Вы тут

Наступны год у эканоміцы — без шокаў


У пятніцу кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў тры ўказы, якія тычацца быццам бы розных сфер, тым не менш усе яны звязаны паміж сабой. «Звязда» звярнулася да дэпутата Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Валерыя БАРАДЗЕНІ з просьбай пракаментаваць гэтыя дакументы. Указам №504 ад 18 снежня 2015 года кіраўніком дзяржавы вызначаны ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы ўрада Беларусі і Нацыянальнага банка. Пастаўлена задача дасягнення росту: ВУП — не менш за 0,3%, вытворчасці працы — не менш за 1,5%, экспарту тавараў і паслуг — не менш за 3,5%, даходаў насельніцтва — не менш за 0,5%. Як адзначылі ў Міністэрстве эканомікі, увядзенне сістэмы ключавых паказчыкаў эфектыўнасці з'яўляецца навацыяй. Савету Міністраў даручана вызначыць ключавыя паказчыкі эфектыўнасці і работы кіраўнікоў міністэрстваў, канцэрнаў, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, а таксама арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы або ў статутных фондах, дзе палова і больш акцый належыць дзяржаве. Другі ўказ, №505, зацвердзіў асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на наступны год. Так, у 2016 годзе прыярытэтнай мэтай названа зніжэнне інфляцыі да 12 працэнтаў. — Гэта цалкам дасягальная мэта, і мы ў 2016 годзе выйдзем на гэту лічбу, — лічыць Валерый Барадзеня. — Такі падыход не прадугледжвае шокаў у эканоміцы. Калі ў Авальнай зале зацвярджалася названая лічба, выказваліся прапановы замахнуцца і на большае зніжэнне. Але, калі б мы спрабавалі больш зніжаць інфляцыю, гэта магло б адбіцца на рэальным сектары і было б падобна на «зацісканне гаек». Найважнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны вызначаны, зыходзячы з рэальных паказчыкаў. Пры прыняцці законаў мы абапіраліся на ўсе лічбы (валавы ўнутраны прадукт, вытворчасць працы, экспарт тавараў і паслуг), якія мелі на той момант. Так, паказчык па ВУП сёлета знаходзіўся на стабільным узроўні: ён не рос, але і не зніжаўся. Калі мы зможам захаваць эканоміку на ўзроўні, які маем, гэта будзе ўжо добрым дасягненнем. Сёння цяжка прадказаць, колькі будзе каштаваць нафта. Таксама трэба сачыць і за курсам расійскага рубля. Безумоўна, год будзе складаным. Але ўсе лічбы, якія зацверджаны законамі, рэальныя. Давайце не забывацца, што дабрабыт краіны залежыць ад кожнага з нас, ВУП залежыць ад работы кожнага канкрэтнага чалавека на сваім працоўным месцы. Я лічу, што для моцных людзей і краін час крызісу — гэта час магчымасцей. Калі звярнуцца да гісторыі, можна заўважыць, што падчас сур'ёзных цыклічных спадаў у сусветнай эканоміцы знаходзіліся краіны, якія развіваліся. Напрыклад, Сінгапур і Ганконг. Нам таксама трэба шукаць шляхі для росту, вызначыць прыярытэты ў эканоміцы. Яшчэ адзін дакумент, указ №503, тычыцца маладых і шматдзетных сем'яў. Так, памер фінансавай падтрымкі, якая будзе прадастаўляцца ім, вырасце ў два разы. — Безумоўна, унясенне змяненняў і дапаўненняў ва ўказ «Аб прадастаўленні маладым і шматдзетным сем'ям фінансавай падтрымкі дзяржавы» — гэта своечасовыя меры, якія тычацца дэмаграфічнай палітыкі, — адзначыў Валерый Барадзеня. — Неабходна ствараць умовы, каб сем'і рашаліся нараджаць дзяцей, гэта аснова бяспекі нацыі. Сёння ў многіх багатых краінах невысокая нараджальнасць. Дэмаграфічная бяспека падтрымліваецца за кошт эмігрантаў. Мы спадзяёмся, што Беларусь знойдзе ўнутраныя сілы, каб вырашыць такую праблему, што ў нашых сем'ях будуць нараджаць больш дзяцей. Варта аказваць шматдзетным сем'ям і грамадскую падтрымку, піярыць іх, знаёміць людзей з паспяховымі, добрымі сем'ямі. Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.