Вы тут

Малочны «рэбус»


Што з пастаўкамі нашай прадукцыі ў Расію?

Летась мне ўдалося пабываць у Вялікім Ноўгарадзе ў складзе дэлегацыі, якую знаёмілі з мясцовымі прадпрыемствамі. Тады мяне вельмі здзівіла, што расійскія чыноўнікі арганізавалі незапланаваны паход па наўгародскіх крамах, дзе беларускія прадстаўнікі змаглі азнаёміцца з асартыментам. У малочным аддзеле маленькай расійскай крамы была вялікая разнастайнасць беларускіх сыроў, малака, тварагу. У гіпермаркеце ўбачыў тую ж карціну, толькі ў большых аб'ёмах. Наша прадукцыя сапраўды карыстаецца вялікім попытам у Расіі, ды і самі жыхары кажуць, што беларускай «малочкі» ім часта не хапае.

15-15

 

Якасць на ўзроўні

Паводле звестак цэнтра вывучэння малочнага рынку Thе DаіrуNеws, у Расіі ёсць дэфіцыт таварнага малака. У 2014 годзе ён склаў 7,2 млн тон. Акрамя таго, пры росце вытворчасці малака трывожнай застаецца тэндэнцыя скарачэння спажывання малочных прадуктаў. Свежыя даныя Міжнароднай малочнай Федэрацыі (ІDF) дэманструюць скарачэнне спажывання малочных прадуктаў у Расіі ў 2013 годзе да 161 кг на душу насельніцтва ў пераліку на сырое малако.

Сёлета ў сярэдзіне кастрычніка спецыялісты Мінсельгасхарча і Рассельгаснагляду праводзілі маніторынг малочных прадпрыемстваў нашай краіны. Беларускі бок пры гэтым зрабіў усё магчымае, каб нашы суседзі наведалі ўсе прадпрыемствы, што іх зацікавілі, бо галоўнай мэтай была праверка выканання неабходных ветэрынарна-санітарных патрабаванняў, што важна для ўсіх. Тады ў канцы кастрычніка расійскія калегі не выказалі істотных нараканняў на працу беларускіх малочных прадпрыемстваў. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц адзначыў, што малочныя прадпрыемствы нашай краіны з гонарам вытрымалі праверку.

Магчымы фальсіфікат?

Ужо ў сярэдзіне лістапада ў расійскіх СМІ з'явіліся паведамленні, што, паводле інфармацыі, атрыманай у ходзе інспекцыі чарговых беларускіх прадпрыемстваў, Рассельгаснагляд праінфармаваў ветэрынарную службу Беларусі аб неабходнасці ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі прадукцыі 5 прадпрыемстваў па вытворчасці гатовай малочнай прадукцыі. Ужо 25 лістапада ў Маскве адбыліся перамовы, падчас якіх расійскаму боку былі перададзены матэрыялы аб прынятых мерах у дачыненні да айчынных малочных прадпрыемстваў. На іх правялі работу згодна з патрабаваннямі Расійскай Федэрацыі. Нашы спецыялісты адзначылі, што цяпер кожная партыя малочнай прадукцыі, якая пастаўляецца на тэрыторыю Расіі, падвергнецца татальнаму лабараторнаму маніторынгу.

Раней пяць беларускіх малочных прадпрыемстваў («Мілкавіта», Рагачоўскі МКК, Слуцкі сыраробны камбінат, малочная кампанія «Наваградскія дары» і «Смаргонскія малочныя прадукты», філіял Лідскага малочна-кансервавага камбіната) абвінавацілі ў выкарыстанні сыравіны з прадпрыемстваў трэціх краін, а таксама ў тым, што не забяспечваўся належны дзяржкантроль за прадукцыяй, выяўляліся выпадкі падробкі ветэрынарна-санітарных дакументаў. Аднак падчас сустрэчы беларускі бок агучыў сваю занепакоенасць у верагоднай фальсіфікацыі прадукцыі на тэрыторыі Расіі пад вядомымі беларускімі брэндамі. У прыватнасці, адзначана, што ў некалькіх выпадках выяўлення Рассельгаснаглядам тых ці іншых парушэнняў у прадукцыі, якая паступіла з тэрыторыі Беларусі, унутранае расследаванне паказала, што такая прадукцыя не паступала ва ўказаны ведамствам рэгіён Расіі. Гэта, у сваю чаргу, можа быць вынікам выкарыстання нядобрасумленнымі вытворцамі імя вядомых беларускіх брэндаў.

Найбуйнейшы імпарцёр

Паводле інфармацыі начальніка галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксея Багданава, цяпер прыпынення паставак пяці беларускіх прадпрыемстваў не адбылося. А ўвогуле, па інфармацыі Нацыянальнага саюза вытворцаў малака «Саюзмалако», змен на рынку малочнай прадукцыі не прагназуецца. Беларусь па-ранейшаму застаецца найбуйнейшым імпарцёрам на расійскім малочным рынку і ў найбліжэйшы час захавае гэты статус. І гэта нядзіўна. Напярэдадні міністр спажывецкага рынку і паслуг урада Маскоўскай вобласці Уладзімір Пасажэнікаў на чацвёртай гандлёвай сесіі Падмаскоўя адзначыў, што беларускія прадукты добра знаёмыя жыхарам Маскоўскай вобласці, а сыры, масла, тварог, малако, кефір, ражанка, мясныя вырабы нашых вытворцаў карыстаюцца нязменным попытам дзякуючы высокай якасці.

Інданезійскі вектар

А тым часам, пакуль у Расіі вырашаюць, што ж рабіць з нашым малаком, беларуская прадукцыя працягвае заваёўваць сусветны рынак. Эксперты ветэрынарнай дзяржаўнай службы Інданезіі далі высокую ацэнку якасці беларускіх малочных прадуктаў. Па выніках праверкі камісія склала справаздачу ў Міністэрства сельскай гаспадаркі з рэкамендацыяй адкрыць Беларусі магчымасць паставак малочнай прадукцыі ў Інданезію. Гэта не новы рынак для Беларусі, але для таго, каб выйсці на яго з малочнай прадукцыяй, беларускія спецыялісты працавалі на працягу некалькіх гадоў. Паводле папярэдніх разлікаў, беларускія прадпрыемствы могуць штогод пастаўляць у Інданезію каля 10 тыс. тон сухіх малочных прадуктаў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».