Вы тут

Пенсійны ўзрост: ці варта павышаць?


Размовы пра магчымасць павышэння пенсійнага ўзросту вядуцца даўно. І хаця афіцыйнай заявы аб гэтым ад Мінпрацы пакуль не гучала, рэформы, здаецца, нам не пазбегнуць. Сёння на 100 асоб працаздольнага ўзросту прыпадае 40 пенсіянераў. У будучыні дыспрапорцыя толькі павялічыцца. Дзяцей ва ўзросце 10-14 гадоў у нас каля 440 тысяч, а тых, каму засталося пяць гадоў да выхаду на пенсію, — 720 тысяч. Пры такім раскладзе відавочна, што забяспечыць усіх выплатамі будзе цяжка.

Што нам дасць павышэнне пенсійнага ўзросту? Ці можна гэтага пазбегнуць? Якія фактары трэба ўлічваць пры правядзенні рэформы? Адказы на гэтыя пытанні з намі шукалі эканаміст Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджмента Глеб ШЫМАНОВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працы і сацыяльных пытаннях Ларыса БАГДАНОВІЧ, дацэнт кафедры геранталогіі і герыятрыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук Любоў ВАРОНІНА, кіраўнік навучальных напрамкаў Універсітэта трэцяга ўзросту Вольга ШЫШЛО, валанцёр-выкладчык камп'ютарных курсаў таго ж універсітэта Аляксандр ГЛУХОЎЧАНКА і намеснік начальніка ўпраўлення кадраў Мінскага аўтамабільнага завода Яўген ЗАХАРАЎ.

15-34

Аргумент — наша дэмаграфічная сітуацыя

«Звязда»: Якая праблема ў пенсійнай сістэме існуе цяпер? Што будзе ўплываць на прыняцце рашэння аб павелічэнні ці захаванні ўзросту?

15-39

Глеб ШЫМАНОВІЧ: На дадзены момант мы бачым, што Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва выконваецца з невялікім дэфіцытам, які пакрываецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Так, за дзевяць месяцаў бягучага года ў фонд паступіла 73,6 трыльёна рублёў, без уліку 3 трыльёнаў сродкаў з бюджэту, а выдаткі склалі амаль 79,5 трыльёна. Адпаведна праблема ўстойлівасці існуючай пенсійнай сістэмы ёсць і яна будзе толькі павялічвацца з улікам дэмаграфічных прагнозаў. Калі ў нас салідарная пенсійная сістэма (гэта значыць, што тыя, хто працуе, аплачваюць пенсіі сённяшнім пажылым), то чым менш работнікаў, тым большая на іх нагрузка. Пры росце колькасці пенсіянераў для захавання памеру пенсій неабходна павышаць падатак з заробку, які плацяць працаўнікі ў Фонд сацабароны. У выніку фінальная прадукцыя, якую мы выпускаем, стане даражэйшай. Уплыў ідзе на эканоміку ўвогуле: зніжаецца яе канкурэнтаздольнасць.

15-36

Ларыса БАГДАНОВІЧ: Асноўная задача сённяшніх пенсійных змяненняў у тым, каб умацаваць стабільнасць Фонду сацыяльнай абароны. Каб усё тое, што мы атрымліваем зараз, захавалася і не было такога, што наступіў месяц і няма чым выплаціць пенсію. Гэта, я лічу, самае галоўнае. Калі гаварыць пра карані сітуацыі, якая склалася сёння, трэба вярнуцца ў далёкія гады. Хто цяпер уступае ў працаздольны ўзрост? Тыя, хто нарадзіўся ў канцы 1990-х—пачатку 2000-х гадоў. Пачынаючы з 1996-га мы сышлі за мяжу, калі ў год нараджалася менш за 100 тысяч дзяцей. І так да 2006 года. Толькі ў 2007-м мы зноў вярнуліся на 103 тысячы. Праз нізкую нараджальнасць, што была ў сувязі з цяжкай сітуацыяй у тыя часы, мы сёння маем недахоп працаздольнага насельніцтва. Тое, што ва ўсіх суседніх краінах пенсійны ўзрост ужо даўно павышаны, не аргумент. Аргумент — менавіта наша дэмаграфічная сітуацыя.

