Вы тут

Найлепшыя ў свеце мазаікі і кава з жалудоў


Карэспандэнт «Звязды» пазнаёмілася з цікавінкамі Свята-Елісавецінскага манастыра.

Дзверы манастырскіх цэркваў адчынены з сямі раніцы да вечара, прыйсці памаліцца сюды можна ў любы час. Тут стаяць свечкі, сядзяць, стаяць, плачуць, разважаюць, нават спяць — ніхто і не падумае папракнуць. Манастыр прымае сотні паломнікаў, якія прыходзяць сюды не толькі для таго, каб пакланіцца мясцовым святыням, раскрыць сваю душу Богу і атрымаць суцяшэнне. Многія тут цалкам мяняюць свой лёс і знаходзяць сапраўдны паратунак — хто ў малітве, хто ў працы, хто ў дапамозе хворым.

[caption id="attachment_114537" align="alignnone" width="600"]15-31 Інтэр'ер Елісавецінскага храма.[/caption]

Манастыр на месцы пакут

На 70 дзесяцінах зямлі ў Навінках мінскае земства вырашыла адкрыць працоўную калонію для душэўнахворых. Будаўніцтва яе пачалося ў 1914 годзе, а ў 1918-м, ужо савецкая, яна адкрылася. Пра жыццё калоніі да Другой сусветнай вайны звестак няшмат, аднак вядома, што ў 1941 годзе хворых сагналі ў лазню і зрабілі там газавую камеру...

— Да нас прыходзілі людзі, якія маюць доступ да сакрэтных дакументаў, і сведчылі, што ў палях каля Цнянскага вадасховішча былі і расстрэлы рэпрэсаваных, — расказвае сястра міласэрнасці Таццяна ХАМЯНКОВА, якая запрасіла на экскурсію па манастыры.

Гісторыя сястрынства, а потым і манастыра пачалася з таго, што ў 1994 годзе ў пасёлак Навінкі, каб наведаць хворых у Рэспубліканскім цэнтры псіхічнага здароўя, сталі прыязджаць прыхаджанкі Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. Ахвотніц несці тут служэнне станавілася ўсё больш, і ў 1996 годзе было створана сястрынства ў гонар прападобнамучаніцы вялікай княгіні Елісаветы.

22 жніўня 1999 года лічыцца днём нараджэння манастыра: у гэты дзень яго афіцыйна зарэгістравалі, тады ж адбыўся першы пострыг манахінь у гэтых сценах. Цяпер іх тут служыць больш як 100. Працягвае працаваць і сястрынства (дарэчы, адно з самых вялікіх у СНД — больш за 300 сясцёр міласэрнасці).

Манахіні жывуць у келлях, размешчаных у карпусах. Даюць зарок бясшлюбнасці, а калі прыйшлі ў манастыр у сталым узросце, стасункі з сям'ёй мінімалізуюцца, іх частату вызначае духоўнік. У манахінь няма сваёй маёмасці, уся яна агульная. Сёстры даюць абяцанне безумоўнага паслушэнства ігуменні і духоўніку. У кожнай з насельніц манастыра сваё малітоўнае правіла, якое павялічваецца ў залежнасці ад чына. Апроч таго, манахіні разам з сёстрамі міласэрнасці наведваюць больш за дзве тысячы хворых у рэспубліканскім цэнтры псіхічнага здароўя і іншых установах. Першыя дзве прыступкі ў манастве — працаўніцтва і паслушэнства. Калі на гэтым этапе сястра разумее, што памылілася з выбарам, мае права пайсці з манастыра. Гэтаксама і ў сястрынстве — ёсць пэўны выпрабавальны тэрмін, за які трэба вызначыцца, пойдзеш ты гэтым шляхам ці не...

Да скону маліцца за забойцу

Сястра Таццяна праводзіць нас у царкву, асвечаную ў гонар святога Мікалая Цудатворца. У памяшканні вялікая колькасць старажытных абразоў, якія падаравалі. Некаторыя абразы — у сярэбрана-залатых акладах. Іх зрабілі з каштоўных прынашэнняў ад удзячных вернікаў за ацаленне ад хвароб. Упрыгажэнняў было так шмат, што ўсе яны не маглі змясціцца на іконах, таму вырашылі пераплавіць іх на аклады.

Мікалаеўская царква адметная тым, што ў ёй чытаецца кругласутачная (за выключэннем богаслужэнняў) малітва за ўвесь свет — «Няўсыпны псалтыр».

Адна з найшаноўных ікон у храме — абраз Божай Маці «Неўпівальная Чаша», пры дапамозе якой многім удалося ацаліцца ад алкагольнай, наркатычнай і іншых залежнасцяў.

З царквы Мікалая Цудатворца, не выходзячы на вуліцу, мы падымаемся ўгору па лесвіцы ў Елісавецінскі храм. Прападобнамучаніца вялікая княгіня Елісавета нарадзілася 151 год таму ў Германіі ў пратэстанцкай сям'і Людвіга ІV, герцага Дармштацкага, і прынцэсы Алісы, дачкі англійскай каралевы Вікторыі. Сям'я была шматдзетнай, і хоць жыла багата, дзеці выхоўваліся ў строгасці і пашане да працы. У 20 гадоў Елісавета абвянчалася з князем Сяргеем Аляксандравічам Раманавым, пераехала жыць у Расію і праз сем гадоў вырашыла прыняць праваслаўную веру.

