Вы тут

Як “Калыханка” вучыла беларусаў замежжа (ФОТА)


Узорны дзіцячы фолк-гурт з аграгарадка Міханавічы Мінскага раёна ўдзельнічаў у творчай сустрэчы з суайчыннікамі, якія жывуць далёка ад радзімы, але па-ранейшаму цікавяцца сваімі вытокамі і хацелі больш ведаць пра народную культуру.

Ужо не першы раз у Беларусь прыязджаюць прадстаўнікі беларускай дыяспары з розных краін па дзяржаўнай праграме “Беларусы ў свеце”, каардынатарам якой з’яўляецца Міністэрства культуры. Гэты адмысловы праект скіраваны на забеспячэнне комплекснага ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб'яднанняў Беларусі з суайчыннікамі замежжа, далучэнне беларускай дыяспары да ўдзелу ў рэалізацыі праграм сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця нашай краіны, захаванне і падтрымку яе нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці. Мэтай Праграмы з'яўляюцца і стварэнне сістэмы дзяржаўнай падтрымкі, і развіццё партнёрскага супрацоўніцтва з беларусамі замежжа ў сацыяльна-эканамічнай, інфармацыйнай, адукацыйнай, культурнай і іншых сферах.

З 13 па 18 снежня Мінск наведала чарговая група з 20 чалавек з Расіі, Эстоніі, Літвы, Польшы, Францыі, Італіі, Іспаніі, якія тым ці іншым чынам звязаны з беларускай культурай. Большасць з гэтых людзей кіруе творчымі калектывамі, з’яўляюцца актыўнымі папулярызатарамі беларускай народнай культуры за мяжой. Дзякуючы ім за межамі радзімы ведаюць нашу нацыянальную самабытнасць, праводзяцца канцэрты, святы і фестывалі.

Гэтым разам у рамках праекта прайшлі курсы па пашырэнні ведаў па захаванні, развіцці і трансляцыі народнай культуры. Таксама адбыліся майстар-класы па засвойванні народных промыслаў і рамёстваў, вакальна-харавой і харэаграфічнай творчасці, абрадава-святочнай культуры. І адно такое мерапрыемства адбылося на базе Міханавіцкага Дома фальклору.

У невялікім дамку на ўскраіне аграгарадка, дзе ўжо больш за чвэрць стагоддзя  збіраюцца аматары народных спеваў, прыйшлі цяперашнія выхаванцы “Калыханкі” – вучні пачатковых класаў і тыя, хто ўжо выйшаў з гэтай узроставай катэгорыі, але па-ранейшаму застаецца спяваць, паказваць багатую песенную спадчыну, дапамагаць кіраўніку і стваральніцы калектыву Ларысе Рыжковай. Калыханцы паказалі землякам, як праводзяцца традыцыйныя дзіцячыя гульні, спявалі абрадавыя песні. Маленькія артысты, апранутыя ў народныя строі, заўсёды дэманструюць прыклад і ўзор паважнага стаўлення да народнай культуры. Дарэчы, “Калыханка” – адзіны ў краіне калектыў, які збірае дзіцячую гульнявую спадчыну. У скарбонцы гурта народныя гульні амаль з усіх рэгіёнаў Беларусі.

-- На гэтым майстар-класе мы паказвалі сваю методыку, як далучыць дзяцей да фальклору, як развіваць у іх пачуццё песні праз гульнявыя гукі і галасы, -- кажа руплівая захавальніца Ларыса Рыжкова. -- І таму мы заўсёды гуляем ў тыя гульні, якія спрадвеку гулялі і нашыя продкі, калі яны былі дзецьмі. Гульні, у якіх дзеці фантазіруюць і вучацца супольна спяваць, праводзіліся ў полі, ў двары, у хаце, яны мадэліруюць сітуацыі земляробчых абрадаў.

Некаторыя з гасцей дзякуючы калыханцам упершыню ўбачылі, як гуляюць у “Мак”, “Верабейку”, Грушку”, “Проса”, “Ваўка і авечку”, “Трыфана”. Незвычайны ўрок з калыханцамі прайшоў не дарма: нашыя землякі павязуць у “свет далёкі” нашыя найстаражытныя песні і гульні.

Анатоль Кляшчук,

фота аўтара

 


Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.