Вы тут

На шляху да плэй-оф


Экватар сезона Кантынентальнай хакейнай лігі ўжо пройдзены.

За гэты час у выступленнях мінскага «Дынама» здараліся як гучныя перамогі, так і зусім не патрэбныя паражэнні. Цяпер наша каманда знаходзіцца ў зоне плэй-оф і захоўвае за сабой восьмы радок у заходняй канферэнцыі. Пра тое, як праявіў сябе беларускі клуб у першай палове сезона і ў якіх кампанентах варта дабавіць «зубрам», каб працягнуць барацьбу ў плэй-оф, мы пагаварылі з начальнікам скаўцка-агенцкага сектара Федэрацыі хакея Беларусі Уладзіславам Клачковым.

16-15

Пра вынікі першай паловы

— Хацелася б, вядома, каб вынік быў лепшым, але з улікам усіх падзей, якія адбываліся ў камандзе, і такое прамежкавае становішча выглядае добра. На мой погляд, каманда заслугоўвае ацэнку, вышэйшую за сярэднюю.

У першую чаргу гульню «Дынама» падкасілі траўмы вядучых гульцоў. Пашкоджанні пераследуюць лідараў каманды з самага пачатку сезона. Было выразна відаць, што калі выбывае адзін гулец, то трэнерам вельмі цяжка знайсці яму раўнацэнную замену, таму перыядычна ўзнікалі «прабуксоўкі». У прыватнасці возьмем тройку Веске—Элісан—Лінгле — гэта звязка, якая рабіла вынік; хакеісты даўно ведаюць адзін аднаго і, вядома, выдатна разумеюць. Але раптам выбыў Лінгле, і іншыя спалучэнні, якія спрабавалі прыдумаць трэнеры, аказаліся ўжо не такімі выніковымі.

Калі разбіраць гульню «Дынама» па пазіцыях, то па абаронцах, безумоўна, пытанняў менш, чым па нападаючых. Яны роўна гуляюць па ходзе чэмпіянату; вядома, ёсць спады ў асобных гульцоў, але гэта адна-дзве гульні. Агульная адзнака абарончай лініі — здавальняючая.

Варатарская пазіцыя ў прынцыпе ў нас закрыта таксама нядрэнна, тры раўнацэнныя галкіперы, якія могуць адзін аднаго замяняць. Яны сваю працу робяць, да іх асаблівых прэтэнзій няма. А вось нападзенню можна было б, вядома, дадаць. У першую чаргу гэта датычыцца рэалізацыі большасці. Летась гэты кампанент быў «каньком» «Дынама». У сучасным хакеі рэалізацыя лішняга гульца мае вялікае значэнне і моцна ўплывае на вынік. Часам, калі каманда забівае 1-2 галы з гульні, гэтага не дастаткова для перамогі.

16-16

Пра трэнерскі штаб

— На мой погляд, Кавалёў на сённяшні момант спраўляецца са сваёй працай. Андрэй Робертавіч быў у трэнерскім штабе, але ўсе павінны разумець, што адно — гэта быць асістэнтам галоўнага трэнера, і зусім іншае — кіраваць камандай. Адказнасць ляжыць на табе і за вынік, і за ачкі. З Кавалёвым я яшчэ гуляў у хакей, таму добра ведаю яго. Андрэй Робертавіч — справядлівы лаяльны чалавек і граматны спецыяліст, ён прафесійна ставіцца да ўсяго. Магчыма, у нейкіх момантах яму не хапае лаяльнасці, прыбаў ён яе, быў бы плюс і для яго, і для каманды.

Адзначу, што ўсе тыя скандалы, якія былі ў клубе ў пачатку сезона, звязаныя з кіраўніцтвам, ніяк не павінны паўплываць на гульню хакеістаў. У такой камандзе павінны быць толькі прафесіяналы, гулец падпісвае кантракт і павінен паказваць вынік, а хто кіруе арганізацыяй, не важна.

Каб трапіць у плэй-оф...

— ...Перш за ўсё трэба мяняць сітуацыю з рэалізацыяй большасці. Я ўпэўнены, што хлопцы разам з трэнерскім штабам адпрацоўваюць усе магчымыя варыянты розыгрышу, і гэта рана ці позна павінна прынесці вынік. Упэўнены, што мы павінны зачапіцца за 8-ку і трапіць у плэй-оф, а там без розніцы, з якога месца ты зайшоў, таму што пачынаецца зусім іншы турнір, іншы хакей. Шмат прыкладаў, калі каманда, якая ледзь трапляла ў накаўт-раўнд, потым праходзіла нават да паўфіналу.

Пра маладых беларусаў

— Сёння ў клубе ёсць добрыя перспектыўныя хлопцы, прыклад — Буйніцкі, Знахарэнка, яны атрымліваюць няшмат гульнявога часу, але ім не трэба хвалявацца; іх момант яшчэ прыйдзе. У «Дынама» ёсць два фарм-клубы: у Бабруйску і Маладзечне. Асабіста я прыхільнік таго, каб у такім узросце гуляць у другой камандзе, але атрымліваць па 20 хвілін гульнявога часу ў матчы, чым сядзець на лаўцы ў КХЛ. Усё ж майстэрства прыходзіць менавіта ў працэсе гульні.

Сёння пад брэндам «Дынама» выступаюць і іншыя маладзёжныя каманды, U-20 базіруецца ў Бабруйску і выступае ў экстралізе, хлопцы з U-18 гуляюць у МХЛ, хакеісты з U-17 гуляюць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Усюды ёсць нядрэнныя хлопцы, якія ў будучыні папоўняць шэрагі асноўнай каманды і нацыянальнай зборнай.

Ліміт на легіянераў

— Гэта ўдар у спіну беларусам ад КХЛ, які, безумоўна, пашкодзіць зборнай краіны. Калі б усе ведалі, што складзецца такая сітуацыя, то ў «Дынама», думаю, знайшлі б сродкі, каб падпісаць больш сваіх хакеістаў.

Я наогул лічу, што трэба вызначыць, якія мэты мы пераследуем. Калі гэта папулярызацыя хакея, то трэба браць 2-3 зорныя моцныя легіянеры, а не 5-7. На «зорак» будзе хадзіць народ, плюс той чалавек, які рэальна будзе ў камандзе аўтарытэтам і вакол яго тыя ж беларускія хлопцы будуць расці, нешта браць, вучыцца. Гэта і захавае бюджэт клуба, і вызваліць месцы для нашых хакеістаў.

Пра іншыя каманды КХЛ

— Са старту яўна вылучаўся ЦСКА — каманда, якая магла і можа гуляць у любы хакей, пры тым не асобныя нейкія звёны, а абсалютна ўсе хакеісты. Цяпер відавочна набраў абароты «Лакаматыў», прыбаўляе маскоўскае «Дынама», добра паказвае сябе «Сібір». Пасля Новага года карціна стане больш зразумелай і дакладна вызначацца фаварыты.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.