Вы тут

Міраніка Март: «У бізнесе трэба ўмець хутка бегчы...»


18 снежня ў эфіры тэлеканала АНТ фінал рэаліці-шоу «Мой бізнес». На працягу трох месяцаў тэлегледачы маглі назіраць, як удзельнікі праекта прайшлі свой шлях станаўлення ад прэзентацыі ідэі да яе рэалізацыі. Тэлегледачы вызначылі ўладальніка грашовага прыза ў памеры 300 мільёнаў. Сярод найлепшых аказаліся вытворца тэкстылю «Трэнд-бай», стваральнікі «Мульцігрыля», прадпрымальнік з «Экалаўкай» і маладыя праграмісты з дадаткам для смартфонаў «Батл. мн». А напярэдадні запыталіся ў галоўнага рэдактара праекта Міранікі Март пра яе ўражанні ад беларускіх бізнесменаў, працы ў новым фармаце і падводныя камяні на шляху да поспеху.

18-4

Навізна — заўсёды перавага

— Міраніка, сёння фінал праекта «Мой бізнес». Якія вашы ўражанні ад удзельнікаў і каму можа належаць перамога?

— Ведаеце, у нас той выпадак, калі незразумела, хто пераможа, бо кожны прафесіянал у тым, чым займаецца. Нельга ж, напрыклад, параўнаць яблык і банан і вызначыць, ад якой садавіны больш карысці. У нас стартапы прадстаўнікоў з розных сфер. Як параўнаць прадукт ІТ і зборку мульцігрыляў? Яны проста розныя, як і ўсе ўдзельнікі нашага праекта. Усе фіналісты моцныя гульцы. Мы з імі прайшлі за час існавання праекта вялікі шлях, таму кожны мне ўжо як родны чалавек. Я таксама чакаю фіналу, каб убачыць, каму прысудзяць перамогу нашы тэлегледачы. Магчыма, кожны будзе галасаваць за тое, што яму бліжэйшае.

— Ці на роўных у такім выпадку канкурэнцыя?

— Справа ў тым, што ацэньваецца не сама ідэя, а шлях удзельніка ў праекце. У кожнага ментара перад паўфіналам з'явілася двое падапечных. Кожнаму з іх была выдзелена пэўная сума грошай для развіцця і заданне, а потым назіралі і ацэньвалі ўжо ў паўфінале, што ў каго атрымалася. Прычым глядзелі менавіта на эканамічныя паказчыкі і на іх аснове вызначалі фіналістаў. Лічбы, якія прэзентуюць удзельнікі, шчыра кажучы, уражваюць. Плюс ацэньваліся прыкладзеныя намаганні і стаўленне да справы. Усе фіналісты стараліся, і тое, што яны прайшлі гэтае выпрабаванне праектам, дазволіла ім вырасці. Я параўнала б удзел у праекце «Мой бізнес» з катапультай. Цябе запускаюць на новы ўзровень, дапамагаюць стартапу выйсці на новую арбіту ў развіцці. Такая магчымасць выпадае не часта і не кожнаму. І не ўсе гатовы пайсці на такія перамены. Як ні смешна тое прагучыць, але многім з нашых паўфіналістаў было боязна пакінуць зону камфорту. Часам людзям патрэбен проста спакой. А наш праект наглядна ілюструе, які вынік можна мець, калі аб'яднаць магчымасці са здольнасцямі людзей. Гэта па сутнасці формула нарошчвання бізнесу. Мы паказалі, што калі ў цябе з'яўляюцца магчымасці, то варта дзейнічаць, рабіць усё залежнае ад цябе. І толькі той, хто ўмее выжываць ва ўмовах канкурэнцыі, дасягае поспеху.

— Вы неяк адзначалі, што былі ў захапленні ад знаёмства з ментарамі праекта «Мой бізнес». Спасціглі нейкія сакрэты?

