Вы тут

Ключ ад двух акіянаў


Завяршэнне рэканструкцыі аднаго з найбуйнейшых гідратэхнічных аб'ектаў свету — Панамскага канала, які злучае Атлантычны і Ціхі акіяны, — зноў адкладваецца.

Цяпер у якасці новага арыенціра ўсё часцей называюць красавік наступнага года. Між тым адпаведныя работы тут пачаліся ў 2007-м. Іх кошт спачатку ацэньваўся ў 5,25 мільярда долараў, але ў выніку рэканструкцыя, паводле розных ацэнак, аказалася даражэйшай на $2,3 млрд.

15-22

Штогод праз Панамскі канал праходзіць каля 14 тысяч суднаў і ёсць попыт на павелічэнне і без таго вялікай лічбы. Трафік насамрэч шалёны, а вось прапускная здольнасць даволі абмежаваная. Для таго, каб трапіць з Атлантычнага акіяна ў Ціхі (ці наадварот), спатрэбіцца каля 9 гадзін. Прычым караблі рухаюцца не самастойна, а ідуць на буксіры ў адмысловых цягачоў, якія, дарэчы, на жаргоне маракоў завуцца «муламі». Відавочна, што рэканструкцыя востра запатрабавана. Таму і было прынята рашэнне пашырыць канал і пабудаваць трэці шлях для буйнатанажных суднаў. У выніку яго прапускная здольнасць узрасце ўдвая — з 300 да 600 мільёнаў тон у год. Здаецца, гістарычная падзея ўжо, што называецца, «на гарызонце».

Гістарычны бестселер

Цікавая і драматычная гісторыя Панамскага канала нагадвае закручаны бестселер. Яна пачынае свой адлік з ХVІ стагоддзя, калі іспанец Васка Нуньес дэ Бальбоа першым перасёк Панамскі перашыек і выйшаў да ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Так было адкрыта, што тэрыторыя сучаснай Панамы з'яўляецца толькі вузкай палоскай зямлі паміж двума акіянамі. У 1539 годзе іспанскі кароль накіраваў спецыяльную экспедыцыю для вывучэння магчымасці будаўніцтва воднага шляху праз Панамскі перашыек. Але ўзважыўшы ўсе перспектывы «на месцы», даследчыкі пасля пераканалі караля, што гэтую задуму рэалізаваць проста немагчыма.

У першай палове ХІХ стагоддзя неаднаразова ўзнікалі падобныя планы. У 1814 годзе іспанскія картэсы выдалі дэкрэт пра будаўніцтва канала і мабілізацыю грамадства для гэтых мэт. Але, страціўшы ў
1823 годзе ўсе свае калоніі ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, Іспанія адмовілася ад прынаднай ідэі. Цягам наступных 50 гадоў пошукі і папярэднія праекты безвынікова рабіліся амерыканцамі, англічанамі, галандцамі і французамі.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя Вялікабрытанія і ЗША аспрэчвалі права на ўзвядзенне стратэгічнага аб'екта. Скарыстаўшыся іх супярэчнасцямі, у 1876 годзе французская кампанія атрымала на 99 гадоў канцэсію і выключнае права ўзвядзення канала. Першая рэальная спроба будаўніцтва была распачата ў 1879 годзе пад кіраўніцтвам Фердынанда дэ Лесэпса, дыпламата і кіраўніка праекта Суэцкага канала, які быў адкрыты незадоўга да гэтага — у 1869-м. Але панамскі варыянт аказаўся куды больш складаным заданнем. У 1889 годзе французскі праект збанкрутаваў, паколькі занадта складанымі аказаліся ўмовы — панамскія джунглі са сваімі трапічнымі залевамі, непраходная дрыгва і разам з тым скальныя грунты, паводкі і, што самае страшнае, смяротныя эпідэміі малярыі, жоўтай ліхаманкі, чумы, тыфу і іншых хвароб, ад якіх загінулі каля 20 тысяч чалавек.