Глеб ШЫМАНОВІЧ: Членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, дзе ў большасці дзяржаў пенсійны ўзрост вышэйшы за наш, таксама істотна не ўплывае на сітуацыю. Так, гэта мае значэнне, калі размова ідзе аб экспарце-імпарце выплат. І розніца ў пенсійным узросце, вядома, ускладняе працэс, але канцэптуальна супрацоўніцтва ў межах ЕАЭС не павінна адбіцца на пенсійнай сістэме Беларусі. У нас існуюць дамовы аб пенсійным забеспячэнні з краінамі Балтыі, дзе пенсійны ўзрост вышэйшы. Гэта справакавала некаторыя міграцыйныя плыні паміж краінамі людзей у перадпенсійным узросце, але маштабы гэтай праблемы не настолькі істотныя.

Ларыса БАГДАНОВІЧ: І эканоміка, і статыстыка паказваюць на тое, што мы мусім павышаць пенсійны ўзрост. Ці не спазніліся? Я думаю, не. У сярэднім штогод сыходзіць на пенсію (на розныя яе віды) каля 150 тысяч чалавек. Катастрафічную сітуацыю, калі недахоп працаздольнага насельніцтва будзе сур'ёзна адчувацца, эканамісты прагназуюць з 2020 года. Нават калі мы будзем павялічваць пенсійны ўзрост маленькімі крокамі, то да гэтага часу мы зможам захаваць працоўны патэнцыял, каб утрымліваць неабходную колькасць работнікаў.

«Звязда»: Цяпер сярэдні памер працоўнай пенсіі складае каля 2,9 мільёна рублёў. Няшмат. Ці дазволіць павышэнне пенсійнага ўзросту павялічыць памер выплат?

Ларыса БАГДАНОВІЧ: Да мяне на прыём часта прыходзяць незадаволеныя пажылыя, якія лічаць, што трэба павысіць пенсійны ўзрост, каб у іх стала большая пенсія. Яны гэтую рэформу разумеюць такім чынам. Але нават павелічэнне ўзросту на пяць гадоў не прывядзе да істотнага росту выплат, бо іх памер залежыць ад сярэдняга заробку па краіне. Калі ён павялічваецца на 15 працэнтаў, тады ідзе размова аб пераглядзе пенсіі. Успомніце 2011-2012 гады, калі сітуацыя была нядрэнная: тады пенсія павялічвалася 4 разы на год, кожны квартал. Cёлета яна вырасла толькі адзін раз. Але і гэта было не зусім абгрунтавана, паколькі заробкі ж на 15 працэнтаў не выраслі. Наадварот, рэальныя даходы знізіліся. Хаця, напэўна, было б правільна адысці ад прывязкі пенсіі да сярэдняй заработнай платы, а карэктаваць яе з улікам інфляцыі і коштаў. Бо атрымліваецца, што сацыяльная і мінімальная пенсіі, якія залежаць ад бюджэту пражытачнага мінімуму, растуць, а працоўная — на месцы.

Глеб ШЫМАНОВІЧ: Ідэя індэксацыі пенсій да інфляцыі заслугоўвае абмеркавання. З пункту гледжання фінансавай устойлівасці пенсійнай сістэмы такая карэкціроўка ў найбліжэйшыя два гады нявыгадная. Яна толькі павялічыць расходы фонду. Але ў доўгатэрміновым перыядзе пераход да індэксацыі выплат да інфляцыі здольны значна зменшыць ціск на ФСАН. Адваротны бок гэтага рашэння — павелічэнне розніцы паміж заробкамі і памерам пенсій. Што да павышэння пенсійнага ўзросту, то гэта проста збалансуе сістэму. Хочам большую пенсію — трэба павялічваць заработную плату. А гэта ўжо глабальная праблема, якую Міністэрства працы і сацыяльнай абароны не вырашыць самастойна.

Ларыса БАГДАНОВІЧ: З Фонду сацыяльнай абароны, акрамя пенсій, ідзе вельмі шмат выплат: матэрыяльныя дапамогі, дапамогі на санаторна-курортнае лячэнне, бальнічныя. У тэорыі, калі б нейкую частку выплат узяў на сябе рэспубліканскі бюджэт, то, вядома ж, засталося б больш грошай на пенсіі. Але як гэта зрабіць, калі і бюджэт сфарміраваць надзвычай цяжка? Мы ў камісіі ўвесь час спрабуем знайсці тое, што можна прыбраць з фонду. Шчыра скажу: лішняга няма. Тыя ж дзесяць дапамог, якія стымулююць нараджаць больш дзяцей, у выніку ўплываюць на колькасць паступленняў у фонд, бо забяспечваюць у будучыні рост працаздольнага насельніцтва.