— Кожны з нашых ментараў мае багаты жыццёвы і прафесійны вопыт. Кантактуючы з імі, я атрымлівала шмат цікавай практычнай інфармацыі. Напрыклад, ад Аляксандра Паліўкі можна даведацца пра тое, якія банкаўскія праграмы падтрымкі сёння існуюць для малога бізнесу, а яшчэ крэдыты і іншыя інструменты, што могуць дапамагчы прадпрымальніку. Алега Хусаенава можна таксама слухаць бясконца. Мне вельмі падабаецца, як ён сказаў, што трэба ўмець прэзентаваць свой праект у ліфце. Літаральна за хвіліны выкласці сваю ідэю так, каб ёю зацікавіўся інвестар. Бізнес — гэта спаборніцтва, і ты павінен быць пастаянна «ўключаны» ў тое, што адбываецца ў тваёй сферы. Трэба ўмець хутка бегчы і быць першым у нейкіх рэчах. Вашай перавагай заўсёды будзе навізна.

Працэс здымак вельмі цяжкі і доўгі, але калі да нашых ментараў звяртаюцца па параду нават у перапынках, то кожны з іх знаходзіць час выслухаць, дапамагчы. Вельмі ўдзячная нашаму пастаяннаму вядучаму Дзянісу Кур'янаву, бо ён сапраўдны прафесіянал. Мы супрацоўнічалі з ім упершыню, але тое, як чалавек з усімі на роўных падтрымліваў дыялог (ён мае свой вопыт вядзення бізнесу), нам вельмі дапамагло. Увогуле, працавала над праектам вялікая каманда... Я бачыла, як людзі прыходзілі і прэзентавалі свае ідэі, а ментары слухалі іх з цікавасцю. І гэта ўжо двухбаковы абмен вопытам. Многім змаглі дапамагчы і па-за межамі тэлевізійнага праекта. Была ў нас прэтэндэнтка на ўдзел, якая прыйшла з ідэяй адкрыць дзіцячы садок для дзетак з аўтызмам. У жанчыны была бізнес-мадэль, але там немагчымы прыбытак. Звярнуўшыся да нас, яна паспрабавала прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы асаблівых дзетак. І ментары вырашылі агульнымі намаганнямі выдзеліць ёй грошы, неабходныя для адкрыцця гэтага спецыялізаванага дзіцячага садка. Ён ужо працуе.

Плюсы і мінусы з акцэнтам

— Кастынг перад запускам праекта ў эфіры паказаў, што людзей з жаданнем рэалізаваць сябе ў бізнесе шмат. На ваш погляд, ці спрыяльныя ўмовы ў нас для прыватнага бізнесу?

— Я рызыкнула б адкрыць сваю справу і патлумачу чаму. Тут, як у размове пра напалову пустую і напалову поўную шклянку, філасофскае пытанне. Зразумела, ёсць пэўныя праблемы, мы пра іх ведаем, чытаючы тыя ж СМІ. Але нячаста згадваем пра тое, што «шклянка напалову поўная», бо існуюць розныя нішы, дзе можна паказаць сябе. Увага большасці нашых людзей чамусьці факусіруецца на мінусах. У праекце «Мой бізнес» мы паспрабавалі паставіць акцэнты ў іншых месцах. Не малявалі карцінку, дзе ўсё добра, але паказалі людзей у рэальных умовах. Іх прыклады ілюструюць, што можа зрабіць прадпрымальнік, атрымаўшы фінансавую падтрымку і парады вопытнага ментара. Але ніхто за вас нічога не зробіць. У паўфінале мы маглі бачыць, як, атрымаўшы аднолькавыя грошы, людзі па-рознаму дзейнічалі. І мы паказвалі, з якімі праблемамі найчасцей сутыкаюцца прадпрымальнікі. Ёсць у нас праект, звязаны з дастаўкай фермерскіх прадуктаў. І яны па сутнасці першыя гульцы на гэтым полі, але няма каму дапамагчы ім выбудаваць закон, каб людзі маглі займацца сваёй справай. Ці прыклады з удзелам у выстаўках. Бізнесмену-пачаткоўцу за ўдзел у выставе за тры дні трэба заплаціць дзесяць мільёнаў. Дзе іх браць, калі бізнес яшчэ не дае прыбытку? Мы расказваем пра цяжкасці, аднак важна памятаць, што любое пытанне можна вырашыць і не варта засяроджвацца толькі на мінусах.