Тады за будаўніцтва Панамскага канала ўзяліся Штаты. ЗША былі зацікаўлены ў скарачэнні воднага шляху з портаў Каліфорніі да свайго атлантычнага ўзбярэжжа. Гэты аб'ект меў каласальнае ваеннае значэнне — ён дазваляў практычна імгненна перакідаць флот з аднаго акіянскага басейна ў іншы, што значна павялічвала моц і сусветны ўплыў Штатаў. У 1903 годзе ЗША выкупілі панамскі праект у французаў, забяспечылі Панаме незалежнасць ад Калумбіі, якая не жадала перадаць амерыканцам зону канала, па-сутнасці, у бестэрміновае карыстанне. Пасля чаго быў падпісаны фармальны дагавор з новым панамскім урадам (які прадстаўляў зноў-такі француз Філіп-Жан Бюно-Варылья. Ён быў адным з галоўных удзельнікаў збанкрутаванага першага праекта). У адпаведнасці з ім Панама саступала ЗША пад поўную юрысдыкцыю ўласна канал і тэрыторыі ўздоўж яго трасы шырынёй прыблізна ў 16 кіламетраў. За гэта ЗША выплацілі Панаме 10 мільёнаў долараў і абавязаліся ўносіць арэндную плату за карыстанне атрыманай імі тэрыторыяй — 250 тысяч долараў штогод. Гэта сума пасля некалькі разоў павялічвалася, дасягнуўшы $110 млн у 1998-м.

У 1904 годзе ЗША прыступілі да пабудовы канала. Спачатку работы вяліся пад кіраўніцтвам грамадзянскіх інжынераў, але з 1907 года будаўніцтва ўзяло на сябе ваеннае міністэрства. Будавалі канал больш за 10 гадоў. Першае судна прайшло праз Панамскі канал 15 жніўня 1914 года, але афіцыйнае адкрыццё адбылося толькі 12 чэрвеня 1920-га, пасля чаго канал фактычна ўступіў у дзеянне. Агульны кошт будаўніцтва Панамскага канала склаў прыблізна 375 мільёнаў долараў. З 1904 па 1913 год у работах бралі ўдзел больш як 56,3 тысячы чалавек, з іх больш за 5,6 тысячы (згодна з бальнічнымі лістамі) памерлі ад хвароб і няшчасных выпадкаў. Першае судна — акіянскі параход SS Аnсоn — па нітцы канала прайшло 15 жніўня 1914 года, але вялікі апоўзень у кастрычніку перашкодзіў адкрыць рух у тым жа годзе.

Панамскі канал доўгія гады заставаўся пад кантролем ЗША. У зоне канала знаходзіліся дзясяткі амерыканскіх ваенных баз, працавала каля 50 тысяч вайсковых і грамадзянскіх спецыялістаў. З часам у Панаме пачалі ўсё больш нарастаць пратэсныя настроі, і ў 1977 годзе быў падпісаны дагавор аб паступовай перадачы Панамскага канала ад ЗША Панаме. Рэальна гэты працэс заняў больш за два дзесяцігоддзі, і канчаткова зона канала перайшла ў валоданне Панамы 31 снежня 1999 года.

15-20

15-20

 

Транзіт на $4 мільярды

Цяпер канал кіруецца дзяржаўным агенцтвам Аutоrіdаd dеl Саnаl dе Раnаmа (АСР). Абслугоўвае яго вялізны штат — больш за 10 тысяч чалавек.

З моманту адкрыцця Панамскага канала праз яго прайшлі больш за мільён суднаў. Напрыклад, летась каналам скарысталася 13481 судна.

Што ж уяўляе сабой адзін з галоўных гідратэхнічных аб'ектаў сучаснасці? Агульная працягласць канала складае 81,6 кіламетра, у тым ліку 65,2 км па сушы і 16,4 км па дне марскіх заліваў. Шырыня канала — 150-305 метраў, мінімальная глыбіня — 12,5 метра.

