Вы тут

Арка мудрасці Анатоля Скачака,


які ў дзяцінстве прадаваў Якубу Коласу ракаў і сэканоміў «Інтэгралу» не адзін кілаграм золата.

На мясцовых могілках у вёсцы Балоча, што ў Пухавіцкім раёне, адзін помнік прыкметна адрозніваецца ад астатніх. Невялікі мемарыял на магіле сваіх бацькоў-партызанаў устанавіў малалетні вязень фашызму Анатоль Скачак. А нядаўна тут з'явілася архітэктурная кампазіцыя «Арка мудрасці», якая, па задуме аўтара, сімвалізуе прымірэнне раней ваюючых бакоў. Гэта не проста сямейны помнік, а даніна памяці ўсім тым, каго так ці інакш закранула Вялікая Айчынная вайна.

17-30

У партызанскім лагеры

Пра вайну Анатоль Скачак ведае не па чутках. Хоць яму не было і трох гадоў, калі яна пачалася. Бацька, Васіль Нікіфаравіч, які быў старшынёй сельскага Савета, на фронт не трапіў — яго пакінулі для арганізацыі партызанскага руху. Неўзабаве ён захварэў на запаленне лёгкіх.

— Мама не магла яго выратаваць: лекі былі ў дэфіцыце, — успамінае Анатоль Васільевіч. — Аднойчы бацька паклікаў мяне да сябе і сказаў: «Слухай маму!» Мы пахавалі яго ў лютым 1942 года. На могілкі я ехаў на труне. Камень, на якім яна стаяла, праз некалькі дзесяцігоддзяў забраў да сябе на сядзібу. Цяпер ён нагадвае мне пра бацьку.

Маці, Любоў Сямёнаўна, засталася адна з траімі дзецьмі. Партызаны папярэдзілі: гітлераўцы ведаюць, кім быў гаспадар. Трэба было ўцякаць. Запрэглі карову ў сані, закінулі ў іх свінню і зімовай ноччу, у завею, падаліся ў лес. Размясціліся ў лагеры пры партызанскай брыгадзе «Полымя». Маці гатавала партызанам ежу. Куды народныя мсціўцы — туды і яны. І так амаль два з паловай гады.

— Падчас адной з варожых блакіровак мы не паспелі ўцячы, — расказвае Анатоль Скачак. — Схаваліся ў зямлянцы. Мне добра запомнілася, што з намі былі дзве яўрэйскія дзяўчынкі. У зямлянку зайшлі немец з паліцаем. Апошні ведаў маму. Пытае: «Юда?» (маўляў, яўрэі). «Не, — кажа мама, абдымаючы іх. — Гэта ўсе мае». Паліцай змаўчаў, немцы паверылі.

Па хлеб — «на каўбасе»

Калі маці Анатоля Скачака пасля вайны атрымала «сталінскі крэдыт», вырашыла вяртацца з Мінска ў родную вёску: жыць у сталіцы станавілася ўсё складаней. Сабрала сыноў, выгнала карову — і ў дарогу. У Мар'інай Горцы, куды прыйшлі, Любоў Сямёнаўну прызначылі начальнікам пошты і ашчадкасы.

— Сёння ніхто і не памятае, што такое «сталінскі крэдыт», — працягвае суразмоўца. — Мы атрымалі 25 тысяч рублёў. Многа гэта ці мала, мяркуйце самі: заробак у мамы быў 600 рублёў. За гэтыя грошы, напрыклад, можна было набыць пуд хлеба. Толькі дзе? У Мінску па тым часе хлеб прадавалі толькі ў трох месцах: у раёне Дома ўрада, каля Опернага тэатра і Дома афіцэраў. Чэргі вялізныя! Прыедзеш у горад — і перад табой паўстаюць гэтыя тры будынкі. Здавалася, былі толькі яны і разваліны. Бывае, на аўтобусе (хадзілі невялікія) праедзеш. Чапляліся за вяроўку — называлася, праехаць «на каўбасе».

Злодзей з Грушаўкі

«Сталінскі крэдыт» вырашылі патраціць на новую хату. Самі рыхтавалі лес. Жанчына і падлеткі. На выпадак, калі яго ўкрадуць, дзеці выпальвалі ў тарцах бярвення літары «СЛ», што азначала Статкевіч Люба. Гэта іх і выратавала.

— Аднойчы мы прыйшлі са школы, а лесу няма, — узгадвае Анатоль Васільевіч. — Мама — у плач! Мы прачэсваем усё да Чэрвеня, Асіповіч, Мар'інай Горкі, Пухавіч. Дайшлі ажно да Мінска. І знайшлі! Знаёмыя літары ўбачылі на адным з падворкаў у Грушаўцы. Хацелі заявіць у міліцыю, але пашкадавалі злодзея.

Лес прывезлі на новае месца — у Чырвоны Кастрычнік, што таксама на Пухаўшчыне. Любоў Сямёнаўна ведала, што неўзабаве вёска стане цэнтрам сельсавета і пошта пераедзе сюды. Хату будавалі якраз насупраць будучай пошты. Кожны дзень, каб трапіць на будоўлю, пераадольвалі 15 кіламетраў.