— Рэакцыя ўдзельнікаў на развіццё падзей, калі справа тычыцца крытыкі, канкурэнцыі, адрозніваецца ў кадры і за кадрам?

— Патлумачу на простым прыкладзе: у вас ёсць дзіця, за яго вы адказваеце 24 гадзіны ў суткі. Здараецца, калі бацькі няправільна сябе паводзяць, то і на паводзінах дзяцей тое адбіваецца. Але, пачуўшы крытыку, заўвагу, разумны бацька прыслухаецца. І будзе імкнуцца скарэкціраваць сітуацыю. Тое ж мы назіраем на праекце. Удзельнікі ставяцца да сваіх стартапаў, як да дзецішча, якое, з аднаго боку, хочацца абараняць, а з іншага — рабіць лепшым. Яны спрачаюцца ў нейкіх момантах з ментарамі, не ўсё і не заўсёды прымаюць. І гэта нармальна, як і тое, што немагчыма выйсці на новы ўзровень, нічым не ахвяраваўшы, не страціўшы. Аб такой рызыцы нашых удзельнікаў ментары папераджаюць. Трэба быць гатовым да выбару. На крытыку ўсе па-рознаму рэагуюць, але адэкватна. Хто хоча перамагчы, той прыслухоўваецца. Разам з тым у прадпрымальніка павінна быць сваё меркаванне.

Прагрэс і выбар курсу

— Беларускія людзі бізнесу, якія яны?

— Па маіх назіраннях у рамках праекта, нашых бізнесменаў можна дзяліць па рэгіёнах. Сталічныя прадпрымальнікі хутчэй прымаюць рашэнні, бо ў Мінску канкурэнцыя большая і яны разумеюць, што калі знаходзіш магчымасць, то важна яе не страціць. А бізнесмены з іншых гарадоў паводзяць сябе больш асцярожна. І, мабыць, абедзве гэтыя якасці патрэбны, бо ў бізнесе трэба ўмець і хутка бегчы, і абдумваць свае наступныя крокі. Вялікі плюс нашых людзей таксама ў іх працавітасці. Праект скончыцца, але я хачу верыць, што нашым удзельнікам дапамогуць тыя якасці, якія яны тут набылі. Іх навучылі глядзець наперад і будаваць доўгатэрміновыя планы. Мэта любога бізнесу — атрыманне прыбытку. І трэба ўмець зрабіць дакладныя крокі, каб яго атрымаць. У кожнага з нашых гульцоў ёсць вынік і прагрэс, таму паглядзім, каго выберуць тэлегледачы.

— Праца на праекце «Мой бізнес» і вам дала новы вопыт...

— Гэты праект мы зрабілі ў новым фармаце. Колькі я працую на тэлеканале АНТ, увесь час займаюся праектамі, дзе ёсць месца псіхалогіі. Увогуле, мне падабаюцца жывыя праекты, калі яны змяняюць не толькі ўдзельнікаў, але і людзей па той бок экрана. Не проста з'яўляецца водгук у стылі «Ой, ну што там зрабілі на беларускім тэлебачанні», а ўзнікае жаданне падумаць пра ўласнае жыццё. І ў праекце «Мой бізнес» мне цікава назіраць за тым, як змяняюцца ўдзельнікі, як будуюць узаемаадносіны. Гэта дазволіла мне самой адкрыць для сябе свет прадпрымальнікаў, дзе людзі, насуперак любым перашкодам, усё роўна вераць у сваю справу і працягваюць займацца ёю. Мне такая праца дала добры вопыт, якім хочацца дзяліцца.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.