Вялікім ударам для княгіні стала смерць мужа, у карэту якога тэрарыст кінуў бомбу. Елісавета знайшла ў сабе мужнасць літаральна па частках сабраць астанкі Сяргея Аляксандравіча і пахаваць яго. Кожны дзень княгіня прыходзіла на магілу мужа. Больш за тое, яна прыйшла да тэрарыста, прасіла паспавядацца і пакаяцца, бо яму вынеслі смяротны прысуд (які асабіста прасіла імператара адмяніць). Абяцала да скону маліцца за забойцу...

Пасля гэтага свецкае жыццё княгіні стала немагчымым. Яна набыла маёнтак у цэнтры Масквы і стварыла там Марфа-Марыінскі манастыр міласэрнасці, настаяцельніцай якога неўзабаве стала. Аднак ужо наступілі часы бальшавіцкага тэрору, змагаліся не толькі з царызмам, але і з Богам. Па настаяцельніцу прыйшлі ўначы, не далі развітацца з сёстрамі. Пасля — Сібір, закінутая вугальная шахта, куды скінулі княгіню, інакіню Варвару, якая добраахвотна пайшла з ёй на пакутніцкую смерць, пяць князёў з Дома Раманавых і частку прыслугі. У шахту з людзьмі кідалі гранаты, але ніводная з іх не разарвалася. Сведкі тых падзей запэўнівалі, што некалькі дзён з шахты даносіўся малітоўны спеў.

Мошчы княгіні і інакіні атрымалася вывезці з Расіі і пахаваць у Іерусаліме, як марыла вялікая княгіня Елісавета. На той момант прайшло два гады пасля іх смерці. Тленне не кранула іх мошчы, ад іх разліваўся водар ці то лілей, ці то мёду і язміну...

[caption id="attachment_114538" align="alignnone" width="600"]15-32 Уся гэтая прыгажосць зроблена са шкла.[/caption]

Пачаць пісаць іконы можа кожны...

Пра манастырскія храмы можна расказваць вельмі доўга. Цэлыя гісторыі маюць не толькі цэрквы, але і многія абразы ў іх. Аднак мы вырашылі зазірнуць у куточкі, якія не навідавоку для звычайнага наведвальніка — майстэрні. Іх тут больш за 30, працуюць у іх людзі як са спецыяльнай адукацыяй, так і без яе. Большасць з майстэрняў адраджаюць царкоўнае мастацтва — іканапісная, іканакладная, швейная, залаташвейная, сценапісная, мазаічная, па апрацоўцы дрэва, металу, шкла...

Храм складана ўявіць без выяў святых, таму найперш сястра Таццяна праводзіць нас у іканапісную майстэрню. Адметна, што фарбы пры напісанні ікон выкарыстоўваюцца толькі натуральныя, іх здабываюць з мінералаў і раслін, як і сотні гадоў таму. Пры манастыры ёсць свая іканапісная школа. Аказваецца, любы, хто мае мінімальны мастацкі досвед і здольны пераступіць праз свой творчы эгаізм, можа прайсці тут навучанне і пачаць пісаць іконы.

— Мы знаходзімся ў працоўным памяшканні найлепшай у свеце мазаічнай майстэрні, — прэзентуе сястра Таццяна наступную славутасць манастыра.

Пра гэты абсалютна не перабольшаны статус сведчыць выйгрыш праекта па ўпрыгожванні сабора Савы Сербскага ў Бялградзе. А гэта ні многа ні мала — чацвёртая па велічыні праваслаўная царква ў свеце! Беларускім майстрам трэба будзе выкласці ў ёй тысячы квадратных метраў мазаікі.

Сама яна, між іншым, вырабляецца па старажытнай тэхналогіі са смальты, якую драбняць на спецыяльным прыстасаванні — смальтаколе — на кавалкі патрэбнага памеру. Для кожнай будучай мазаічнай выявы складаецца палітра, потым рыхтуецца эскіз, пасля чаго на пластылін набіраецца чарнавік. Яго абгортваюць у плёнку, вязуць на аб'ект, дзе кожны кавалачак смальты ўручную пінцэтам прымацоўваецца да паверхні. Гэта па старажытнай тэхналогіі. Крыху інакш робяць па тэхналогіі сучаснай: мазаіку прыклейваюць спецыяльным клеем пры дапамозе будаўнічай сеткі, і ўжо ў такім «сабраным» выглядзе прывозяць на аб'ект і замацоўваюць.

Прыклад працы тутэйшых майстроў, выкананай менавіта старажытным спосабам, можна ўбачыць на тэрыторыі манастыра — у храме ў гонар Маці Божай Дзяржаўнай. Цікава, што самы далёкі заказ з мазаічнай майстэрні Свята-Елісавецінскага манастыра адправіўся ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку.

Пры манастыры дзейнічае праваслаўная гімназія ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай, ёсць дзіцячы садок, цэнтр духоўна-творчай асветы, дзе маленькія наведвальнікі займаюцца іконапісам, царкоўнымі спевамі, музыкай, рукапашным боем, шахматамі, харэаграфіяй, тэатральнай дзейнасцю і шмат чым іншым.

А побач з манастырскім комплексам дабудоўваецца Дом паломніка, у якім будзе сталоўка для ўсіх ахвотных і фітабар, у якім прапануюць каву з жалудоў і зёлкавую гарбату.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.