«Звязда»: Можа, варта разгледзець пераход на накапляльную пенсійную сістэму? Тады чалавек мог бы сам вырашыць: выйсці яму на адпачынак па ўзросце раней і атрымліваць маленькую суму ці адпрацаваць на некалькі гадоў больш, каб пасля ні ў чым сабе не адмаўляць.

Глеб ШЫМАНОВІЧ: Апошні фінансавы крызіс у многім прымусіў задумацца аб эфектыўнасці накапляльнай сістэмы. Нават у вядучых дзяржавах. Для краін з пераходнай эканомікай, дзе фінансавыя сістэмы неразвітыя і няўстойлівыя, увядзенне такога страхавання — яшчэ больш рызыкоўны крок. Тым больш у нас неактыўна карыстаюцца гэтай магчымасцю назапашвання на старасць. Стаўкі па дэпазітах звычайна вышэйшыя, а рызыка па іх успрымаецца як меншая, таму людзям прасцей збіраць грошы на дэпазіце, чым на накапляльным рахунку.

Ларыса БАГДАНОВІЧ: Пра абавязковае страхаванне цяпер не ідзе размова. Прамежак працоўнага жыцця, як правіла,
30-40 гадоў. На гэты час трэба прапанаваць бонусы, якія будуць пакрываць інфляцыйныя страты. Каб не атрымалася, як у Казахстане, калі яны зрабілі накапляльныя рахункі, а праз сем гадоў, калі людзі пачалі выходзіць на пенсіі, аказалася, што выплачваць не было з чаго. Інфляцыйныя працэсы аказаліся нашмат цяжэйшымі, чым чакалася.

Беларуская пенсійная сістэма павінна захоўвацца салідарнай. Накапляльная нам нічога не дасць, пакуль вытворчасць працы не вырасце хаця б да 50 працэнтаў да агульнаеўрапейскай. А ў наступную пяцігодку, па праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця, мы плануем толькі да 45 працэнтаў яе павялічыць. Важна захаваць тое, што ёсць, каб не пагоршылася сённяшняе становішча. Таму павялічваць узрост трэба. Бо, як той казаў, выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Мы самі сабе павінны дапамагчы. Паменшыць колькасць людзей, якія будуць атрымліваць пенсію, і так захаваць грошы ў Фондзе сацабароны.

Узрост мужчын і жанчын варта зраўняць

«Звязда»: Закранаючы пытанні пенсійнага ўзросту, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка не аднойчы заўважаў, што павышаць узрост без згоды народа не будуць. Як людзі ўспрымаюць той факт, што працаваць, магчыма, давядзецца даўжэй?

15-40

Вольга ШЫШЛО: У нас ва Універсітэце трэцяга ўзросту вучацца людзі 60+. Летась найстарэйшаму студэнту быў 91 год. І з ліку слухачоў ёсць людзі, якія працягваюць працаваць на пенсіі і ў 70. Па вопыце працы за тры гады праекта, магу сказаць адно: калі жанчына ў 55 гадоў актыўная, то для яе выхад на пенсію ў такім узросце — стрэс. Паколькі ёсць сілы і жаданне працаваць, тым больш калі праца была не вельмі цяжкай фізічна. Іншы выпадак, калі ў людзей ёсць праблемы са здароўем: яны ўжо чакаюць гэтай пенсіі, каб адпачыць. А калі заробак яшчэ быў невялікім і чалавек разумее, што пенсія будзе амаль такой жа, то жадання працаваць асабліва няма.

Мне, як спецыялісту, якому за 30, псіхалагічна лягчэй успрыняць рэформу, паколькі я зараз поўная сіл. Для мяне павышэнне пенсійнага ўзросту — гэта нармальна. А чалавеку ў 50 псіхалагічна будзе цяжка.

Ларыса БАГДАНОВІЧ: Значыць, асноўную ролю ў савеце павінны адыграць асобы маладога ўзросту.

15-37

Яўген ЗАХАРАЎ: Маё меркаванне, што мы пакуль да павышэння пенсійнага ўзросту не гатовы. Хаця і разумеем гэтую праблему. Напэўна, рашэнне павінна быць прынята праз рэферэндум ці штосьці падобнае.

