Вы тут

Калегі па ЕC высока ацэньваюць наш вопыт па барацьбе з кантрафактам


У Беларусі праходзіць ІІІ Міжнародны форум «Антыкантрафакт-2015». У Мінску ўдзельнікі ЕАЭС разглядаюць пытанні мытнага, тэхнічнага рэгулявання, гарманізацыі заканадаўства ў сферы незаконнага абароту прамысловай прадукцыі, сумеснай абароны правоў інтэлектуальнай уласнасці і спажывецкага рынку. Форум упершыню ў гэтым годзе праходзіць не на тэрыторыі Расіі.

18-34

18-34

 

З каго браць прыклад

Як вядома, дагавор аб ЕАЭС забяспечвае свабоду руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, правядзення скаардынаванай або адзінай палітыкі ў розных галінах эканомікі. Адной з перспектыўных агульных задач ЕАЭС з'яўляецца правядзенне адзінага маніторынгу агульнага рынку, але яно пакуль не адлюстравана ў Дагаворы. З прычыны гэтага павялічваецца рызыка пранікнення на тэрыторыю ЕАЭС кантрафакту — падробленай прадукцыі.

Як лічыць дэпутат Дзяржаўнай Думы Расіі Таццяна Маскалькова, сярод усіх выклікаў сучаснасці карупцыя, кантрафакт, ценявы бізнес наносяць самы вялікі ўдар не толькі эканомікам дзяржаў, але і маральным асновам грамадства.

«Тыя, хто працуе сумленна, нясуць страты і расчароўваюцца, бо дзяржава не абараняе іх і спажыўца. Кантрафакт здольны разбурыць любую галіну эканомікі. У выніку абароту нелегальнай прадукцыі ў харчовай, лёгкай прамысловасці многія дзяржавы нясуць мільярдныя страты, таму што бюджэт не папаўняецца за кошт даходу ад якасных тавараў», — падкрэсліла Таццяна Маскалькова.

У той жа час калегі па ЕАЭС лічаць, што вопыт Беларусі па барацьбе з кантрафактам з'яўляецца адным з найлепшых у Еўразійскім саюзе. Справа не толькі ў заканадаўстве, але і ў дзеяннях улады, праваахоўных сістэм.

«У Беларусі не спускаюць тым, хто можа здзейсніць фальсіфікацыю. Акрамя таго, строгасць і няўхільнасць пакарання робяць сваю справу. Расіі трэба браць прыклад з Беларусі», — падкрэсліла Таццяна Маскалькова.

Адзіны брэндавы рэестр?

Член Калегіі (міністр) па эканоміцы і фінансавай палітыцы Еўразійскай эканамічнай камісіі Цімур Сулейменаў лічыць, што арыенцірам для партнёраў па ЕАЭС беларускую сістэму барацьбы з кантрафактам робіць сістэма штрыхкадзіравання, якая функцыянуе ўжо каля 10 гадоў па такіх ключавых пазіцыях, як алкаголь, бытавая тэхніка.

«Найбольш прыдатныя да фальсіфікацыі таварныя групы ў Беларусі знаходзяцца пад кантролем. Ёсць добрая інфармацыйная база і дакладна прапісаны абавязкі дзяржорганаў і бізнесу», — растлумачыў Цімур Сулейменаў.

Дарэчы, з наступнага года на еўразійскім узроўні плануецца выпрабаваць пілотны праект па маркіроўцы RFІD-пазнакамі футравых вырабаў. Калегі па
ЕАЭС запазычылі вопыт Беларусі і паклалі яго ў аснову еўразійскіх дакументаў. Гэты механізм, верагодна, запрацуе ўжо з 1 красавіка 2016 года.

Таксама Цімур Сулейменаў адзначыў, што ў краін — удзельніц ЕАЭС сёння няма прэтэнзій адна да адной, аднак ёсць агульнае жаданне наладзіць механізмы, накіраваныя на абарону аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, якія яшчэ не сталі адзінымі.

«Гэта павінен быць дакумент, дзе будуць зафіксаваны ўсе брэнды. Зараз ёсць нацыянальныя рэестры, якія не забяспечваюць цэласнасць даных. Нядобрасумленны імпарцёр усё яшчэ можа гэтым скарыстацца. Напрыклад, паглядзець на тавары, якія ёсць у расійскім рэестры, але няма ў беларускім, а потым правезці іх праз Беларусь. Адзіны рэестр будзе забяспечваць большую бяспеку для рынку ЕАЭС», — падкрэсліў член Калегіі па эканоміцы і фінансавай палітыцы ЕЭК

Сістэма нагляду за ўнутраным рынкам

Старшыня беларускага Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка адзначыў, што ў краіне выбудоўваецца сістэма нагляду за ўнутраным рынкам. Ён лічыць, што калі гаворка заходзіць пра кантрафакт, фальсіфікацыю, то мала якая з краін можа заяўляць аб сваёй паспяховасці. Вырашэнне гэтага пытання ўскладняецца адкрытымі межамі і цеснай звязанасцю рынкаў.

«У нашай краіне рашэннямі Прэзідэнта, урада выбудоўваецца сур'ёзная сістэма нагляду за рынкам. У ёй задзейнічаны адразу некалькі органаў дзяржкіравання — Мінгандлю, Міністэрства аховы здароўя, Дзяржстандарт, Мінсельгасхарч, МНС, МУС. Кожны з іх мае задачу і яе вырашае», — адзначыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Акрамя таго, Віктар Назаранка падкрэсліў, што ў Беларусі асаблівую заклапочанасць усё яшчэ выклікае кантрафактная прадукцыя лёгкай прамысловасці з прычыны таго, што на рынках прысутнічае шмат тавараў невядомага паходжання. Таксама старшыня Дзяржстандарту нагадаў, што з 1 студзеня 2016 года ў Беларусі ўступае ў сілу патрабаванне, згодна з якім прадукцыя лёгкай прамысловасці павінна мець дакументы, што пацвярджаюць яе бяспеку і легальнасць набыцця.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Калегі па Еўразійскім саюзе высока ацэньваюць наш вопыт па барацьбе з кантрафактам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.