Вы тут

Старшынства ў ЕАЭС перададзена Казахстану


У 2016 годзе Казахстан прымае ад Беларусі старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Адпаведнае рашэнне было падпісана падчас пасяджэння Найвышэйшага эканамічнага савета ЕАЭС на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, якое адбылося ў Маскве 21 снежня. Акрамя гэтага, падчас пасяджэння савета былі абмеркаваны іншыя актуальныя для ЕАЭС пытанні.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас саміту выказаў заклапочанасць у сувязі з новымі ўмовамі гандлю паміж Еўрасаюзам і Украінай.

— Вы ведаеце, што з 1 студзеня будучага года пачынае дзейнічаць пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паміж Украінай і Еўрапейскім саюзам, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Складаецца сур'ёзная сітуацыя ў адносінах да зоны свабоднага гандлю СНД. Не толькі ў Расіі, але ва ўсіх нас ёсць пэўная заклапочанасць з гэтай нагоды. Расійская Федэрацыя вяла перамовы з Еўрасаюзам на названую тэму. Як сёння далажыў віцэ-прэм'ер Шувалаў, ні пра што пакуль не дамовіліся і ёсць боязь, што і размовы больш не будзе да 1 студзеня. Ды ўжо і часу няма: яны ж усе на канікулы сыходзяць, а потым і мы ўслед за імі. Таму можа скласціся сітуацыя, калі тавар Украіны будзе замешчаны таварам Еўрасаюза ва Украіне, а іх тавар хлыне на нашу тэрыторыю. Або яшчэ больш, у нас асцярога, што тавар Еўрасаюза, па нулявой пошліне трапіўшы ва Украіну, калі мы не абараняемся, па зоне свабоднага гандлю СНД трапляе на тэрыторыю ўсёй Садружнасці.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Прэзідэнт Расіі падпісаў указ, які прадугледжвае меры абароны расійскага рынку, і паведаміў, што лідары краін ЕАЭС прынялі рашэнне на працягу першага квартала вывучаць сітуацыю цягам паўгода перайсці на электроннае дэклараванне тавараў, якія будуць перамяшчацца ў межах ЕАЭС.

«Прыклад гэтаму ёсць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Электроннае дэклараванне паміж Беларуссю і Расіяй. Як прапанаваў Ігар Шувалаў, мы можам узяць гэты варыянт або выпрацаваць нейкі новы. За паўгода мы разгледзім гэтыя варыянты».

Пра тое, што будучы год будзе няпростым, казаў і Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. «Мы надаём выключна важнае значэнне дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза, які мае вялікі патэнцыял для развіцця нашых краін, — сказаў ён, прымаючы эстафету старшынства ў ЕАЭС ад беларускага Прэзідэнта. — З улікам нестабільнасці сусветнай эканамічнай кан'юнктуры мы разумеем, што
2016 год будзе складаным і нам давядзецца працаваць у асаблівых умовах».

Прэзідэнт Казахстана адзначыў, што яго краіна падчас свайго старшынства надасць павышаную ўвагу пытанням стварэння зоны свабоднага гандлю паміж
ЕАЭС і Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва, а таксама развіцця эканамічнага супрацоўніцтва з Кітаем.

Пытанне аб спалучэнні ЕАЭС і эканамічнага пояса Шаўковага шляху стала асобнай тэмай на саміце. Старшыня Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысценка паведаміў журналістам, што па выніках першага паўгоддзя ЕЭК плануе пачаць работу па канчатковым узгадненні дарожнай карты спалучэння двух праектаў не толькі паміж краінамі — членамі саюза, але і з кітайскімі партнёрамі, каб у трэцім квартале наступнага года яна ўжо магла быць зацверджана.

Прамысловая і аграпрамысловая сферы, фінансавая, транспартная і інфармацыйная інфраструктуры названы прыярытэтнымі для супрацоўніцтва з КНР у рамках эканамічнага пояса Шаўковага шляху. «Сумесна з урадамі краін саюза вядзецца работа па падборы праектаў. Яны складуць аснову дарожнай карты», — паведаміў Віктар Хрысценка.

Апроч іншага, лідары краін ЕАЭС на маскоўскім саміце зацвердзілі новы склад Еўразійскай эканамічнай камісіі, у які ўвойдуць дзесяць чалавек: па два прадстаўнікі ад кожнай з пяці краін — удзельніц ЕАЭС.

Новы склад Калегіі ЕЭК пачне выкананне абавязкаў з 1 лютага 2016 года. Сам Віктар Хрысценка з 1 лютага складзе паўнамоцтвы яе старшыні: на папярэднім саміце прэзідэнты ЕАЭС зацвердзілі на гэтай пасадзе былога прэм'ер-міністра Арменіі Тыграна Саркісяна.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.