Ларыса БАГДАНОВІЧ: Рэферэндум — працэдура дарагая. Ды і назавіце мне хаця б адну краіну, якая была гатова да павышэння пенсійнага ўзросту? Мне здаецца, колькі ні рыхтуйся, калі наступае момант прымаць рашэнне, ніхто не будзе згаджацца. Заўсёды хочацца адкласці гэтую змену на пазней. Хаця адзін са сцэнарыяў рэфармавання прадугледжвае, што ў людзей будзе магчымасць сысці на пенсію раней за вызначаны тэрмін. Але ў такім выпадку яны будуць атрымліваць меншыя выплаты.

«Звязда»: Калі павышаць узрост, то наколькі? Так, Сусветны банк рэкамендуе беларускай уладзе да 2020 года паступова падняць пенсійны ўзрост жанчын да 60 гадоў, да 2026-га давесці пенсійны ўзрост і мужчын, і жанчын да 63, а да 2030-га — да 65 гадоў.

15-35

Любоў ВАРОНІНА: У мяне замежныя калегі не раз пыталіся: чаму вашы жанчыны жывуць на 10 гадоў даўжэй, а на пенсію выходзяць на пяць гадоў раней? І я не магу патлумачыць. За мяжой лічаць, што розніца ў пенсійным узросце ў 5 гадоў — дыскрымінацыя для жанчын. Мне здаецца, на нейкім этапе мужчын і жанчын давядзецца зраўняць.

Глеб ШЫМАНОВІЧ: Лічбы Сусветнага банка выведзены з разлікам на тое, каб збалансаваць Фонд сацабароны насельніцтва. Але павысіць узрост да 65 — сур'ёзны крок. Ён не будзе ўспрыняты станоўча. Таму, мяркую, калі павялічваць пенсійны ўзрост, то вельмі паступова. Асноўнай задачай з'яўляецца зрабіць умовы, якія будуць стымуляваць занятасць насельніцтва ва ўзросце. Што ў нас часткова ўжо існуе. Ты не прымушаеш ісці працаваць, а ствараеш умовы, калі чалавек сам хоча. Сітуацыя, калі людзі і атрымліваюць пенсію, і працуюць, не паляпшае фінансавы стан фонду, але і не вядзе яго ў мінус.

Ларыса БАГДАНОВІЧ: Для большасці павышэнне пенсійнага ўзросту амаль нічога не зменіць. Па статыстыцы, 25 працэнтаў пажылых людзей сёння працягваюць працаваць. А калі браць першыя пяць гадоў пасля выхаду на пенсію — больш за палову. Ды і многім галінам, калі не працягваць кантракты з людзьмі пасля выхаду на пенсію, будзе цяжка. Той жа медыцыне ці адукацыі. Дзе тады браць прафесарскі склад?

Яўген ЗАХАРАЎ: Але ўсе сферы розныя. У нас на МАЗе з агульнай колькасці работнікаў — 18 тысяч — пенсіянеры складаюць усяго толькі 12 працэнтаў. Можа, у сферы абслугоўвання і сацыяльнай, дзе праца лягчэйшая, пенсійны ўзрост павысіць, а тым, хто заняты на вытворчасці, пакінуць сённяшні ўзровень?

Ларыса БАГДАНОВІЧ: Так мы вяртаемся да дыскрымінацыі. Ствараючы такую сітуацыю, мы нібыта згаджаемся з тым, што людзі, якія працуюць у прамысловасці, жывуць менш за тых, хто сядзіць у офісах. Але трэба імкнуцца да таго, каб і на вытворчасці былі ўмовы, якія не пагаршаюць здароўе. Драбніць на катэгорыі неразумна. У нас і так ёсць розныя спісы, і калі мы размяжуем насельніцтва, якое павінна дапрацаваць да поўнага пенсійнага ўзросту, яшчэ на нейкія групы, то атрымаецца блытаніна. Чым больш драбленняў, тым больш спакусаў і праблем. Таму, напэўна, дырэктыўна павінна быць вырашана: маўляў, з заўтра пенсійны ўзрост ва ўсіх будзе павышаны.

«Звязда»: Некаторыя баяцца, што чалавек у такім узросце — ужо не работнік. Наколькі здароўе дазваляе пажылым працаваць?

