Вы тут

Замест смеццеправодаў — новыя кантэйнеры


А мінчан заахвоцяць дыферэнцаванымі тарыфамі.

Налета ў сталічных шматпавярховіках плануюць заварыць каля тысячы «ствалоў» смеццеправодаў. Добра гэта ці дрэнна? Гарадскія ўлады лічаць, што такім чынам з'явіцца стымул для асобнага збору смецця мінчанамі.
23-7

 Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

 

У Мінску цяпер перапрацоўваецца не менш як 30% сабраных насельніцтвам другасных рэсурсаў. Яшчэ год таму гэтая лічба складала прыкладна 17%. Як праінфармавала намеснік генеральнага дырэктара «Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі» Галіна ГІЛЕВІЧ, у сталіцы для асобнага збору цвёрдых бытавых адходаў (паперы, шкла, пластыку) добраўпарадкавана 31 новая пляцоўка і рэканструяваны 52.

— Для правядзення адзінай тэхнічнай палітыкі прынята рашэнне на ўзроўні Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі пра выкарыстанне ацынкаваных кантэйнераў, — адзначыла намеснік гендырэктара прадпрыемства.

Кожны год у сталіцы ўсталёўваецца каля 1,5 тысячы новых кантэйнераў для асобнага збору смецця. З 2013 года на гарадскіх вуліцах сталі з'яўляцца еўракантэйнеры для другаснай сыравіны. Яны ў 1,5 раза большыя па аб'ёме, чым стандартныя, што дазваляе скараціць колькасць гэтых ёмістасцяў у дварах. Акрамя таго, з іх дапамогай забяспечваецца больш якасны збор другаснай сыравіны, бо за кошт закрытай канструкцыі туды нельга выкінуць пакет са смеццем. У першую чаргу такія кантэйнеры размяшчаюцца ў цэнтральнай частцы горада, уздоўж каркасных вуліц і далей — у дварах. Усяго для сталіцы іх неабходна каля 15 тысяч. Налета па краіне плануюць устанавіць амаль 4 тысячы кантэйнераў для асобнага збору ДМР, з іх каля 1,3 тысячы — у сталіцы.

Тым часам сёлета ў Мінску было запланавана заварыць «ствалы» 452 смеццеправодаў у 113 жылых дамах.

— Паводле заканадаўства, каб заварыць смеццеправод, трэба атрымаць згоду жыхароў. За гэты год праведзена 328 сходаў, атрымана згода жыхароў 104 дамоў. Фактычна работа па закрыцці праведзена. Да канца бягучага года трэба выканаць заданне, закрыць пакінутыя смеццеправоды, — сказаў першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ.

Ён адзначыў, што да канца года Мінгарвыканкам сумесна з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі плануе ўнесці прапановы па мерах стымулявання насельніцтва, напрыклад, па ўвядзенні дыферэнцаваных тарыфаў.

Аднак старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац раскрытыкаваў адказныя службы горада за павольныя тэмпы гэтай працы. Паводле яго слоў, з жыхарамі варта больш актыўна праводзіць тлумачальную работу.

Неабходна сказаць насельніцтву, колькі каштуе дэзынсекцыя і дэратызацыя, колькі каштуе прыборка смеццеправодаў. Вы павінны былі сказаць: мы заварваем смеццеправоды, але пасля гэтага вы атрымаеце паасобны тарыф і мы робім вам дзіцячую пляцоўку ці іншыя даброты. Каб насельніцтва зразумела: за тое, што яно пазбаўляецца нейкага элемента камфорту, атрымлівае чысты пад'езд, эканамічны стымул і нешта ў двары, — сказаў старшыня Мінгарвыканкама і паабяцаў узяць гэтую тэму на асабісты кантроль.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.