Ракі для Якуба Коласа

У Чырвоны Кастрычнік пераехалі толькі ў 1950 годзе. У вёсцы школы не было. Хадзілі ў Пухавічы, за дзесяць кіламетраў. Калі на ровары пад'едуць, зімой — на лыжах. У вольны час дзеці лавілі ў Балачанцы рыбу. Побач з ракой знаходзілася дача Якуба Коласа.

— Часта пасля школы лавілі ракаў і чакалі, пакуль будзе ехаць пісьменнік, каб прадаць яму свой улоў, — успамінае дзіця вайны. — Машына ў Якуба Коласа была замежная. Едучы ўздоўж ракі, спыняўся. Купляў у нас ракаў. Грошы за іх даваў добрыя. За іх, напрыклад, можна было купіць 8 кілаграмаў цукерак.

17-32

Як повар бомбу здаваў

У пасляваенны час дзеці як маглі імкнуліся зарабіць. Здавалі ягады, грыбы, металалом. Аднойчы ў лесе Толік натрапіў на вялікую бомбу — кілаграмаў сто. Нейкім чынам перакуліў на тачку і прыцягнуў у вёску. Пакуль думаў, колькі за яе атрымае грошай, суседзі паднялі гвалт. Маці, якая прыбегла на шум, выклікала з Мар'інай Горкі вайскоўцаў. Бомбу абясшкоджвалі на палігоне: як рванулі, дык ва ўсёй вёсцы шыбы трэсліся. Потым усе адзін аднаму расказвалі, як повар (дзіцячая мянушка Анатоля Скачака) бомбу здаваў.

У двух універсітэтах

Скончыўшы школу, хлопец паехаў паступаць у Інстытут механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Хацеў быць толькі кіроўцам: за рулём газагенератарнай машыны сядзеў амаль з самага дзяцінства. Але не атрымалася. Падаў дакументы ў лесатэхнічны тэхнікум. Працаваў галоўным механікам сплаўной канторы ў Віцебску, як прызвалі ў войска. «Мы якраз з таварышамі набылі спартыўныя касцюмы, — працягвае Анатоль Васільевіч. — І гэта, відаць, было наканавана лёсам: на маскоўскім вакзале адбіралі тых, хто добра апрануты. Трапілі ў тэхнічную роту бранятанкавай акадэміі імя Сталіна».

У войску заўважылі спартыўныя здольнасці Анатоля Скачака. Займаўся гандболам, лыжамі. За спартыўныя дасягненні атрымліваў заахвочванні. Адным з іх стаў адпачынак. Паехаў на радзіму. Па дарозе дамоў заехаў у Мінск і цішком падаў дакументы і ў Інстытут фізкультуры, і ў політэхнічны. Паступіў у абодва. Так і бегаў туды-сюды: добра, што побач знаходзіліся. Прыйшоў час, калі трэба было выбіраць. «Кідай бегатню», — настойвала маці. І кінуў. Супакойвала тое, што юнак уваходзіў у зборную палітэха па гандболе: любімай справай займацца ўсё ж мог. А неўзабаве стаў майстрам спорту па гандболе і лёгкаатлетычным дзесяцібор'і.

На прыём да Грамыкі

Не адно працоўнае месца змяніў за сваё жыццё Анатоль Скачак. Нямала часу прысвяціў лёгкай вытворчасці. Яго распрацоўкі былі прадстаўлены на міжнароднай выставе «Абутак-69», дзе ён удзельнічаў ад ВДНГ. Дзясяткі вынаходніцтваў, многія з якіх укаранілі ў вытворчасць, ажыццявіў падчас працы на «Інтэграле». Галоўны спецыяліст па спецыяльных пакрыццях сэканоміў прадпрыемству не адзін кілаграм золата.

Каб расказаць пра цяжкасці перадавога прадпрыемства Беларусі, ён запісаўся нават на прыём да міністра замежных спраў Андрэя Грамыкі.

— Расказаў яму аб тым, на чым можна сэканоміць, у тым ліку на працаўніках: у сувязі з новымі тэхналогіямі «Інтэграл» не меў патрэбы ў вялікай колькасці кадраў, — гаворыць Анатоль Васільевіч. — Міністр уважліва выслухаў і пагадзіўся, што пытанні вельмі актуальныя.

У 1997 годзе Анатоль Скачак стаў заслужаным работнікам прамысловасці БССР. Вядома, за свае вынаходніцтвы.

Справа гонару

Сёння Анатоль Скачак — на заслужаным адпачынку. Праўда, пенсіянерам назваць яго складана. Ён вядзе актыўны лад жыцця.

— У першую чаргу, я выконваю матчын наказ, — прызнаецца ён. — Перад смерцю яна прасіла мяне захаваць радавую сядзібу і зрабіць усё магчымае, каб увогуле больш не было вайны.

Сядзібу захаваў. Прывёз туды камень, на якім стаяла бацькава труна. Зрабіў з яго памятнае месца. На магіле бацькоў абуладкаваў невялікі мемарыял. Непадалёк архітэктурнай кампазіцыяй «Арка мудрасці» ўвекавечыў не толькі памяць родных, а і ўсіх ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Распрацаваў нагрудны знак «Вязню нацызму», які ёсць у многіх беларусаў, што трапілі ў канцэнтрацыйныя лагеры.

Вядома, другі матчын наказ — каб не было вайны — выканаць Анатоль Васільевіч адзін не ў сілах. Але ён верыць, што мір на зямлі залежыць ад кожнага з нас. І мае рацыю.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.