Любоў ВАРОНІНА: Цяпер назіраецца тэндэнцыя да маладосці. Параўнайце, як выглядалі людзі ў 40 паўстагоддзя таму і сёння. Нас ужо не здзіўляе, калі жанчына нараджае ва ўзросце пад 50. З аднаго боку, стан здароўя становіцца лепшым. З іншага — з'яўляюцца хваробы, якіх мы раней не ведалі. Так, у Еўропе цяпер да 40 працэнтаў людзей ва ўзросце каля 85 гадоў з хваробай Альцгеймера. Але, калі не браць складаныя выпадкі, стан здароўя дазваляе працаваць і пасля пенсіі.

Вядома, працягласць жыцця ў Беларусі меншая за еўрапейскі паказчык. Але ў той жа Швецыі, дзе людзі жывуць у сярэднім 85-88 гадоў, і пенсійны ўзрост арыентуецца цяпер на 70. Калі глядзець па класіфікацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, то малады ўзрост працягваецца да 44 гадоў, сярэдні — да 60. Абмяркоўваецца нават варыянт, каб гэтыя ўзроставыя градацыі крыху пасунуць, бо ў многіх краінах людзі і ў 70 гадоў актыўна займаюцца бізнесам, палітыкай, навукай.

Ларыса БАГДАНОВІЧ: З намі неяк прафесар працаваў з Мюнхена, якому было пад 90. Ён перасоўваўся на інваліднай калясцы, з мочапрыёмнікам, але ўвесь час без праблем прылятаў да нас на самалёце.

Любоў ВАРОНІНА: І яшчэ адзін момант. Людзі, якія працуюць, адчуваюць сябе лепш. Як толькі выходзяць на пенсію, пачынаюцца хваробы. У нас пенсія чамусьці ўспрымаецца як трагедыя. Нідзе ў свеце гэтага няма. Людзі жывуць паўнавартасна, падарожнічаюць. Хваробы ж якраз пачынаюцца ад гэтага адчування безвыходнасці. Нашы пенсіянеры проста не ведаюць, чым ім заняцца. Прывыклі працаваць. Добра, калі яшчэ дзеці ёсць. А калі няма чаго рабіць, застаецца толькі хварэць. Стан здароўя найперш залежыць ад таго, што ў галаве.

Пенсіянеры — недаацэнены рэсурс

«Звязда»: Павышэнне пенсійнага ўзросту закране не толькі пенсійную сістэму. Гэта комплексная праблема. Што трэба ўлічваць пры правядзенні такой рэформы?

Глеб ШЫМАНОВІЧ: Я сфармуляваў бы праблему як павелічэнне эканамічнай актыўнасці пажылога насельніцтва. Бо павышэнне пенсійнага ўзросту зніме дэфіцыт фонду толькі на нейкі час, гэты захад кароткатэрміновы. Тэндэнцыя ж старэння насельніцтва не спыняецца. Усе інструменты, якія павялічваюць актыўнасць людзей у пажылым узросце, маюць на ўвазе пэўныя змяненні ў структуры эканомікі, пераразмеркаванне звёнаў. Напрыклад, рост сферы паслуг.

Рынак працы варта зрабіць больш гнуткім. Гэта дазволіць эфектыўней выкарыстоўваць пенсіянераў. Ёсць розныя інструменты, якія павялічваюць гнуткасць: магчымасць працаваць з дому, выходзіць на паўдня. Укараненне гэтых інструментаў на дзяржаўным узроўні павінна палепшыць сітуацыю з эканамічнай актыўнасцю людзей у пажылым узросце і, адпаведна, у нейкай ступені знізіць ціск на пенсійны фонд. А самі пажылыя, працягваючы працаваць, згладжваюць свой выхад на пенсію і могуць яшчэ крыху падзарабіць.

Ларыса БАГДАНОВІЧ: Трэба ўвязваць павышэнне пенсійнага ўзросту з сённяшняй сітуацыяй на рынку працы. Павялічваецца колькасць працаздольнага насельніцтва, а значыць, будуць патрэбныя месцы.

