Вы тут

Моладзь ідзе наперад


Айчынныя біятланісты паспяхова выступаюць на юніёрскіх турнірах, валейбольны «Будаўнік» шосты раз становіцца ўладальнікам Кубка Беларусі, а хакейнае «Дынама» абыгрывае сваіх рыжскіх аднаклубнікаў. Самыя актуальныя спартыўныя падзеі — у штотыднёвым аглядзе «Звязды».

1. Другі этап біятлоннага Кубка свету ў Аўстрыі завяршыўся эстафетамі. Наша зборная дзяўчат у складзе Надзеі Скардзіны, Ірыны Крыўко, Ганны Солы і Дар'і Юркевіч заняла сёмае месца. Беларускі да заключнай восьмай стральбы прэтэндавалі на ўзнагароды па выніках гонкі. Ірына Крыўко і Ганна Сола прабеглі свае дыстанцыі, не саступіўшы на лыжні галоўным фаварытам — Германіі, Італіі, Чэхіі. Ганна Сола не затраціла ніводнага дадатковага патрона на стрэльбішчы і адправіла на заключны этап Дар'ю Юркевіч на чацвёртай пазіцыі. Але промах і адзін дадатковы патрон не дазволілі нашым дзяўчатам апынуцца «ў прызах». Пераможцай у гонцы стала каманда Італіі.

У мужчынскай эстафеце Беларусь прадставілі Уладзімір Чапелін, Юрый Лядаў, Сяргей Бачарнікаў і Дзмітрый Дзюжаў. Наша каманда стала 13-й сярод 27. Перамогу ў мужчын атрымалі расіяне.

Нагадаем, трэці кубкавы этап пройдзе з 17 па 20 снежня ў славенскай Паклюцы.

2. Тым часам у аўстрыйскім Оберцілаху Дар'я Блашко выйграла спрынтарскую гонку на этапе юніёрскага Кубка міжнароднага саюза біятланістаў (ІBU). Яна прабегла дыстанцыю за 14 хвілін
45,20 секунды, не дапусціўшы ніводнага промаху на двух агнявых рубяжах.

Таксама малады беларус Максім Варабей стаў пераможцам мужчынскай спрынтарскай гонкі на гэтым турніры.

3. Мінскі «Будаўнік» шосты раз выйграў Кубак Беларусі па валейболе сярод мужчынскіх камандаў. Розыгрыш трафея завяршыўся ў брэсцкім спарткомплексе «Алімп». У фінальнай сустрэчы Кубка сышліся «Будаўнік» і «Заходні Буг»: гэтыя каманды ўжо другі год запар сустракаюцца ў вырашальным паядынку турніру. Як і ў 2014-м, мацнейшымі аказаліся мінчане — 3:1.

Трэцяе месца ў турніры заняў барысаўскі клуб «БАТЭ-БДУ», які абыграў салігорскі «Шахцёр» — 3:1.

4. Хакеісты мінскага «Дынама» атрымалі другую перамогу запар у выязной серыі чэмпіянату КХЛ. Спачатку «зубры» былі мацнейшыя за чарапавецкую «Поўначсталь» 5:0, а пазней перамаглі сваіх аднаклубнікаў з Рыгі — 5:3.

Пасля 41-го праведзенага матча ў актыве мінскага «Дынама» 62 ачкі і 8-е месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. Два найбліжэйшыя паядынкі мінчане таксама правядуць на выездзе, 22 снежня яны згуляюць у Браціславе супраць «Слована», а 24-га сустрэнуцца ў Заграбе з «Медвяшчакам». Пасля ў чэмпіянаце КХЛ наступіць перапынак, звязаны з гульнямі нацыянальных зборных.

5. Баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск» на выездзе буйна прайграў маскоўскаму ЦСКА ў сустрэчы Адзінай лігі ВТБ — 48:92. Першая чвэрць паядынку засталася за «цмокамі», але «армейцы» здолелі пераламіць ход сустрэчы. Адзначым, што ў 20 матчах сезона масквічы саступілі толькі двойчы.

— Цяжка нешта казаць пра такі матч, ЦСКА не пакінуў нам шанцаў. Магу быць задаволены толькі першай чвэрцю, у якой мы змагаліся, пакуль хапала сіл. Усё ж цяпер у нас з-за траўмаў адсутнічаюць два важныя гульцы, не хапае ратацыі. А ў сустрэчы з такім сапернікам неабходна мець 12 моцных баскетбалістаў, — адзначыў пасля заканчэння сустрэчы галоўны трэнер «Цмокаў» Ігар Грышчук.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?