Вы тут

Каб ёлка не азмрочыла свята


Ціхі снежаньскі вечар. На вокнах прыватнага дома ў Мінску па-святочнаму пераліваецца рознакаляровымі агеньчыкамі электрычная гірлянда. Раптоўна кухня ў доме асвяцілася яркім агнём. Праз некалькі хвілін полымя разбушавалася ва ўсім памяшканні. Гаспадыню дома абудзіў брэх сабакі. Яна адчула пах дыму, выбегла з дома і выклікала ратаўнікоў. І толькі пасля ўзгадала, што перад тым, як класціся спаць, магчыма, не выключыла гірлянду.

23-28

Так разгортваліся падзеі два гады таму. Фінал гэтай гісторыі шчаслівы, калі не лічыць таго, што ў кухні згарэлі ўсе рэчы, а астатнія пакоі хаты полымя паспела закапціць, але туды не дабралася. Потым высветлілася, што пажар здарыўся праз кароткае замыканне электрычнай гірлянды, якую гаспадыня хаты своечасова не выключыла.

Як жа бяспечна сустрэць Новы год? Аб правільным выкарыстанні піратэхнікі мы расказвалі ў мінулым выпуску рубрыкі. Але ёсць тут і другі складнік — любімая ўсімі навагодняя ёлка. Проста прынесці з кірмашу і навесіць на яе гірлянду нельга. Таму карэспандэнт «Звязды» папрасіў кіраўніка Рэспубліканскага цэнтра прапаганды Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Алену Дзмітрук расказаць аб тым, як жа правільна выкарыстоўваць ёлку і яе атрыбуты, каб не сапсаваць сабе свята.

Выбіраем «зялёную госцю»

Калі вы хочаце набыць для святкавання Новага года «зялёную госцю» з лесу, то трэба зважаць на тое, ці ёсць у хаце маленькія дзеці ці хатнія жывёлы, якія могуць незнарок паваліць яе. Будзьце гатовы да таго, што з інтэрвалам у некалькі гадзін давядзецца прыбіраць вакол дрэва: елкі маюць уласцівасць скідваць хвою. Яна можа ўспыхнуць як запалка ад любой выпадковай іскры ці проста ад награвальнага прыбора. Менавіта таму ратаўнікі не рэкамендуюць трымаць ёлку ў хаце працяглы час. Як толькі дрэва пачало інтэнсіўна асыпацца, лепш вынесці яго з дома. Калі ж вы вырашылі абмежавацца штучнай прыгажуняй, то бярыце толькі тыя вырабы, якія прапіталі адмысловымі проціпажарнымі рэагентамі. Інфармацыю пра гэта можна знайсці на ўпакоўцы.

Якіх бы памераў і паходжання ні была елка, самае галоўнае — каб яна трывала стаяла. У грамадстве вялікую папулярнасць мае традыцыйнае вядро з вільготным пяском ці апілкамі. Такая няхітрая канструкцыя дазваляе перыядычна паліваць дрэва.

Але ратаўнікі раяць спыніцца на спецыяльных крыжавінах ці падстаўках, якія прадаюцца ў многіх гаспадарчых крамах. Выбар іх вельмі шырокі — пад любыя дыяметр ствала і вышыню. Прадаюцца і спецыяльныя падстаўкі з рэзервуарамі для вады. Для большай бяспекі пажадана паставіць ёлку ў тым пакоі, дзе вы бываеце найчасцей, каб звесці да мінімуму магчымасць знаходжання дзіцяці аднаго ля святочнага дрэва. Дываны і розныя пакрыцці падобнага кшталту лепш прыбраць. А ў ідэале трэба ставіць ёлку як мага далей ад тэлевізара, батарэй ацяплення і абагравальнікаў.

Сакрэты электрычных гірлянд

Ёлка без ілюмінацыі выглядае неяк не па-святочнаму. Таму яе ўпрыгажэннем даўно сталі самыя разнастайныя электрычныя гірлянды. Не трэба гнацца за вельмі таннымі электрагірляндамі кітайскага паходжання. Невядома, дзе і як іх збіралі. Сэканомленыя пару дзясяткаў тысяч рублёў могуць пасля адгукнуцца кароткім замыканнем і пажарам. Таму лепш крыху дабавіць грошай, але купіць нармальны тавар заводскай вытворчасці. Тое ж датычыцца і прыбораў, тэрмін эксплуатацыі якіх даўно скончыўся, але якія шмат у каго і дагэтуль ляжаць «у загашніку». Яны адрозніваюцца істотнай даўгавечнасцю і да таго ж вельмі ўстойлівыя да вільгаці. І, вядома ж, не пакідайце малых дзяцей сам-насам з уключанай электрагірляндай, яе зіхатлівыя агеньчыкі будуць вабіць іх з узмоцненай сілай.

Перад тым, як уключыць гірлянду, не будзе лішнім праверыць на трываласць ізаляцыю правадоў і месцы іх злучэння. Справа ў тым, што хваёвыя дрэвы гараць вельмі хутка. Пажарныя неяк правялі цікавы эксперымент: яны засякалі на таймеры, колькі часу трэба агню, каб знішчыць ёлку. Вынікі нярадасныя: штучным дастаткова 15 секунд, для натуральнага дрэва паказчык таксама не нашмат большы — прыкладна каля 40 секунд. Вільготнае дрэва гарыць даўжэй. Яшчэ адзін фактар, на які абавязкова трэба звярнуць увагу падчас выбару гірлянды, — гэта яе магутнасць. Кожны такі прыбор стварае нагрузку на электрычную сетку, здольнасці якой усё ж абмежаваныя. Таму не варта перабольшваць з колькасцю гірлянд. Калі падключыць больш за тры зіхатлівыя расцяжкі, сетка рызыкуе не вытрымаць. І ўвогуле, чым меншая магутнасць лямпачак, тым і награвацца яны будуць слабей. Таму лепш спыніцца на святлодыёдных вырабах. А вось вату, паперу і іншыя гаручыя матэрыялы ад ёлкі з электрагірляндамі лепш прыбраць як мага далей.

А што рабіць, калі ёлка, крый Божа, загарэлася? Першае — гэта абясточыць электрагірлянду. І тут жа абрынуць дрэва на падлогу. Для тушэння можна выкарыстаць падручныя сродкі — вогнетушыцель, пакрывала, коўдру з натуральных матэрыялаў. А вось штучную ёлку патушыць значна складаней. Вадой — нельга: могуць разляцецца іскры і падпаліць рэчы навокал. Калі агонь за 10-15 секунд не згас, застаецца толькі адно: тэрмінова пакінуць памяшканне, каб не надыхацца атрутнымі выпарэннямі, і выклікаць ратаўнікоў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.