На Панамскім канале ёсць шэсць ступеняў (па тры на кожным схіле) парных шлюзаў, што дазваляюць прапускаць караблі адначасова ў абодвух кірунках. Даўжыня шлюзавых камер — 305 метраў, шырыня — 33,5 метра. Асноўныя грузы, якія перавозяцца праз Панамскі канал, — нафта і нафтапрадукты, вугаль і кокс, металы і мінералы, хімічныя прадукты.

Глабальнае пацяпленне можа пагражаць адной з асноўных крыніц прыбытку Панамы. Самае важнае цяпер — узвесці ўмацаванні вакол аднаго з найбуйнейшых водных шляхоў у свеце. Танаж канала плануецца павялічыць — па ім змогуць праходзіць грузавыя судны 366 метраў даўжынёй і 49 метраў шырынёй, што ўдвая больш самых вялікіх караблёў, што ходзяць па канале сёння.

Аднак бліскучая эканамічная будучыня Панамы знаходзіцца пад пагрозай з-за змены клімату і экстрэмальных умоў надвор'я. Паводле звестак Сусветнага банка, толькі з 1982-га па 2008 год у Панаме адбылося 32 буйныя прыродныя здарэнні. Змена клімату, як чакаецца, зробіць Панаму яшчэ больш уразлівай перад стыхіяй; краіну чакаюць паводкі і засухі.

Панама перажывала засуху рэкорднай сілы з-за Эль-Ніньё. У выніку абмежаванага паступлення вады рух суднаў па канале быў абмежаваны. Гэта закранула амаль пятую частку з 14 тысяч суднаў, якія праходзяць па канале штогод, і адбілася на ўсёй глабальнай сетцы паставак. Паводкі таксама пагражаюць руху. У 2010 годзе Панамскі канал бы часова закрыты з-за паводкі і рэкордна высокага ўзроўню вады. Безумоўны ўплыў і на экалогію Панамы, бо патрабуецца 190 млн літраў прэснай вады, каб адзін карабель прайшоў праз шлюзавыя вароты канала.

Праект па пашырэнні Панамскага канала закліканы зрабіць яго больш устойлівым дзякуючы новым шлюзам. Яны маюць рэзервовыя басейны, 60% воды з якіх будзе адпампоўвацца для паўторнага выкарыстання падчас праходу наступнага карабля. Аднак рэканструкцыя адбываецца не без праблем. Напрыклад, падчас выпрабаванняў новых шлюзаў былі выяўлены расколіны ў бэльках. Рамонтныя работы будуць завершаны налета ў студзені, паведамляецца ў заяве адміністрацыі Панамскага канала. Як чакаецца, у красавіку 2016 года будзе ўведзена ў эксплуатацыю трэцяя чарга Панамскага канала. Да павелічэння аб'ёмаў суднаходства рыхтуюцца порты ЗША. Напрыклад, у Х'юстане завяршылі ўстаноўку чатырох кранаў вышынёй з 30-павярховы будынак. Павелічэнне аб'ёмаў гандлю азначае з'яўленне новых працоўных месцаў, заявіў кіраўнік адміністрацыі порта.

Эканоміка Панамы, дзе долар з'яўляецца фактычнай асноўнай валютай, — адна з самых дынамічных у Лацінскай Амерыцы. За мінулы год яе валавы ўнутраны прадукт вырас на 10,6 працэнта, перш за ўсё дзякуючы правядзенню работ па пашырэнні Панамскага канал. Ён, дарэчы, з'яўляецца адной з асноў эканомікі Панамы — штогод прыносіць краіне да мільярда долараў (каля 8 працэнтаў ВУП). У найбліжэйшай перспектыве гэты паказчык яшчэ павялічыцца. Чакаецца, што налета бюджэт дзяржавы будзе штогод атрымліваць 2,5 мільярда долараў прыбыткаў ад канала, а да 2025-га адпаведныя паступленні ўзрастуць да больш чым чатырох мільярдаў.

