Вы тут

Ці трэба кантраляваць сацыяльныя сеткі?


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сустрэліся з членамі Рэспубліканскага маладзёжнага савета.

Мэта сустрэчы — абазначыць праблемы, якія тычацца рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Як паведаміла журналістам дэпутат Інэса Кляшчук, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве, старшыня Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры міністры адукацыі, ад членаў савета ўжо паступілі прапановы аб неабходнасці рэгулявання зносін моладзі ў сацыяльных сетках.

Старонкі без «смецця»

— Вы ведаеце, сёння наша моладзь у асноўным кантактуе праз інтэрнэт, — канстатавала дэпутат. — Трэба адсочваць звесткі, якія там распаўсюджваюцца. Расказваць маладым людзям, якую інфармацыю можна выкладваць на свае старонкі, а якую нельга.

Ідэю аб неабходнасці рэгулявання сацыяльных сетак падтрымлівае і Міхаіл Жураўкоў, міністр адукацыі.

— Натуральна, гэта неабходна, — упэўнены ён. — «Смецце», якое зараз там ёсць, усёдазволенасць — такога не павінна быць. Трэба, па-першае, усё-такі глядзець, што там размяшчаецца, па-другое, любы сродак масавай інфармацыі павінен і вучыць, і кіраваць, і выхоўваць. Дэмакратыя не павінна асацыявацца з поўнай анархіяй.

Дапамагчы маладым

Рэспубліканскі маладзёжны савет быў створаны 16 лістапада гэтага года. Ён лічыцца дарадчым кансультацыйным органам пры міністры адукацыі. Яго задача — дапамагаць у прыняцці рашэнняў, якія тычацца рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў нашай дзяржаве. Трэба сказаць, што ў Беларусі прыкладна 2 мільёны 200 тысяч маладых людзей, гэта каля 27% ад агульнай колькасці насельніцтва. Працуе прыкладна 270 маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб'яднанняў.

— У краіне моладдзю займаецца шмат дзяржаўных структур, грамадскіх аб'яднанняў, — адзначыў міністр адукацыі. — Каардынуючага, на маю думку, органа, які б сачыў за працай усіх дзяржаўных арганізацый, грамадскіх структур па стратэгіі развіцця маладзёжнай палітыкі, не хапала. Таму мы вырашылі зрабіць такі маладзёжны савет, куды ўвайшлі прадстаўнікі арганізацый, дзяржаўных структур для таго, каб абмяркоўваць розныя аспекты жыццядзейнасці нашай моладзі, не толькі студэнцкай.

Па словах Міхаіла Жураўкова, у савеце будуць разглядаць стратэгію маладзёжнай палітыкі, актуальныя праблемы, якія цікавяць моладзь нашай краіны. Не застануцца ўбаку і розныя бытавыя аспекты, такія як зарплата, жыллё, атрыманне адукацыі, павышэнне кваліфікацыі. Абмяркоўвацца будзе і прасоўванне моладзі па службе, прадастаўленне маладым людзям кіруючых пасад.

— На маю думку, у нас ёсць некаторыя праблемы з прасоўваннем моладзі па службовай лесвіцы, — прызнаўся Міхаіл Жураўкоў. — Гэта звязана не толькі з тым, што моладзь «не пускаюць». На жаль, не заўсёды маладыя людзі самі імкнуцца да гэтага, паколькі гэта вельмі нялёгкая праца. Акрамя таго, не заўсёды хапае кваліфікацыі, спецыяльнай падрыхтоўкі.

У цэнтры дзяржаўнай палітыкі

Міністр паведаміў, што савет вельмі цесна ўзаемадзейнічае з парламентарыямі, якія разглядаюць пытанні маладзёжнай палітыкі. Так, на кожнай сесіі дэпутаты разглядаюць і прымаюць праекты законаў, якія закранаюць пэўныя аспекты маладзёжнай палітыкі.

Аляксандр Цацоха, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, падкрэсліў, што абарона правоў і інтарэсаў моладзі замацавана і ў Канстытуцыі.

— Сёння сфера абароны правоў і інтарэсаў моладзі рэгулюецца 8 кодэксамі, 20 законамі, прыкладна 40 указамі Прэзідэнта і больш чым 100 пастановамі ўрада, — удакладніў ён. — Менавіта дзяржава бярэ на сябе абавязкі стварыць усе неабходныя ўмовы для вольнага і эфектыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным, сацыяльным і культурным развіцці краіны.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».