральна адчуваўся нагамі, выклікаў іх дрыжанне, ды яшчэ кіслароднае галаданне — гэтыя фактары прывялі да сутаргі мышцаў, спазмаў дыхання. На вяршыні дзеючага вулкана Ясур (Вануату) атруціўся серавадародам, атрымаў апёкі, была рэальная небяспека загінуць пад вулканічнымі распаленымі бомбамі...

Кожны чалавек сам вырашае, якім жыццёвым шляхам ісці, устанаўлівае для сябе пэўныя мэты і бар'еры. Такое адчуванне, што мяне нехта вядзе гэтым шляхам. Азіраючыся назад, бачу, што ўсё, здавалася б, нерэальнае, зроблена, так бы мовіць, на адным дыханні і паўтарыць гэта я не змагу. Дзякуй Богу, што дазволіў мне гэта зрабіць і захаваў жыццё.

— Анатоль Мікалаевіч, новыя рэкорды будуць?

— Я ведаю, што мой патэнцыял яшчэ не вычарпаны. Таму маю намер прадоўжыць устанаўленне рэкордаў Гінеса. І калі мне скажуць «зверху» «стоп», то я спынюся і буду далей перадаваць сваё майстэрства іншым. А ў мяне 13 вучняў з 7 краін, якія ўстанавілі 33 індывідуальныя рэкорды Гінеса. А яшчэ 1838 чалавек з 27 краін удзельнічалі ва ўстанаўленні пяці калектыўных рэкордаў, калі гіравікі на працягу пэўнага часу сінхронна падымаюць гіру.

— Вядома, што пасля кожнага экстрэмальнага падарожжа з устанаўленнем гіравых рэкордаў вы стараецеся выпускаць кнігу...

— Так, іх ужо выйшла каля 40 — з аповедам пра ўсё, што адбывалася, фатаграфіямі. Адначасова я пішу вершы ў жанры рубаі. Гэтыя чатырохрадкоўі пачынаюць вылівацца з маёй галавы, душы, быццам хтосьці праз мяне праводзіць філасофскія думкі ў жыццё. У чатырох радках закладзены глыбокі сэнс той ці іншай з'явы, праблемы, падзеі. Праз рубаі я імкнуся выказаць свой погляд на сучаснасць, паняцці Радзімы, маральнасці, сяброўства. Звяртаюся да людзей: будзьце справядлівымі, памяркоўнымі да слабасцей іншых, не забывайцеся, што ў жыцці шмат ракавых выпадковасцей, старайцеся карыстацца ва ўзаемаадносінах мудрасцю векавых ісцін.

Даведка «Звязды»

Адзін з яго апошніх рэкордаў нядаўна атрымаў «прапіску» ў Ірландыі. А ўвогуле, Анатоль Мікалаевіч устанаўліваў іх ва ўсіх краінах Еўропы, а таксама ў Азіі, Афрыцы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Аўстраліі. Гэта рабілася ў самых экстрымальных кропках свету — на горных вяршынях, у палёце на паветраным шары і звышгукавым самалёце, у бязважкасці, пад вадой і ў шахце на глыбіні больш за 100 метраў, у пустыні — літаральна ва ўсіх сферах, дзе можа існаваць чалавек. І ўсюды падымаліся дзяржаўныя сцягі Расіі і Беларусі.

Зрэшты, інтарэсы 68-гадовага Анатоля Яжова не абмяжоўваюцца толькі гіравым спортам. Ён — доктар эканамічных навук, узначальвае міжнародны Інстытут кіравання ў Архангельску, піша вершы ў стылі рубаі, член Саюзаў пісьменнікаў Расіі і Беларусі.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.