Вы тут

Рамантыкі і рэалісты


...або Ці магчыма маладым зрабіць кар'еру ў Акадэміі навук?

«Для таго, каб пацякла рака, для яе трэба выкапаць рэчышча. Менавіта гэта мы і спрабавалі зрабіць у 2000-х гадах. Таму ў тых дабротах, якімі карыстаюцца сёння маладыя супрацоўнікі акадэміі, ёсць і частка нашых заслуг», — такую думку выказаў на «круглым стале», прысвечаным 50-годдзю стварэння Савета маладых навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй ХУДАЛЕЙ, загадчык лабараторыі Інстытута цепла- і масаабмену НАН Беларусі, які займаўся адраджэннем дзейнасці савета ў няпросты час.


Намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Сяр­гей Кі­лін: «Га­зе­та «Пра­вда» 31 сту­дзе­ня 1983 года пісала, што «хоць сам Кі­лін яшчэ ма­ла­ды, ён стаў на­стаў­ні­кам для мо­ла­дзі...» На здымку: злева — ака­дэ­мік Ігар Ва­ла­тоў­скі, справа — Анд­рэй Іва­нец.

Пасля распаду Савецкага Саюза фундамент акадэмічнай навукі актыўна разбураўся. Гэтая сфера моладзь мала цікавіла, і на парадку дня востра стаяла пытанне з жыллём для маладых навукоўцаў і іх заробкамі. — Нам трэба было абавязкова спыніць адток маладых кадраў за мяжу. А для гэтага мы павінны былі ім штосьці прапанаваць, каб яны мелі магчымасць самарэалізавацца на радзіме. Зацікавіць перспектыўнымі напрамкамі, шукаць міжнародных партнёраў для заключэння кантрактаў, навучыць, як сабраць пакет дакументаў і граматна падаць заяўку на грант, — узгадваў Андрэй Худалей. — Сур'ёзным дасягненнем стала ўвядзенне павышальнага каэфіцыента да заробкаў маладых вучоных. Ідэя будаўніцтва дома для навукоўцаў таксама нарадзілася з нашай падачы... У 2014 годзе адбыўся сур'ёзны прэцэдэнт у жыллёвай палітыцы: навукоўцам было прадастаўлена дзяржаўнае арэнднае жыллё.

У квартале «Магістр» кватэры атрымалі больш як 100 сем'яў маладых навукоўцаў Акадэміі навук (а размяркоўвалася сярод работнікаў акадэміі 149 кватэр). Было распрацавана і ўведзена новае Палажэнне аб парадку размеркавання жылой плошчы ў інтэрнатах Нацыянальнай акадэміі навук. У ім, у прыватнасці, прадугледжаны льготныя катэгорыі супрацоўнікаў, якія маюць першачарговае або пераважнае права на атрыманне месца ў інтэрнаце: у іх лік уваходзяць выпускнікі аспірантуры і іх сем'і, а таксама работнікі, якія маюць навуковую ступень, і іх сем'і.

Сёння 100 працэнтаў аспірантаў забяспечаны інтэрнатам. Пытанні сацыяльнай абароны маладых навукоўцаў занатаваны ў тарыфным пагадненні і калектыўных дагаворах. Маладым супрацоўнікам устанаўліваецца павышальны каэфіцыент да тарыфных акладаў у памеры не менш за 1,3. Намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей КІЛІН лічыць добрым фінансавым стымулам для маладых навукоўцаў атрыманне грантаў і стыпендый. Раз на два гады ў акадэміі праводзіцца конкурс на самую лепшую першую навуковую працу сярод аспірантаў, прысвечаны Дню беларускай навукі.

Штогод разглядаюцца прэтэндэнты на атрыманне стыпендыі Прэзідэнта для таленавітых маладых вучоных. У 2014 годзе больш як 40 чалавек з акадэміі сталі «прэзідэнцкімі» стыпендыятамі. Акрамя таго, упершыню летась быў праведзены конкурс на Алфёраўскую прэмію сярод маладых навукоўцаў. Ніхто не падрыхтуе для навукі змену лепш, чым маладыя навукоўцы. Калісьці сам Кілін яшчэ школьнікам стаў аб'ектам увагі і апекі з боку маладых навукоўцаў акадэміі.

«Я наведваў школу юных фізікаў пры акадэміі, затым была вучоба ў ВНУ, і з 1974 года маё жыццё непарыўна звязана з акадэміяй. Менавіта маладыя навукоўцы з'яўляюцца найлепшай агітацыяй за навуковую кар'еру для падрастаючага пакалення», — падзяліўся сваёй думкай Сяргей Кілін. З гэтага года дзейнасць школ юных даследчыкаў у акадэміі ўзнавілася. Савет маладых навукоўцаў узяў іх пад сваё крыло. Усяго будуць дзейнічаць 13 напрамкаў гурткоў: хімічны, археалагічны, біялагічны, фізічны і іншыя...

Старшыня Савета маладых навукоўцаў Андрэй ІВАНЕЦ лічыць, што погляды маладых на сваю кар'еру і прафесійны рост істотна адрозніваюцца ад уяўленняў, уласцівых старэйшаму пакаленню. Без рэальнага бачання таго, што адбываецца ў свеце, развівацца дастаткова складана. Для таго, каб вынікі работы адпавядалі чаканням моладзі, неабходна максімальна выкарыстоўваць магчымасці, якія прадастаўляюцца еўрапейскай і ўвогуле сусветнай навуковай супольнасцю. Маладым вучоным трэба выязджаць за мяжу і ўдзельнічаць у розных міжнародных праектах, прэзентаваць вынікі сваёй навуковай дзейнасці на міжнародных канферэнцыях і сімпозіумах. Тым больш што пры правядзенні такіх мерапрыемстваў практычна заўсёды ствараецца фонд, скіраваны на фінансавую падтрымку маладых навукоўцаў, якія прадстаўляюць на канферэнцыі найбольш цікавыя вынікі.

— Моладзі патрэбна ўсё і адразу. Мець навуковыя амбіцыі — гэта нармальна, — упэўнены Андрэй Худалей. — Для маладых навукоўцаў не існуе бар'ераў, якія перашкаджаюць старэйшаму пакаленню.

Зараз Савет маладых навукоўцаў заканчвае распрацоўку палажэння аб Маладзёжнай акадэміі навук. Максімальная колькасць яе дзейных членаў складзе не больш за 30 чалавек. Гэта прадыктавана вельмі высокімі патрабаваннямі пры выбары кандыдатаў. Цяпер у акадэміі працуюць больш як 2,1 тысячы маладых навукоўцаў, з іх каля 300 з'яўляюцца кандыдатамі навук. Але не кожны кандыдат навук у стане кіраваць хай і невялікім, але сваім даследчым калектывам.

Стаць членам Маладзёжнай акадэміі навук будзе адначасова і прэстыжна, і адказна. Правадзейным членам Маладзёжнай акадэміі штогод будуць выдзяляцца гранты на навуковыя даследаванні. Яны змогуць накіроўваць іх «у тым ліку і на фінансаванне студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, якія будуць працаваць у рамках іх навукова-даследчых груп», а таксама на павышэнне сваёй навуковай кваліфікацыі — замежныя стажыроўкі, удзел у міжнародных школах маладых навукоўцаў, канферэнцыях. Напрыканцы кожнага года ўсе будуць рабіць справаздачу аб праведзенай працы на агульным сходзе. Таму, калі ты сёння член Маладзёжнай акадэміі, то не факт, што праз год ім застанешся...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.