Глеб ШЫМАНОВІЧ: Доўгі прамежак часу ў нас асноўнай часткай беспрацоўных была моладзь. Цяпер пад уплывам розных фактараў структура беспрацоўя пачынае змяняцца. Калі ўзяць сусветны вопыт, ва ўмовах змен у эканоміцы пад уплывам крызісу ці рэформ, павялічваецца рызыка застацца без месца для людзей у пажылым узросце. Таму пры правядзенні такой рэформы трэба распачаць захады, якія дазволілі б згладзіць гэты негатыўны працэс. Хто згубіць працу ў першую чаргу? Людзі, якія жывуць у сельскай мясцовасці, з нізкім узроўнем адукацыі. Адпаведна трэба, каб сістэма сацыяльнай абароны была гатова рэагаваць на гэтыя выклікі.

Вольга ШЫШЛО: Выйсцем могуць стаць курсы па перанавучанні. Засвоіў камп'ютар — можаш быць аператарам дома. Людзей перадпенсійнага ўзросту, якія яшчэ працуюць, добра было б знаёміць з асновамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Педагогі, псіхолагі тады могуць займацца прыватнай практыкай. У нас на курсах ёсць жанчыны, якія адпрацавалі касметолагамі: яны прапаноўваюць арганізоўваць майстар-класы па доглядзе за сабой. Тыя, хто займаецца рукадзеллем, могуць прадаваць вырабы праз інтэрнэт-краму. Ручную працу цяпер гатовы купляць. Трэба людзям арганізоўваць альтэрнатыўную занятасць. У Швецыі, напрыклад, ёсць магчымасць пенсіянерам летам уладкавацца на месца работніка, які пайшоў у адпачынак. Для пажылога чалавека гэта і стажыроўка, і падпрацоўка адначасова.

«Звязда»: Наколькі пенсіянер — эфектыўны работнік? І ці гатовы працадавец трымаць у сябе гэтую катэгорыю?

Яўген ЗАХАРАЎ: Наймальнік зацікаўлены ў тым, каб пенсіянеры заставаліся на прадпрыемстве. Ад іх карысці больш, чым ад тых, хто толькі скончыў установу адукацыі. Тым больш палова моладзі хутка сыходзіць з такіх цяжкіх прадпрыемстваў, як МАЗ. Усе жадаюць працаваць у светлым халаціку, у офісах, дзе цёпла, чыста і ўтульна. І дзе заробкі большыя. Мы сёння такіх умоў прапанаваць не можам.

15-38

Аляксандр ГЛУХОЎЧАНКА: Але часта пажылому чалавеку складана ўладкавацца на працу. Для наймальніка прывабны ўзрост — максімум 45, старэйшых ужо не бяруць. Які б спецыяліст ні быў, толькі на ўзрост зірнуць — не. З такім падыходам людзі могуць на гэтыя гады да пенсіі застацца без працы. Таму часта чалавек сядзіць на адным месцы, каб хаця толькі дацягнуць да пенсіі.

Вольга ШЫШЛО: Многія з тых, хто працягвае працаваць у пажылым узросце, уладкоўваюцца не па сваёй спецыяльнасці, а ідуць на ніжэйшыя пасады.

Ларыса БАГДАНОВІЧ: Як да дэпутата, да мяне часам паступаюць звароты кшталту «я дасягнуў пенсійнага ўзросту, і са мной не працягнулі кантракт». Кіраўніцтва ў гэтай сітуацыі таксама зразумець можна. Я сама ўрач. На працы ў мяне некалі была санітарка, якой 78 гадоў. Мыць вялікія вокны яе ўжо не паставіш, трэба кагосьці іншага шукаць. Вядома, я санітарцы ў такім узросце сказала, што час, напэўна, развітвацца. Яна была вельмі пакрыўджана, бо лічыла, што можа працягваць працаваць. Сам чалавек заўсёды сябе цэніць вышэй, чым наваколле, гэта нармальна. Таму, хто лепшы, моладзь ці пенсіянеры, пытанне спрэчнае. Рабіць наймальніка закладнікам сітуацыі і прымушаць яго яшчэ год пасля пенсіі трымаць чалавека — не варыянт. Працадавец павінен выбраць.

Яўген ЗАХАРАЎ: Мы з задавальненнем пенсіянераў пакідаем на заводзе. Праўда, да пэўнага часу і пры пэўных умовах. Рэкамендацыі ў нас такія: мужчына, з прафесійнай падрыхтоўкай найвышэйшага ўзроўню, дысцыплінаваны, да якога няма заўваг па выкананні, без размоў можа заставацца на прадпрыемстве да 65 гадоў, жанчына — да 60. Але, як правіла, жанчыны на цяжкіх працах у такім узросце ўжо не затрымліваюцца. Выбіраюць што-небудзь лягчэйшае: ідуць прыбіральшчыцамі, гардэробшчыцамі, кладаўшчыкамі, уладкоўваюцца ў камбінат грамадскага харчавання афіцыянтамі ці пасудамыйкамі. А на вытворчых участках яны працуюць максімум год-два пасля пенсіі.

