Вы тут

Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча адзначае свой 85-гадовы юбілей


З гэтай нагоды карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з галоўным дырыжорам, мастацкім кіраўніком праслаўленага калектыву, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі, народным артыстам рэспублікі М.А. КАЗІНЦОМ.

16-8

— Міхась Антонавіч, прыміце шчырае віншаванне з юбілеем...

— Дзякую!

— ...і нагадайце коратка нашым чытачам гісторыю стварэння аркестра.

— Калі коратка, то гісторыя яго такая. У 1928 годзе музыка-самавук Дзмітрый Захар арганізаваў ансамбль. Гэта быў напалову аматарскі, напалову прафесійны калектыў. Кіраваў ім Захар, а канцэртмайстрам быў Жыновіч.

У 1930 годзе ансамбль атрымаў статус дзяржаўнага, ад гэтага часу мы і адлічваем сваю гісторыю. Ансамбль іграў простыя беларускія мелодыі. З ім часта выступала папулярная ўжо тады спявачка Ларыса Александроўская. Набіралі вядомасць цымбалісты-віртуозы Аркадзь Астрамецкі і Станіслаў Навіцкі.

У 1937 годзе ансамбль быў пераўтвораны ў Беларускі дзяржаўны аркестр народных інструментаў. На чале калектыву стаў выдатны музыкант свайго часу Канстанцін Семяонаў.

А потым была вайна. Аркестр аднавіў сваю дзейнасць толькі ў 1946 годзе. І кіраўніком яго ўжо стаў Іосіф Жыновіч. Трэба сказаць, што сам аркестр быў створаны па тыпе велікарускіх аркестраў Андрэева, Восіпава. Хаця, зразумела, беларускі калектыў меў сваю адметнасць — цымбалы.

— А калі вы прыйшлі ў калектыў?

— Я прыйшоў не адразу. Жыновіч доўга прыглядаўся да мяне. А аднойчы, калі я ўжо заканчваў вучобу ў кансерваторыі, запрасіў мяне да сябе і нечакана прапанаваў правесці двухмесячныя гастролі па Расіі, Украіне і Казахстану. Сам маэстра быў цяжка хворы і прысутнічаў толькі на рэпетыцыях. І быў задаволены, калі гастролі прайшлі паспяхова.

А неўзабаве Іосіфа Іосіфавіча не стала. І ў студзені
1975 года я быў зацверджаны кіраўніком аркестра.

— Дык атрымліваецца, што сёлета вы адзначалі і свой асабісты юбілей — 40-годдзе кіраўніцтва праслаўленым калектывам.

— Так, час бяжыць хутка, я і сам не заўважыў, як прамільгнулі гэтыя гады.

— Міхась Антонавіч, а што ўдалося стварыць за гэты час?

— Я назаву толькі адну лічбу: у рэпертуары нашага аркестра больш за дзве тысячы твораў. Тут і беларуская народная музыка, і творы сучасных кампазітараў, і класічная музыка.

Для нас пісалі кампазітары старэйшага пакалення — Мікалай Чуркін, Анатоль Багатыроў, Яўген Глебаў, Генрых Вагнер, Юрый Семяняка; маладзейшыя — Дзмітрый Смольскі, Кім Цесакоў, Валерый Іваноў, Андрэй Мдзівані... Дарэчы, апошні за свае сімфоніі «Полацкія пісьмёны» і «Памяць зямлі», якія прагучалі ў нашым выкананні, атрымаў Дзяржаўную прэмію рэспублікі. Гэткую ж прэмію атрымаў і Віктар Помазаў. Мы выконвалі яго сюіту «Вясковыя музыкі» і «Батлейку».

— У аркестры працуе шмат яркіх, таленавітых музыкантаў. Лагічна будзе, калі мы назавём хоць некаторых з іх.

— Менавіта толькі некаторых, бо ў нас на сённяшні дзень больш за дваццаць лаўрэатаў міжнародных і нацыянальных конкурсаў. Найперш за ўсё гэта кіраўнік малога саставу аркестра і фалькгрупы, можна сказаць, мая правая рука — заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Крамко. Такое ж званне маюць канцэртмайстар аркестра Ларыса Рыдлеўская, баяніст Уладзімір Ткач, а таксама Анатоль Курмакін, які зусім нядаўна пайшоў на заслужаны адпачынак. Ну і, вядома ж, не магу не назваць народную артыстку рэспублікі Святлану Лясун, якая спачатку іграла на цымбалах, а апошнім часам — на баяне.

Сёння — магу сказаць гэта з гонарам — у нас адзін з самых моцных саставаў за ўвесь час маёй працы ў аркестры.

— І апошняе пытанне. Як вы адзначаеце юбілей аркестра?

— Традыцыйна — вялікім святочным канцэртам. Гэта выбранае з найлепшых твораў, якія былі створаны нашым аркестрам за апошнія пяць гадоў.

У першым аддзяленні прагучаць папулярныя інструментальныя і вакальныя нумары ў выкананні салістаў аркестра Марыны Васілеўскай, Ігара Задарожнага, Андрэя Коласава, Анастасіі Рачыцкай.

Другое аддзяленне складуць урыўкі з паэмы-легенды Ігара Лучанка і Уладзіміра Мулявіна «Гусляр» паводле паэмы Янкі Купалы «Курган», мюзікла-прытчы Ларысы Сімановіч «Апокрыф» паводле аднайменнага твора Максіма Багдановіча і рок-оперы Уладзіміра Мулявіна «Песня пра долю» па матывах паэмы Янкі Купалы «Адвечная песня». Салісты — Пётр Ялфімаў, Ян Жанчак, Кацярына Дзегцярова.

Напрыканцы хачу сказаць, што наш калектыў заўсёды, ва ўсе перыяды сваёй дзейнасці, імкнуўся несці людзям музыку — добрую, светлую, якая абуджае ў чалавеку імкненне да хараства, выхоўвае ў ім мастака, творцу, дае адчуванне найвышэйшай духоўнай сферы.

Зіновій Прыгодзіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».