15-21

15-21

 

«Дублёры» пакуль у запасе

Разам з тым магчымасці Панамскага канала не бязмежныя, а аб'ём грузаперавозак расце з года ў год. Нават пасля рэканструкцыі ён не ў стане будзе задаволіць бягучыя патрэбы ў перавозцы грузаў з аднаго акіяна ў другі. Ля ўваходу ў канал стаіць пастаянная чарга з суднаў, месцы ў якой распісаны на месяцы наперад.

Раз ёсць патрэба, то яна павінна быць задаволена. Паралельна пра будаванне ўласных «дублёраў» Панамскага канала задумваюцца і іншыя дзяржавы, напрыклад Нікарагуа. Грандыёзнае будаўніцтва тут распачалося напрыканцы мінулага года. Акрамя ўласна канала і патрэбнай інфраструктуры, тут мяркуецца ўзвесці міжнародны аэрапорт, порты, нафтаправод, а таксама з'явіцца зона вольнага гандлю. Па папярэдніх разліках, канал будзе глыбейшым, шырэйшым і даўжэйшым, чым Панамскі, і дазволіць прапускаць судны ўдвая большага танажу. Заяўленыя параметры канала: да 30 метраў глыбіні, да 530 метраў шырыні і 278 кіламетраў даўжыні, з якіх 105 км — па возеры Нікарагуа.

«Вялікі транскантынентальны канал Нікарагуа», названы ў прастамоўі Нікарагуанскім каналам, мае ўсе шанцы стаць будоўляй стагоддзя. Нікарагуа — краіна небагатая. ВУП на душу насельніцтва — адзін з самых нізкіх у Лацінскай Амерыцы, карысных выкапняў мала, прамысловасць слабаразвітая. Дзяржаўны доўг Нікарагуа ў пачатку ХХІ стагоддзя складаў больш як 300 працэнтаў ВУП. Улады Нікарагуа разлічваюць, што грандыёзны праект дазволіць стварыць 40 тысяч працоўных месцаў і падвоіць ВУП на душу насельніцтва. «Адно з галоўных багаццяў Нікарагуа — выгадная геаграфічная пазіцыя. Таму ідэя ўжо даўно насілася ў паветры. Марскія перавозкі ўвесь час растуць. Пярэчанні праекту непатрыятычныя», — сказаў дэпутат нікарагуанскага парламента Хасінта Суарас.

Аднак крытыкі заяўляюць, што канал можа нанесці непапраўную шкоду навакольнаму асяроддзю, і пакуль невядома, ці будзе ён мець эканамічную выгаду. Як піша Fіnаnсіаl Tіmеs, з'явіліся сумненні наконт таго, што гэты праект коштам каля $50 млрд калі-небудзь удасца ажыццявіць. Спачатку чакалася, што канал будзе цалкам уведзены ў эксплуатацыю ў 2019 годзе. Але з'явілася інфармацыя, што рэалізацыя праекта новага воднага шляху ў Нікарагуа адкладзена прыкладна на год — да канца 2016-га. Як вядома, дазвол на будаўніцтва канала ў 2013-м атрымала ганконгская Hоng Kоng Nісаrаguа Dеvеlорmеnt Grоuр (HKND). У HKND не ўдакладнілі, па якіх прычынах адкладваецца правядзенне работ.

Прадстаўнік нікарагуанскай камісіі, што адказвае за будаўніцтва канала, падкрэсліў, што праект спыняецца зусім не з-за недахопу сродкаў, а з-за працяглых тэхнічных узгадненняў. Як заўважыў спецыяліст, камісія і прадстаўнікі HKND праводзяць перамовы з патэнцыйнымі інвестарамі з Азіі, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі, а таксама з Еўропы.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Спорт

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» пастараемся растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.