У гэтым узросце работнік — вопытны спецыяліст. Але, бывае, затарможваецца, не бачыць сэнсу павышаць сваю кваліфікацыю. Працуе спакойна. Лічыць, што ён ужо вышэй на галаву за маладых, якія сёння толькі прыйшлі з ліцэя. Ён выконвае тое, што ад яго патрабуюць, не праяўляючы залішняй ініцыятывы.

Вольга ШЫШЛО: Аднак многія застаюцца актыўнымі і працягваюць атрымліваць адукацыю. Сёлета ў нашым універсітэце быў трэці набор. Калі летась за два прыёмныя дні прыйшло 714 чалавек, то ў гэтым годзе — паўтары тысячы. На жаль, усіх не змаглі ўзяць. Сёння ў нас бясплатна навучаецца каля 900 чалавек. Усяго 19 напрамкаў. Самы папулярны — камп'ютарныя курсы. Замежныя мовы таксама карыстаюцца попытам. У гэтым годзе пабіты рэкорд: у нас 24 групы па англійскай мове. Ёсць тыя, хто з нуля мову вывучае. Сярод слухачоў курса па журналістыцы некаторыя ўпершыню публікавацца пачалі, для іх гэта плюс да пенсіі. Нават у расійскіх выданнях друкуюцца: паглядзелі, што ў тых часопісах ганарары вышэйшыя. На журналістыцы вучыцца зараз мужчына, які адпрацаваў на заводзе на кіраўніцкай пасадзе, але заўсёды хацеў пісаць. І цяпер у вольны час складае апавяданні.

Ёсць валанцёры з ліку саміх слухачоў. Напрыклад, замежную мову вядуць былыя педагогі. Каб не сядзець дома, раз на тыдзень прыходзяць выкладаць. Вочы гараць, ёсць жаданне працаваць, нават бясплатна. Сёлета адкрыўся цэнтр валанцёраў, дзе мы таксама прапаноўваем пенсіянерам рэалізавацца. Людзі самі вызначылі, чым яны хацелі б займацца. Сярод кірункаў — дапамога жывёлам, праца з дзецьмі, з адзінокімі пажылымі. Кампаньёнства (суправаджэнне іншага пажылога чалавека, маламабільнага, у тэатр ці краму), думаем, можа, нават выльецца ў асобны праект.

Аляксандр ГЛУХОЎЧАНКА: Сам першапачаткова хацеў запісацца на курсы як слухач. Прыцягнула тое, што да пажылых людзей аднесліся з разуменнем — стварылі ўніверсітэт. Ды і той факт, што можна вучыцца бясплатна, меў не апошняе значэнне. А ўжо калі анкету далі запаўняць, убачыў, што там ёсць графа валанцёра. Я хоць і працягваю працаваць, але вольны час застаецца. Чаму б не дапамагчы людзям? Выбраў камп'ютарныя курсы, тое, што мне больш зразумела. З задавальненнем вяду (і сам яшчэ наведваю заняткі па псіхалогіі). Бачу, як пажылыя хочуць гэтаму навучыцца, бо іх дзеці, унукі камп'ютарамі і планшэтамі карыстаюцца ва ўсю. Многія пенсіянеры ажываюць на курсах, калі бачаць, якія да іх адносіны. Яны ж разумеюць, што валанцёры з імі бясплатна займаюцца. Асабліва тым, хто ўжо не працуе, такая ўвага прыемная.

Вольга ШЫШЛО: Кіраўніцтву фірм трэба паглядзець па-іншаму на гэтую катэгорыю людзей. Летась мы ладзілі форум валанцёраў і запрашалі арганізацыі, якія ў асноўным працуюць з моладдзю. Калі яны ўбачылі актыўных людзей ва ўзросце 60+, дзякавалі, што мы іх паклікалі, бо яны нават не думалі, што пенсіянераў можна разглядаць як рэсурс у сваёй дзейнасці.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?