Вы тут

Гасцям заўжды рады


З набліжэннем навагодніх свят айчынныя тураператары ўсё больш актыўна рыхтуюцца да прыезду замежных гасцей.

Для турыстаў арганізоўваюцца экскурсіі на любы густ. Усе ахвотныя таксама могуць наведаць Белавежскую пушчу ці ўбачыць культурную спадчыну Беларусі на аграсядзібах. Варта адзначыць, што турфірмы сталі больш гнуткімі ў сваёй цэнавай палітыцы, што робіць турыстычныя паслугі больш даступнымі.

Найбольш зацікавіліся турысты з Кітая і Венгрыі

Год для турызму цяжка назваць простым. Праз эканамічную і фінансавую нестабільнасць у многіх краінах свету гэты турыстычны сезон для Беларусі, напэўна, самы складаны за апошнія 7-8 гадоў. Як адзначае дырэктар Дэпартамента па турызме Мінспорту і турызму Вадзім Кармазін, гэта адчулася найперш з прычыны прыхільнасці да расійскага рынку, які прасеў на 40%. Але зараз сітуацыя пачынае паляпшацца. Паводле ацэнак некаторых расійскіх СМІ, суседзі выбіраюць зімовы адпачынак у Беларусі. Нашы здраўніцы, аграсядзібы, гарналыжныя комплексы карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Санаторыі і гасцініцы браніруюцца на Новы год загадзя. Попыт ёсць і на экскурсіі. За кошт гэтага і навагодніх праграм страчаны летам паток турыстаў аднаўляецца. Па краіне база гасцініц загружана на 40%, у сталіцы на 42%. Летась гэтыя паказчык былі на ўзроўні 32-33%. Таксама, па статыстыцы Нацбанка, расіяне сталі на 4% часцей ездзіць у дзелавыя паездкі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

«Тым не менш, пакуль бачым, што расіян на навагоднія святы ў нас будзе на 10-12% менш, чым у мінулым годзе. Спад цікавасці на паездкі да нас таксама ёсць з боку Германіі і Польшчы — на 30%. Затое на 14% больш стала турыстаў з Кітая і на 23% з Венгрыі», — адзначае Вадзім Кармазін.

Каб не быць прывязанымі да расійскага рынку, Мінспорту і турызму стараецца прыцягваць турыстаў з іншых краін. Найперш з Еўропы, Кітая і Турцыі. Надзеі ўскладаюцца і на В'етнам, з якім плануецца падпісаць праграму супрацоўніцтва на 2016—2018 гады.

Адмаўляюцца ад Еўропы

Вадзім Кармазін адзначыў, што па выязным турызме ў Беларусі няма такіх праблем, якія сёння назіраюцца ў Расіі. За 9 месяцаў адзначаны рост выязнога турызму па напрамках Турцыі (10%), Балгарыі (11%), Егіпта (15%), Грэцыі (10%). Што тычыцца егіпецкага і турэцкага варыянтаў адпачынку, то ад іх былі адмовы, аднак беларускі турбізнес падышоў да вырашэння пытання з сацыяльнай адказнасцю. Такія паездкі альбо адкладаліся на наступны год, альбо турыст атрымліваў альтэрнатыўную замену — Грэцыя, Іспанія, Турцыя.

Самалёты да сярэдзіны кастрычніка працягвалі вылеты ў Турцыю, а цяпер яны спыненыя з прычыны заканчэння сезона. Чартары на навагоднія святы ў Егіпет загружаюцца на 100%. Дарэчы, адпачынку ў гэтай краіне зараз цяжка знайсці альтэрнатыву. Напрыклад, Мексіка і Шры-Ланка не зусім падыходзяць праз адлегласць, бо да Егіпта ляцець каля 4 гадзін. Таксама варта адзначыць, што з 10 снежня «Белавія» прыпыніла рэйсы на егіпецкі курорт Шарм-эш-Шэйх з камерцыйных прычын. Перыяд прыпынення палётаў пакуль што невядомы. Што тычыцца Хургады, то аб'ём палётаў застанецца нязменным. Цікава і тое, што колькасць расійскіх турыстаў, якія жадаюць паехаць у Турцыю ці Егіпет праз беларускіх тураператараў, засталася на ўзроўні мінулага года — не больш за 1% на борце.

Таксама беларусы часцей сталі адмаўляцца ад тураў у Еўропу. Гэта псіхалагічная рэакцыя на тое, што там адбываецца. У асноўным зрываюцца навагоднія туры ў Парыж, Амстэрдам, Прагу. У сувязі з гэтым тураператары ўсё часцей прапануюць вялікія зніжкі па гэтых напрамках.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».