Вы тут

У Мінск прывезлі гравюры, ацэначны кошт якіх складае 1,4 млн еўра


Насамрэч немагчыма вымераць коштам сэнс таго, што перадавалі ў сваіх творах два іспанскія мастакі — Франсіска Гоя і Пабла Пікаса. Іх творы — гэта выказванні, за якімі такі сэнс, што можна сказаць: гэта бясцэнна. «Сон розуму нараджае пачвар» напісаў Гоя. Гэтая фраза, якая насамрэч з'яўляецца назвай аднаго з твораў славутай серыі «Капрычас», ужо даўно жыве сваім жыццём. І справядлівая не толькі для Іспаніі больш як 200-гадовай даўніны. Мала таго, кожны можа яе «прымераць» на сваё ўласнае жыццё. [caption id="attachment_115929" align="alignnone" width="600"]Міністр культуры Барыс Святлоў (злева) і старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на выставе. Міністр культуры Барыс Святлоў (злева) і старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на выставе.[/caption] Гэтыя гравюры трэба глядзець. У іх усё, што справядліва і актуальна не толькі для аднаго народа, але наогул для чалавецтва, якое ў сваім імкненні наперад вельмі часта карыстаецца досведам, прыёмамі і патрабаваннямі мінулага, з якога, на жаль, не зрабіла высноў. Таму яшчэ адна серыя гравюр Гоі «Бедствы вайны» ўспрымаецца як надзвычай актуальная цяпер, калі дух вайны лунае над усім светам. А Гоя, здаецца, яго бачыў — і зрабіў партрэт. З яго гравюр гучыць крык. Адчай з-за таго, што ўсё пачварнае здараецца ў свеце па волі чалавека, які павінен быць стваральнікам. І як жа пасля гэтага не сказаць, што вялікія мастакі — гэта вялікія прарокі, толькі прамаўляюць яны інакш. Звяртаюцца праз вобраз — і ён адразу робіць сваю справу: фарміруе думку. 80 гравюр Франсіска Гоі, што прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, гэта пацвярджаюць. Філосаф. Мастак, які нёс святло нават у працах, дзе яго вельмі мала. Можа быць толькі іскрынка. Але кожны запаліць з яе агеньчык у самім сабе. І з ім ужо прыйсці да Пабла Пікаса, каб быць з яго гравюрамі на адной хвалі. Таму што ён — ужо агонь. У Мінск прыехалі 15 аркушаў графікі гэтага мастака. Сам па сабе факт адметны. А якая ў яго Іспанія! Гарачая, але ж вытанчаная, лёгкая, можа, недзе легкадумная (так здаецца). Адметны дух культуры, які ёсць толькі ў гэтай краіне, нікуды не падзеўся ў ХХ стагоддзі, калі ствараў Пікаса. Ён нават у тым, як рухалася рука мастака, які ствараў малюнак: лёгка, здаецца, у адно дакрананне. Але ў гэтай лёгкасці закладзена іспанская страсць, нястомная прага жыцця, адчуванне непаўторнасці моманту — рэальнага ці міфічнага. У нас выстаўлены гравюры да навелы Анарэ дэ Бальзака «Невядомы шэдэўр» і з серыі «Сюіта Валара», створаныя на заказ аднаго з парыжскіх арт-дырэктараў Амбрука Валара. І калі Гоя прымушае думаць, то Пікаса заклікае радавацца таму, да чаго прыйшлі і што носіце ў сабе. 23-40 Творчасць абодвух іспанскіх геніяў выйшла за межы іх роднай краіны. Таму што людзі, дзе б яны ні жылі, ствараючы свой свет, сутыкаюцца з аднолькавымі спакусамі, праблемамі, болем, шукаюць шлях выжыць і самазахавацца, натхняюцца тым, што дае сілы ісці далей — яркімі і адметнымі традыцыямі, шчырасцю і каханнем. Таму гэтых іспанцаў у выставачнай прасторы аб'ядналі канцэптуальна — з дапамогай рознакаляровых сцен. Кожная пафарбавана так, каб адпавядаць настрою твораў. Калі колер «Капрычас» Гоі фіялетавы, то гравюры Пікаса размешчаны на залаціста-жоўтых. Усё да дробязяў было ўзгоднена з іспанскім бокам, які прадстаўляла сярод арганізатараў у прыватнасці Каралеўская акадэмія прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда (заснаваная ў 1752 годзе каралём Іспаніі Фердынандам VІ). Прысутны на адкрыцці выставы ў Мінску прадстаўнік акадэміі — мастацтвазнаўца, скульптар і куратар выстаўкі Хуан Бордэс Кабальера — падкрэсліў, што характар народа адлюстраваны ў творах такіх мастакоў, як Гоя і Пікаса. Іспанія становіцца бліжэй дзякуючы арганізатарам, сярод якіх прадзюсарскае бюро «Берын Арт Менеджмент». Але гэты міжнародны праект — толькі частка таго культурнага супрацоўніцтва, якое ёсць паміж Беларуссю і Іспаніяй. Узгадваць можна нават гістарычныя сувязі з тых часоў, калі існавала дзяржава Рэч Паспалітая, якая валодала востравам і мела агульную мяжу з Іспаніяй. Была грамадзянская вайна ў ХХ стагоддзі, у якой прымаў удзел лётчык Грыцавец. І ў нашы дні супрацоўніцтва ідзе ў рэчышчы арганізацыі гастроляў беларускіх тэатраў, выставак і не толькі. Пра гэта разважаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Францыі і Каралеўстве Іспанія Павел Латушка: «Падрыхтаваны два важныя дакументы: міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне эканомікі і прамысловасці і праект мемарандума паміж міністэрствамі замежных спраў». З культурных праектаў у Беларусі варта чакаць выстаўку Эль Грэка з музея ў горадзе Таледа. Гэта будзе іншая Іспанія. Ларыса ЦІМОШЫК. tsimoshyk@zviazda.by  Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.